Год жывём з манетамі

Што дала Беларусі дэнамінацыя? Год таму ўсім было вельмі цікава атрымаць новыя грошы, тым больш — манеты. Ад пачатку было складана, але потым усё ўтрэслася. Манеты шчыльна ўвайшлі ў наша жыццё і больш нікога не палохаюць.

Адзначым, што дэнамінацыя была праведзеная на фоне скарачэння даходаў насельніцтва. Мала таго, што былі адкінутыя нулі, дык і заробак за гэты час значна знізіўся. Зараз у некаторых рэгіёнах 350–400 рублёў — гэта «за шчасце». А раней 3,5 мільёна лічыліся заробкам нізкім.

Мажліва, таму і не спраўдзіліся прагнозы, што, дзякуючы манетам, людзі будуць больш выдаткоўваць. Канешне, ёсць псіхалагічная розніца, аддаць у краме 20 тысяч рублёў «паперкай», альбо два рублі «дробяззю», — з апошнім развітваешся лягчэй. Але, тым не менш, раздробны таваразварот у Беларусі ў 2016-м (паўгода з якога мы пражылі з новымі грашыма) знізіўся на 4,1%. То бок, людзі менш атрымлівалі заробку — і менш выдаткоўвалі. І ніякая дэнамінацыя тут становішча не выправіць.

Прычым, эксперты знаходзяць заганы нават у інфляцыі. Тое, што спажывецкія цэны выраслі за чатыры месяцы гэтага года толькі на 2,4%, а ў гадавым вымярэнні — на 7,3%, таксама, на думку адмыслоўцаў, азначае не «ўтаймаванне інфляцыйнай гідры», а тое, што не растуць даходы беларусаў, а значыць, няма плацежаздольнага попыту.

Уласна, гэтым жа тлумачыцца і валютная стабільнасць. Беларусы, якія раней скуплялі долары для зберажэння сваіх даходаў, зараз іх як мінімум іх не набываюць, а ўрэшце і актыўна прадаюць. У першым квартале гэтага года чысты продаж замежных назапашванняў беларусамі перавысіў 730 мільёнаў долараў.

Такім чынам, што нам дала дэнамінацыя? Мы яе ж, напэўна, праводзілі не для таго, каб проста атрымаць прыгожыя грошы і звонкія манеткі ў кішэнях?

Менавіта для гэтага самага, сцвярджае эканаміст, намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін. Па яго словах, дэнамінацыя сапраўды была і ёсць чыста тэхнічным момантам. «Дзякуючы ёй, мы палегчылі працу бухгалтараў, эканамістаў, фінансістаў, іншых людзей «грашовых» прафесій… Складана было працаваць не толькі з мільёнамі рублёў, але ж у фінансавых дакументах і капейкі прысутнічалі! З такімі лічбамі не ўсе калькулятары былі здольныя справіцца. Таму дэнамінацыя сапраўды стала палёгкай», — адзначае Марголін.

Пэўны профіт у першыя месяцы пасля дэнамінацыі атрымалі і банкіры. З-за «складанасцяў падліку» на чвэрць павялічыліся разлікі праз пластыкавыя карткі. Гэта значыць, насельніцтва стала больш пісьменным у безнаяўных разліках.

Канешне, пераход на новыя грошы незаўважна павялічыў інфляцыю. Як заўважыў Марголін, «усе тавары, якія раней каштавалі менш рубля, пачалі пакрысе падцягвацца да гэтага кошту».

Гэта, дарэчы, заўважылі некаторыя медыя, якія ад пачатку ставяць сабе мэтай параўноўваць кошты ў крамах за пэўны перыяд. Напрыклад, партал tut.by параўнаў, як цяперашнія цэннікі ў трох крамах Мінска адрозніваюцца ад тых, што былі ў чэрвені мінулага года — у апошні месяц перад дэнамінацыяй. Ва ўсіх трох крамах чэк за гэты час «пацяжэў» на 8–11%. Аднак гэта адпавядае ўзроўню гадавой інфляцыі ў краіне, якая ў 2016 годзе склала 10,6%.

Яшчэ адна фішка дэнамінацыі, па словах Марголіна, — павышэнне статусу нацыянальнай валюты, перш за ўсё, у вачах грамадзян. «Адна справа, калі ты плаціш за расійскі рубель 300 беларускіх. Іншая, калі 100 расійскіх рублёў каштуюць тры айчынныя», — кажа спецыяліст. Гэткі «грашовы нацыяналізм» у дзеянні.

Што ж да нейкіх іншых глабальных спадзяванняў на адкіданне нулёў з грошай, то яны ад пачатку былі марныя. Гэтая працэдура, сапраўды, ніяк не ўплывае на эканамічны рост, золатавалютныя рэзервы ці прадукцыйнасць працы. І нават на атрыманне Беларуссю замежных крэдытаў, бо, па словах таго ж Марголіна, «крэдыторам усё роўна, у якія паперы мы будзем ператвараць іх долары альбо расійскія рублі». Абы мы выканалі ўмовы крэдытавання і сплацілі ўзятыя грошы з працэнтамі.

І, паводле словаў Марголіна, калі Нацыянальны банк будзе працягваць праводзіць сваю жорсткую манетарную палітыку, не паддасца на ўсё гучнейшыя прапановы ўключыць друкарскі станок — усё з грашыма будзе добра. Галоўнае, каб зноў не разагналі інфляцыю, і тады капейка пратрымаецца доўга.

Ну, і, безумоўна, гэтая падзея зрабіла шчаслівымі шматлікіх нумізматаў свету, на чым наша дзяржава паспрабавала нават зарабіць. Сувенірны набор беларускіх манет у банку каштаваў у сем разоў больш за намінал.

Затое зараз ёсць што кінуць у ваду — каб вярнуцца. З манет можна зрабіць падвеску. Прыгожа яны глядзяцца і на бранзалеце… Калі ўжо наша жыццё пасля дэнамінацыі не стала багацей матэрыяльна, дык яно дакладна стала прыгажэй эмацыянальна. Ці не так?



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: