Харчовыя дадаткі ў арганічнай прадукцыі — вымушаная неабходнасць. Пакуль

Міністэрства аховы здароўя Беларусі зацвердзіла спіс харчовых дадаткаў і тэхналагічных дапаможных сродкаў, якія дазваляецца выкарыстоўваць пры вытворчасці арганічных прадуктаў.

Фота з сайта growlab.club

Пастанова Мінздароўя № 63 утрымлівае пералік 46 дадаткаў з кодам Е і вобласцю іх прымянення. Нарматыўна-прававы дакумент павінен набыць моц у лістападзе бягучага года, паведамляе «Зялёны партал».

Нічога заганнага ў прымяненні харчовых дадаткаў пры вытворчасці арганічных прадуктаў няма. Гэта вымушаны крок, на які ідуць вытворцы, бо без дадаткаў прадукцыя будзе больш дарагая і менш устойлівая, падкрэслівае Лана Семенас, кандыдатка сельскагаспадарчых навук, экспертка па арганічным земляробстве, кіраўніца ўстановы "АграЭкаКультура".

Раней вытворцам арганічных прадуктаў дазвалялася дадаваць 5% неарганічных элементаў, цяпер толькі 1%.

"У краінах Еўрапейскага саюза існуе два падобных спісы: дадаткаў, што дадаюцца да прадуктаў, і таго, што выкарыстоўваецца ў працэсе вырошчвання і перапрацоўкі, але не з'яўляецца часткай прадукцыі. Напрыклад, тальк, які прымяняецца дзеля таго, каб штосьці не зліпалася, але перад спажываннем ён змываецца вадой. І варта адзначыць, што наш спіс адпавядае еўрапейскаму на 98%", — кажа Лана Семенас.

Вядома, што ў ідэале пры неабходнасці прымянення таго ці іншага дадатку да арганічных прадуктаў хацелася, каб ён быў цалкам натуральны: яблычная кіслата з яблыкаў, вінная — з вінаграду. Аднак гэта значна ўскладняе тэхналагічны працэс і вымушае падвышаць кошты на гатовыя прадукты. Таму пакуль, раіць экспертка, лепей набываць неперапрацаваныя прадукты, а сыравіну.

У цэлым жа, можна станоўча ацаніць з'яўленне такога кшталту спісаў, як і самога Закона "Аб вытворчасці і звароце арганічнай прадукцыі". На дадзены момант вядзецца распрацоўка падзаконных актаў, якія будуць скіраваныя на далейшае развіццё галіны.

Перашкодай гэтаму працэсу, на думку эксперткі, можа стаць Мытны саюз і спробы Расіі навязаць Беларусі ўласныя тэхнічныя стандарты, якія значна абмяжоўваюць магчымасці экспарту нашых прадуктаў на Захад.

"Было б добра, каб нашыя нарматыўна-прававыя акты адпавядалі еўрапейскім, каб можна было прызнаць нашую сертыфікацыю роўнай заходняй. Прыняўшы расійскія ўмовы, мы зможам гандляваць на Расію. І тое, гэта будзе пад пытаннем, хаця рынак там вялікі. Але, каб не здарылася так, што ва ўсім свеце арганічная сельская гаспадарка — гэта тое, што ўсе ведаюць, а ў нас і ўсходняга суседа — фэйкавая з'ява", — падкрэслівае Лана Семенас.

Сертыфікацыя арганічных фермераў — яшчэ адно важнае пытанне ў развіцці галіны. Бо ў звычайным разуменні "фермерства" — форма ўласнасці, эканамічнай адзінкі, і можа мала чым адрознівацца ад сельскагаспадарчага вытворчага кааператыву, а значыць не гарантаваць чысціню і вышэйшую якасць выпускаемай прадукцыі.

Вядома, што і без усялякіх спецыялізаваных дакументаў вытворца можа браць на сябе абавязкі карыстацца разнастайнымі арганічнымі метадамі вырошчвання прадуктаў, укладаць больш намаганняў і г.д. Але для спажыўцоў гэта будзе невядомым. Таму неабходнасць праходзіць працэдуры сертыфікацыі відавочная, бо менавіта гэта будзе гарантам якасці, гарантам таго, што прадукцыя прайшла праверку адмыслоўцаў.

  Хрысціна Чарняўская, greenbelarus.info

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: