Халезін: Улады рыхтуюць вялікі распродаж — пачаліся перамовы па Беларускалію, Гродна-Азоту і БМЗ

Беларускія ўлады пачалі падрыхтоўку да вялікага распродажу флагманскіх актываў у эканоміцы. На сёння пачаліся перамовы па трох структурах, якія для Беларусі з’яўляюцца бюджэтаўтваральнымі: БМЗ, Беларуськалій і Гродна-Азот.


Сітуацыі з усімі трыма прадпрыемствамі з’яўляюцца зусім рознымі, але аб’яднаныя яны адным фактарам: беларускія ўлады хочуць атрымаць за іх значна больш таго, што за іх прапануюць, піша Мікалай Халезін, дырэктар Беларускага Свабоднага тэатра і выканаўчы дырэктар Creative Politics Hub .

Па Гродне-Азоце сітуацыя складаная з-за таго, што абсталяванне на прадпрыемстве састарэлае, а ўлады ацэньваюць яго, як быццам завод прайшоў поўнае пераўзбраенне.

На БМЗ пераўзбраенне якраз адбылося, але змена кіраўніцтва з грамадзянскіх асоб на супрацоўнікаў КДБ-ФСБ прывяла да сітуацыі, калі галоўнае металургічнае прадпрыемства Беларусі, якое мае кліентаў з сусветнага топ-спісу, апынулася на мяжы дэфолту. Сённяшні доўг БМЗ складае каля $1,4 млрд, і банкруцтва гэтай структуры можа пацягнуць за сабою калі не поўны калапс банкаўскай сістэмы, то гарантавана дэфолт Беларусбанка і Аграпрамбанка. Ёсць версія, што правальны менеджмент і выкарыстоўваўся для таго, каб збіць цану на БМЗ, і сям’я Лукашэнкі атрымала з гэтага буйны адкат.

Па Беларускалію запыт уладаў складае $10 млрд, але бок, які можа набыць прадпрыемства, прапануе максімальную цану ў $6 млрд. У куплі гэтага актыву зацікаўлены некалькі гульцоў, і адзін з іх расійскі бізнесмен Дзмітрый Мазепін, які пры дапамозе адраджэння картэлю можа выратаваць Уралкалій, які належыць яму, які знаходзіцца ў сур'ёзных даўгах, і які ён ужо неаднаразова спрабаваў прадаць, але пакупніка на гэты актыў не знайшлося.

Мяркуючы па тым, як актыўна Лукашэнка стаў весці перамовы па актывах, якія лічыў стратэгічнымі для краіны, і на продаж якіх не вырашаўся, на іх продажы ён хоча атрымаць максімальны прыбытак для сябе і сваёй сям’і, а заадно максімальна падоўжыць сваё знаходжанне ва ўладзе. Усё гэта адбываецца на фоне непацверджанай пакуль інфармацыі пра тое, што ўлады завышаюць аб’ём золатавалютнага запасу краіны на 30%.

Пакуль без адказу застаецца пытанне, ці вядуцца нейкія перамовы па продажы Мазырскага НПЗ і наваполацкага «Нафтана», якія ўваходзяць у пул самых дарагіх беларускіх вытворчых актываў.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: