Сапраўдныя хлебныя месцы

Не ўсім жа працаваць у IT-cферы, так? Дый сярод прадукцыі, вырабленай чалавекам, хлеб — па-ранейшаму ўсяму галава. Але колькі можна зарабіць, вырошчваючы і перапрацоўваючы гэтую стратэгічную прадукцыю? Сярэдні заробак у сельскай гаспадарцы за 2019 год не дацягнуў да 800 рублёў. Але ёсць вакансіі нават з удвая большым даходам.

Фота dneprovec.by


Адна з самых малааплатных, хаця і дастаткова запатрабаваных прафесіяў у сельскагаспадарчых арганізацыях — палявод. Прапануюцца заробкі ў сціплым дыяпазоне 375–500 рублёў. Затое можна ісці працаваць паляводам з базавай адукацыяй — то-бок, пасля 9 класаў. І многія гаспадаркі не маюць перадузятасцяў да тых, хто толькі вызваліўся з месцаў зняволення. Часта ў такіх вакансіяў нават няма патрабавання да кандыдатаў, каб «без шкодных звычак». Хіба гэта будзе ўжо ідэальны працаўнік-палявод. Дарэчы, ніжні памер заробкаў у 375 рублёў тлумачыцца проста — гэта мінімальная заработная плата ў Беларусі, устаноўленая з 1 студзеня 2020 года. На практыцы ж нярэдка бывае, што працаўнікі на вёсцы атрымліваюць на рукі істотна меней. Бо начальства знаходзіць, за што ўрэзаць заробкі.

Трактарыстаў-машыністаў сельскагаспадарчыя вытворчыя кааператывы (былыя «калгасы») клічуць на заробкі ў вялікім лічбавым калідоры — ад 500 да 1500 рублёў, як, напрыклад, паводле веснавой вакансіі СВК «Гродзенскі». Што праўда, гэта гаспадарка з топ-10 у Беларусі. Ураджайнасць збожжавых і збожжабабовых у 2019 годзе тут перавысіла 70 цэнтнераў з гектара пры сярэднім паказчыку па краіне 30 цэнтнераў з гектара. Вялікія разбежкі ў зарплатах таксама па вакансіях для аграномаў. У адной гаспадарцы галоўнаму аграному гатовыя плаціць 700 рублёў, а ў іншай памочніку галоўнага агранома — 1200 рублёў. 1500 рублёў і болей прапануюць спецыялісту па продажах прадпрыемства «Эксперыментальны завод» НПЦ Акадэміі навук па механізацыі сельскай гаспадаркі. Што да харчовай прамысловасці, у прыватнасці хлебапякарскай і кандытарскай, то ўласна пекары могуць разлічваць на заробак ад сціплых 400 рублёў у рэгіёнах да 800 рублёў у Мінску (сума залежыць ад разраду).


Адзінота камбайнера

Між тым, прафесіі таго самага пекара ці камбайнера досыць цяжкія. Пекар увесь працоўны дзень, а тое і ноч — на нагах, цягае цяжкія падносы і формы то з цестам, то з гатовым хлебам, кантактуе з гарачынёй ад печак і ЗВЧ-выпраменьваннем. Верагодныя прафесійныя хваробы: алергія, рыніт, кан’юктывіт праз працу са спецыямі і мукой, варыкоз. Апрача прафесійных ведаў і навыкаў трэба мець добры нюх і вакамер. Што да камбайнераў, то афіцыйна такой прафесіі няма — гэта насамрэч «трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці» пэўных катэгорый. Мінусы прафесіі — значная частка часу працы праходзіць у статычнай позе, у адзіноце, у абмежаванай прасторы ў кабіне трактара, камбайна або ў іншай сельгасмашыне. Сярод рызыкаў прафесіі называюць тое, што трактарыст-машыніст хутчэй можа пашкодзіць нешта або некага звонку, чым сябе.

Атрымаць вышэйшую аграрную адукацыю можна ў шэрагу ВНУ. Напрыклад, у Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі ў горадзе Горкі на Магілёўшчыне. Тут ёсць агранамічны факультэт, на якім вядзецца падрыхтоўка па спецыяльнасцях «аграномія» і «селекцыя і насенняводства»; аграэкалагічны факультэт са спецыяльнасцямі «аграхімія і глебазнаўства», «ахова раслін і каранцін», «плодаагародніцтва», «экалогія сельскай гаспадаркі»; факультэт механізацыі сельскай гаспадаркі, які прапануе спецыяльнасці «тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці»; землеўпарадкавальны факультэт са спецыяльнасцямі «землеўпарадкаванне» і «зямельны кадастр». На іншых факультэтах вучацца на эканамістаў, бухгалтараў, юрыстаў са спецыялізацыяй на сельскай гаспадарцы.

Яшчэ тры навучальныя ўстановы для тых, хто хоча зрабіць кар’еру ў гэтай галіне або ў харчовай прамысловасці, знаходзяцца ў сталіцы, адным райцэнтры і двух абласных цэнтрах — гэта Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт, Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт, Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт і Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання. Тут, напрыклад, рыхтуюць адмыслоўцаў у тэхналогіях захавання і перапрацоўкі зерня, а таксама тэхналогіях хлебапякарнай, макароннай, кандытарскай вытворчасці і харчканцэнтратаў. Улічваючы, што ў сельскай гаспадарцы адна з самых нізкіх у краіне сярэдніх зарплата, а праца дастаткова цяжкая, пры паступленні туды прахадныя балы невысокія.

Апрача таго, існуе ўстанова дадатковай адукацыі для дарослых «Цэнтр павышэння кваліфікацыі кіроўных работнікаў і спецыялістаў па хлебапрадуктах» пры Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання. Нарэшце, працоўныя прафесіі ў згаданых галінах эканомікі можна атрымаць у двух з паловай дзясятках каледжаў аграрнага профілю, якія пераважна знаходзяцца ў райцэнтрах па ўсёй Беларусі. Дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж хлебапякарства са сваімі хлебабулачным і кандытарскім цэхамі ёсць і ў Мінску: тут вучацца на пекараў, кандытараў, цеставодаў, заквасчыкаў, тэхнолагаў.


Сам сабе пекар

Тым, хто захоча распачаць свой пякарскі бізнес, не маючы прафесійных ведаў і ўменняў, можна пайсці для ўводзінаў у прафесію на курсы пекараў і кандытараў. Яны ёсць як пры каледжах, так і пры навучальных цэнтрах з кулінарнымі школамі. Працягласць навучання — ад аднаго месяца да шасці. Кошт — ад 130–150 рублёў на месяц. Па-простаму папрактыкавацца можна на ўласнай кухні, набыўшы хлебапечку. Нават у недарагіх апаратах да 300 рублёў ёсць функцыі замесу цеста, адтэрміноўкі старту, выбару колеру скарыначкі і два дзясяткі праграм, паводле якіх можна вырабіць печыва, французскі багет, барадзінскі і жытні хлеб, кексы, безглютэнавую выпечку. Свой хлеб будзе смачнейшым за крамны. Апрача таго, з дапамогай хлебапечкі можна рабіць ёгурты і джэмы.

Хлебабулачныя вырабы на паліцах нашых крамаў — гэта прадукцыя або буйных дзяржаўных хлебазаводаў, або саміх крамаў, калі гаворка ідзе пра рытэйл-сеткі. Апошнімі гадамі ўсё болей ствараецца і прыватных міні-пякарняў і пякарняў-кавярняў. Аўтар гэтых радкоў мінулым летам пабываў у Венгрыі, дзе пакаштаваў мясцовы слодыч — кюрташкалач. У Чэхіі вы маглі яго каштаваць як трдэльнік. Узнікла ідэя арганізаваць выраб такога печыва ў Мінску, але аказалася, што якраз незадоўга да гэтага ніша перастала быць пустой.

Хаця ў Беларусі ў параўнанні з еўрапейскімі сталіцамі і тамтэйшымі малымі гарадкамі пякарняў усё адно заўважна меней. Канкурэнцыя пастаянна расце, пры гэтым беларусы сталі есці хлеба і хлебапрадуктаў меней, а таму вытворчасць хлебазаводаў кожны год скарачаецца на некалькі працэнтаў. Пры захаванні такой тэндэнцыі з цягам часу некаторыя з іх папросту зачыняцца.

Як, напрыклад, у мінулым годзе Лоеўскі хлебазавод на Гомельшчыне. Вытворчасць крызісавала паступова: спачатку быў пераход з дзвюх зменаў на адну... Лоеўскі раён — адзін з самых дэпрэсіўных у эканамічным плане ў краіне. Сярод іншых яго тычыцца і пастанова Саўміну ад снежня 2019 года «Аб зацвярджэнні плана развіцця асобных рэгіёнаў, якія адстаюць па ўзроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця».

Між тым, закрыццё хлебазаводу ў Лоеве паспрыяла станаўленню прыватнага бізнесу сям’і Уладзіслава і Вольгі Еўграфавых, якія збіраліся было пераязджаць у Гомель, але рызыкнулі — і летась адкрылі пякарню-кавярню. Што праўда, яны пачалі працаваць за некалькі месяцаў да скону дзяржаўнага хлебазавода. На пякарскае і гандлёвае абсталяванне сышло каля 15 тысяч долараў. Назва ў пякарні-кавярні крэатыўная — «Злакавае месца», лакацыя з разлікам на пакупнікоў абраная слушна — паблізу раённай паліклінікі, асартымент разнастайны — пачынаючы ад славутага хлеба-«цаглінкі» і заканчваючы круасанамі. Паціху вытворчасць і продаж пашыраюцца. А для горада і раёна гэта новыя паўтара дзясяткі працоўных месцаў.

Чым не натхняльны прыклад змяніць хатнюю хлебапечку на паўнавартасную пякарню?



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: