Інтэграцыя: ці будзе музыка вечнай?

«На храна нам такі саюз», — эмацыйна выказаўся Аляксандр Рыгоравіч на перадвыбарчым участку. І сапраўды, пакуль інтэграцыйныя пытанні нават тэхнічна выглядаюць недапрацаванымі. Да планаванага падпісання дакументаў — 8 снежня — засталося два тыдні. А ў нас яшчэ шмат што не гатова.


Пакуль наша краіна перабывала ў «выбарчай вакханаліі», прэм’еры Расіі і Беларусі спрабавалі ўтрэсці спрэчныя пытанні па «дарожных картах» інтэграцыі дзвюх краін. Звонку ўсё выглядае стабільна. Па словах Румаса, бакі ўзгаднілі не менш за 20 «дарожных карт» з 31. Па тым, што не ўзгоднена, «не менш за палову атрымалася прывесці да кансэнсусу». Пры гэтым беларускі прэм’ер адз­начыў, што «засталіся складаныя пытанні, па якіх не ўдалося знайсці сёння развязку». «Мы дакладна разумеем, дзе ў нас засталіся разыходжанні. Мы ўзялі прыкладна тыдзень тэрміну, каб іх яшчэ раз абмеркаваць, і далей гэты пакет дакументаў з рознымі пазіцыямі бакоў будзе ўнесены на разгляд кіраўнікоў дзяржаваў», — сказаў на заканчэнне Румас.

Бачыце рыторыку? «Не менш за 20 “дарожных карт”». «Не менш за палову прывялі да кансэнсусу». «Дакумент будзе ўнесены на разгляд». Такое ўражанне, што Румас сам не ведае, колькі дакументаў канкрэтна ўзгоднена, колькі прапрацавана і дамоўлена, і колькі пытанняў засталося на долю кіраўнікоў Расіі і Беларусі.

Не менш супярэчлівым быў і кіраўнік ураду Расіі Дзмітрый Мядзведзеў. Ён таксама адз­начыў плённасць працы і перамоваў — а як жа інакш, калі працаваў ён сам. «Пазіцыі літаральна кожны дзень збліжаюцца. Мы скончылі на тым, што нашы калегі самым бліжэйшым часам — літаральна за гэты тыдзень — падрыхтуюць новыя версіі “дарожных карт”, дзе будуць зведзены вынікі сённяшняй працы. І вось ужо на базе гэтых новых версій мы правядзем яшчэ адно абмеркаванне», — сказаў Мядзведзеў, адзначыўшы, што гаворка ідзе як пра перамовы паміж профільнымі міністрамі, так і пра тэлефонныя званкі — ці, калі спатрэбіцца, сустрэчы — паміж прэм’ер-міністрамі.

Мядзведзеву, канешне, добра — сказаў, што сказаў. А нам зараз думай, якія «новыя версіі “дарожных карт”» будуць падрыхтаваныя? Гэта тычыцца толькі тых, па якіх не знайшлі паразумення, альбо гэта версіі ўсіх агулам «дарожных карт», над якімі працавалі-працавалі, дый так і не выпрацавалі?

Расійскі прэм’ер пацвердзіў тое, што казаў Румас: «Дзесьці рознагалоссі, якія захоўваюцца, носяць выключна тэхнічны характар і могуць быць ліквідаваныя за кошт акуратнай, уважлівай работы нашых урадаў. А дзесьці гэта досыць сур’ёзныя пытанні і разыхо­джанні ў падыходах, якія можна будзе ўрэгуляваць менавіта ў фармаце абмеркавання паміж двума кіраўнікамі дзяржаў, але, вядома, з удзелам урадаў дзвюх краін», — удакладніў ён.

Гэта азначае, што падпісанню дакументаў 8 снежня (яшчэ раз нагадаю — праз два тыдні) павінна папярэднічаць не толькі яшчэ адна сустрэча прэм’ераў дзвюх краін, але і сустрэча кіраўнікоў Расіі і Беларусі. Каб тыя ўрэгулявалі «разыходжанні ў падыходах» на сваім узроўні, далі загад урадам выпрацаваць дакументы ў залежнасці ад вынікаў іх сустрэчы, потым падрыхтаваць іх для падпісання, і…

Ці паспеюць за два тыдні? Падаецца, гэта вельмі сціслы тэрмін. А падпісваць 8 снежня частку «дарожных карт» будзе нязручна і недарэчна. Па-першае, дакументы, выпрацаваныя пазней, могуць супярэчыць дакументам, падпісаным раней. Па-другое, з вялікага паспеху наробіш смеху. Аднойчы, 20 гадоў таму, Лукашэнка ўжо падпісаў не вельмі прапрацаваны варыянт інтэграцыі, якім яго зараз прыціснулі да сцяны. Але тады ён быў малады, гарачы і меціў на крамлёўскі трон. Зараз ён ужо не той, дый вышэйшая пасада ў Крамлі яму не свеціць.

Тое, што пакуль ніякіх істотных «прасоўванняў у інтэграцыі» не адбылося, бачна з яшчэ аднаго дакументу. На тыдні Палата прадстаўнікоў (яшчэ старая) прыняла ў першым чытанні варыянт бюджэту Беларусі на 2020 год. Упершыню за шэсць гадоў бюджэт будзе дэфіцытным (995,1 мільёна рублёў, 0,7% ВУП), але Мінфін запэўнівае, што яго сацыяльная арыентацыя захаваецца.

Першы намеснік міністра фінансаў Юрый Селівёрстаў, які прадстаўляў законапраект, адз­начыў, што бюджэт традыцыйна разлічаны па базавым сцэнары развіцця эканомікі: прырост ВУП закладзены на ўзроўні 1,9%, інфляцыя — 5%, стаўка рэфінансавання — 9,5%, кошт нафты — 60 долараў за барэль. Сярод фактараў, якія негатыўна паўплываюць на даходы бюджэту, адзначана нарастанне ўплыву расійскага падатковага манеўру (537 мільёнаў рублёў), спыненне «ператаможкі» расійскай нафты (мінус 951 мільён рублёў), рост коштаў на газ, зніжэнне паступленняў ад экспарту калійных угнаенняў.

Праўда, у той час, як «прадстаўнікі народа» абмяркоўвалі бюджэт на будучы год са стаўкай рэфінансавання ў 9,5%, Нацбанк знізіў гэтую стаўку да 9%. Падаецца, распрацоўшчыкі галоўнага фінансавага дакумента краіны ўвогуле не ведаюць, што творыцца ў іх профільных сферах. Але гэта іншае пытанне.

На пагашэнне і абслугоўванне дзярждоўгу (гэта — адзін з прыярытэтаў бюджэту–2020) будзе накіравана 8,7 мільярда рублёў. Толькі абслугоўванне даўгоў абыдзецца ў 2,7 мільярда рублёў. Пры гэтым Мінфін плануе на будучы год незвязаныя запазычанні на 1,950 мільярда долараў за кошт размяшчэння аблігацый на знешнім (1,350 мільярда долараў) і ўнутраным (600 мільёнаў долараў) фінансавых рынках. Гэтыя грошы пойдуць на пагашэнне даўгоў. На гэта ж пойдуць рэшткі сродкаў бюджэту–2019 (1,1 мільярда рублёў) і вернутыя прадпрыемствамі крэдыты (525,3 мільёна рублёў).

То-бок, беларускі бюджэт у «інтэграцыйным» складніку распрацаваны з таго меркавання, што нічога ў стасунках з Расіяй не зменіцца. Наш «стратэгічны партнёр» і «надзейны саюзнік» не скасуе свае «падатковыя манеўры», не працягне падтрымку беларускай эканомікі, не дасць новых крэдытаў, і нават падвысіць кошт газу! Атрымліваецца, ужо зараз мы рыхтуемся да таго, што падпісаныя (ці не падпісаныя) Пуціным і Лукашэнкам 8 снежня дакументы ніяк не паўплываюць на нашае эканамічнае становішча і дабрабыт. А бясконцая песня пра інтэграцыю будзе гучаць яшчэ доўгі час.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!