Гэта Беларусь корміць Расію, а не наадварот

Сёння ў Маскве пройдзе чарговы Вышэйшы дзяржсавет Саюзнай дзяржавы. Пуцін і Лукашэнка на асабістай сустрэчы зноў будуць разграбаць праблемы, што назапасіліся ў адносінах. А мы пакуль паглядзім, як насамрэч выглядае эканоміка двухбаковых зносін.

Фота snob.ru

«Прамысловы прыдатак» усходняга суседа

Калі пачытаць розныя расійскія выданні (незалежна ад іх палітычнай арыентацыі), альбо беларускія незалежныя СМІ, з усіх вынікае прыблізна адно і тое ж: Беларусь існуе за кошт эканамічнай падтрымкі з боку Расіі. Калі б не крэдыты, бязмытная нафта ды танны газ — быць Сінявокай банкрутам.

Так пішуць амаль усе, толькі трактуюць па-рознаму. Расейцы — як непазбежную ды абавязковую дапамогу «братэрскаму народу», беларускія апазіцыянеры — як падтрымку «злачыннага рэжыму». Але ж ці так на самай справе?

Канешне, гаворка ідзе не пра тое, што Беларусь утрымлівае ўсю вялізную Расію — маштабы непараўнальныя. Але можна сцвярджаць, што Беларусь — у інтарэсах Расіі — у значнай ступені адмовілася ад стварэння нацыянальнай эканомікі. Пра гэта, дарэчы, у інтэрв’ю «Новаму Часу» ўжо казаў Станіслаў Багданкевіч.

Пачынаючы з 2014 года беларускі экспарт абваліўся, пацягнуўшы за сабой усё — заробкі, бюджэт, узровень жыцця і гэтак далей. Але чаму тое адбылося? Каб зразумець, варта паглядзець на структуру нашай эканомікі. Не сакрэт, што Беларусь, як малая краіна, жыве з замежнага гандлю. І тут мы маем вялікую супярэчнасць: залежым ад экспарту/імпарту, але пры тым захоўваем закрытую, нерэфармаваную эканоміку. Прамысловы патэрналізм, ручное кіраванне, неабароненасць прывастнай уласнасці, — гэта ўсё ў нас. Чаму? Ды таму, што ў сярэдзіне 90-х захаваць беларускую мадэль нерэфармаванай было выгодна (у эканамічным сэнсе) перш за ўсё Расіі.


Структура беларускага экспарту паказвае, што наша прамысловасць працуе на карысць Расіі. Рэальныя грошы (долары і еўра) Беларусь атрымлівае, экспартуючы сыравіну ды базавыя матэрыялы — калій, прадукты нафтаперапрацоўкі, лес, металапракат і хімію. А вось за продаж на экспарт амаль усёй харчовай прадукцыі, машынабудаўніцтва, вайсковай электронікі і оптыкі, лёгкай прамысловасці, бытавой тэхнікі ды шмат чаго іншага беларускія вытворцы атрымліваюць «фанцікі» — расійскія рублі. Якія з 14 чэрвеня ўжо нават наш Нацбанк як валюту не ўспрымае. Пры тым беларуская прадукцыя ў Расіі прадаецца танней, чым у самой Беларусі. Нездарма ж людзі з Оршы і Віцебска ездзяць у Смаленск па беларускі сыр ды каўбасы.

Атрымліваецца дзіўны дысбаланс. Беларуская прамысловасць вырабляе менавіта тую прадукцыю, якая патрэбна небагатаму насельніцтву Расіі, і прадае яе нядорага, да таго ж — за расійскія рублі, якія асаблівай каштоўнасці не маюць. Але ж каб у тых жа расійцаў купіць сыравіну ды энерганосьбіты, нашы прадпрыемствы, пры нашай жудаснай інфляцыі, набываюць на біржы тую самую валюту — браць у аплату ўласныя рублі расейцы чамусьці адмаўляюцца. А як Беларусь зарабляе долары і еўра, я ўжо напісаў — праз продаж нацыянальных сыравінных багаццяў.

Ці мне аднаму падаецца, што такая схема працуе толькі на карысць Расіі, а не наадварот? Дык хто, пытанне, каго корміць?

Хіба не вар’яты?!

Далей усё, на жаль, досыць проста. Беларуская прамысловасць магла б выпускаць прадукцыю з высокай даданай вартасцю — і прадаваць яе ў свеце за долары і еўра (а не гандляваць там умоўнымі «лесам ды футрам»). Як гэта робяць, прайшоўшы праз рэфармаванне эканомікі, Чэхія і Польшча, Славакія і Венгрыя. Але беларуская прамысловасць тым і адрозніваецца ад прамысловасці нашых заходніх суседзяў, што ніколі не рэфармавалася.

Самы галоўны ў краіне чыноўнік любіць казаць пра беларускія заводы: «Мы захавалі ўсё лепшае, што было створана ў Савецкім Саюзе!». Але якая нам з таго карысць? «Захаваныя» ў нерэфармаваным стане заводы здольныя забяспечваць патрэбы толькі аднаго рынку — расійскага. Каму патрэбны такі расклад? Правільна — Расіі. Атрымліваецца, гэта Маскве ў сярэдзіне 1990-х было трэба спыніць у Беларусі эканамічныя рэформы, якія толькі пачаліся. Каб беларускія заводы не пераарыентавалі вытворчасць (калі тое было магчыма) на заходнія рынкі, каб не пакінулі Расію без шмат чаго, што яна сама вырабляць дагэтуль не навучылася. А як гэта было зрабіць больш зручна? Правільна — падтрымаць амбіцыйнага ўчарашняга дырэктара саўгаса, які маліўся на ўсё савецкае.

Так і атрымаўся з Беларусі «прамыслова-аграрны прыдатак» да «сыравіннай» Расіі. Які, да таго ж, яшчэ і сам сябе забяспечвае!

Важная заўвага: Беларусь падтрымлівае канкурэнтаздольнасць сваіх тавараў адносна іншых вытворцаў краін СНД і Кітаю праз канкурэнцыю цэн, то бок прадаючы па ніжніх узроўнях. Таму беларусы і жывуць, як жабракі, — як толькі расійскі рубель падае, нам даводзіцца моцна дэвальваваць свой рубель адносна расійскага. Таму не варта чакаць павелічэння ні заробкаў, ні пенсій, ні агульнага дабрабыту. Наадварот, каб было больш тых долараў на закуп сыравіны, урад бярэ ўсё новыя крэдыты.


Затое расейцы радуюцца танным і якасным беларускім харчам ды іншым таварам. Атрымліваецца, гэта шараговыя беларусы, якія не маюць жадання разабрацца ва ўсёй гэтай эканамічнай схеме, — датуюць сваёй працаю расійскі рубель і расійскую фінансавую сістэму, дый агулам — расійскую эканоміку. Хіба не вар’яты?!

Што з таго вынікае?

Да інтэграцыі на постсавецкай прасторы Мінск сёння ставіцца ўжо не з такім імпэтам, як раней — апісаная вышэй схема стала невыгодная ўжо не толькі беларускаму народу, але і кіруючай эліце. Калісьці Аляксандр Лукашэнка меркаваў, што ў рамках ЕАЭС паўстане новы фармат шматбаковых адносін, праз які знікне неабходнасць рэгулярна дамаўляцца з Расіяй па адчувальных эканамічных пытаннях: газу, нафце, доступу беларускіх тавараў на рынак РФ. Іншымі словамі, новы фармат будзе гарантаваць нейкі набор прэферэнцый.

Але ўсё пайшло не так. Адзіны рынак нафты і газу адсунулі на 2025 год, канфлікты па-ранейшаму даводзіцца вырашаць адзін на адзін з кіраўніком Крамля. Не атрымалася і з бесперабойным доступам да расійскага рынка. Па-першае, ён сам моцна прасеў з-за крызісу 2015–2016 гадоў. Па-другое, беларускіх вытворцаў часта выключаюць з праграм імпартазамяшчэння, успрымаючы іх як замежных. І па-трэцяе, як толькі адносіны Мінска і Масквы абвастраюцца, Рассельгаснагляд рапартуе аб сапсаваным беларускім малацэ або мясе.

Пры тым расійскае кіраўніцтва разумее, што Лукашэнка ўсё адно не пойдзе на глыбокія рынкавыя эканамічныя рэформы. Дый беларускія заводы позна ўжо пераарыентоўваць на заходнія рынкі — прасцей знесці ды пабудаваць зусім новае. Але Крэмль па-ранейшаму будзе трымаць Беларусь у сваёй арбіце. Бо для Масквы Беларусь робіцца ўсё больш таннай. Раней Крамлю ўсё ж даводзілася неяк купляць лаяльнасць Лукашэнкі і падтрымліваць дабрабыт яго сістэмы. Цяпер жа хапае недапушчэння яе стыхійнага абвалу. А на гэта можна моцна не выдаткоўвацца.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Абмеркаванне:

  • hilinsky1956@gmail.ru
  • 2017-06-30 10:30:01
Каб было ўсім зразумела буду на вялікім і магутным(вялікі сумнеў). Никто никогда никого не кормил и не кормит. Мы были в одной системе и остаёмся в ней! Да, не братья. да дрались. Давайте жить - мы наследники Великой Истории! Давайте извлечем из неё уроки!
  • Аляксей Хадыка
  • 2017-06-30 13:22:47
Поўная недасведчанасць. Расія заўсёды кармілася коштам акупаваных земляў. Зараз яна жыве ў рэжыме гібрыднай імперыі і гібрыднай захопніцкай вайны. Але не доўга ёй засталося. У сэнсе жыць. Першы перыяд паўраспаду каля 1917, другі - каля 1991, хутка апошні.

Больш цікавага на «Новым Часе»: