Гаротнай дрэваапрацоўцы працягнулі тэрміны пагашэння крэдытаў яшчэ на 5 год

Дзевяці падведамасным канцэрну «Беллеспаперапрам» дзяржпрадпрыемствам падоўжаць тэрміны пагашэння крэдытаў максімум яшчэ на 5 гадоў. Адпаведнае рашэнне зацверджана ўказам №160 ад 9 красавіка 2015 года, якім унесены змены ва ўказ № 529 ад 18 кастрычніка 2007 года.



Нагадаем, што ў 2007 годзе Аляксандр Лукашэнка пагадзіўся аказаць дзяржпадтрымку 9 прадпрыемствам — «Барысаўдрэву», «Віцебскдрэву», «Гомельдрэву», «Івацэвічдрэву», «Мастоўдрэву», «Рэчыцадрэву», «Фандок», «Магілёўдрэву» і «Мазырскаму ДАКу». На працягу шасці гадоў гэтым заводам былі вылучаныя банкаўскія крэдыты на агульную суму больш за 1 млрд еўра.

Аднак тэрміны рэалізацыі інвестпраектаў неаднаразова пераносіліся і зрываліся. Камітэт дзяржкантролю выявіў шэраг парушэнняў пры правядзенні мадэрнізацыі. Аляксандр Лукашэнка ў час сваіх візітаў на шэраг дрэваапрацоўчых вытворчасцей раскрытыкаваў кіраўніцтва канцэрна «Беллеспаперапрам» за «шматлікія факты безгаспадарчасці, расхлябанасці, парушэнні працоўнай і тэхналагічнай дысцыпліны» на вышэйзгаданых прадпрыемствах.

Мадэрнізацыя на многіх прадпрыемствах ўсё ж завяршылася, але пазыковая нагрузка душыць. Новы ўказ №160 прыняты «ў мэтах стварэння ўмоў для павышэння эфектыўнасці работы арганізацый дрэваапрацоўчай прамысловасці». «Прапанаваць банкам Рэспублікі Беларусь падоўжыць тэрміны пагашэння крэдытаў (…) не больш чым на пяць гадоў у адносінах да канчатковым тэрмінах пагашэння», сказана ў дакуменце. Такім чынам выкананне абавязацельстваў перад банкамі (Беларусбанк, Белаграпрамбанк, БПС-Сбербанк і Белінвестбанк) можа расцягнуцца да 13 гадоў, гэта значыць да 2029—2030 гг.

tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!