Грамхарч: ядомае не дома

Эканамічная статыстыка сведчыць: апошнімі гадамі ў Беларусі істотна паболела самых розных установаў грамадскага харчавання. Але ці сталі вы радзей браць на працу ссабойкі, снедаць ці вячэраць прыгатаваным уласнаручна дома? Калі так, то за кошт паходаў у рэстараны ці кавярні ці дзякуючы набыццю ежы ў адмысловых аддзелах буйных крамаў ды фаст-фуду?

Фота www. pogovorim.by

Натуральна, што на фармат нашага харчавання ўплывае памер даходу і звычкі. Таму, паводле сацыялагічных апытанняў, беларусы ядуць пераважна на сваіх кухнях.


Колькі трацім у рэстаранах

Міжнароднае агенцтва сацыяльных і маркетынгавых даследаванняў выявіла, што толькі 4% жыхароў Мінска штодня харчуюцца ва ўстановах грамадскага харчавання. Сярод насельніцтва іншых беларускіх гарадоў гэты паказчык удвая меншы — 1,8%. Адпаведна, 8% і 2,3% бываюць там 2–3 разы на тыдзень, 11,3% і 5,2% — раз на тыдзень, 16% і 10,5% — раз на месяц, 9,5% і 6,2% — радзей, чым раз на месяц.

Ну, і 44,4% мінчукоў, а таксама 66,8% іншых нашых гараджан наогул установы грамхарчу не наведваюць!

Установы грамадскага харчавання бываюць розныя. Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, сярод іх больш за ўсё сталовак — 33,7%, далей ідуць кафэ, міні-кафэ і кафетэрыі — 33,4%, рэстараны хуткага харчавання, закусачныя, буфеты ды кавярні — 19,8%, бары — 9,3%, класічныя рэстараны — толькі 3,8%.

Дарэчы, самыя папулярныя (калі ўзяць у дужкі сталоўкі) у жыхароў беларускіх гарадоў — кафэ і піцэрыі. У сталіцы — фаст-фуд, кавярні, пякарні і кандытарскія. Гэта тлумачыцца іх высокай канцэнтрацыяй і малой колькасцю ў іншых гарадах. Часцей за ўсё ў кафэ і рэстараны людзі ходзяць з сябрамі ды знаёмымі (65%), сям’ёй і дзецьмі (41,6%), з каханымі (41,4%). Самыя распаўсюджаныя нагоды для наведвання — прабавіць час, сяброўская або сямейная сустрэча. Асноўныя чыннікі ў выбары ўстановаў грамадскага харчавання — якасць страў, кошт ежы і зручнае размяшчэнне.

Сэрвіс «Яндэкс-грошы» высветліў, што беларусы ў сярэднім пакідаюць за адно наведванне кафэ ці рэстарана 12 рублёў. Для параўнання, у краме — 19 рублёў, на якія ў тым ліку гатуецца ежа дома. Зрэшты, сярэдні чэк залежыць ад установы грамхарчу. Да прыкладу, у рэстаранах сеткі «Васількі» ён складае 30 рублёў, у піцэрыі «Піца Тэмпа» — 26, у «МакДональдсе» — 11, «Burger King» — 10 рублёў. Дарэчы, цікава, што на стравы з дастаўкай выдаткоўваецца больш, чым падчас харчавання ў кафэ. Такія замовы ў сярэднім абыходзяцца ў 20 рублёў.

Натуральна, што найтанней можна падсілкавацца ў сталоўцы — за 3–5 рублёў. Праверана. Калі вы даўно там не былі, то кошты вас здзівяць. Што праўда, ежа будзе вадзяністая (для спажывання той самай катлеты зубы не патрэбныя) і так сабе па смаку. І ўжо праз гадзіну настае адчуванне голаду. Як ад фаст-фуду, канечне, не патлусцееш, але пякотку здабыць лёгка.


Льготы кармільцам

Чыноўнікі хваляцца, што развіццю грамхарчаўскіх установаў значна спрыяюць адносна нядаўна прынятыя (у 2017 годзе) дэкрэт №7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва» і ўказ №345 «Аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання», які быў скіраваны перадусім на сельскую мясцовасць.

Гэты дэкрэт дазволіў ствараць аб’екты грамхарчу без раздзялення іх на тыпы і класы, распрацоўваць асартымент без уліку патрабаванняў абавязковага асартыментнага пераліку, зацверджанага Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю, самастойна вызначаць парадак афармлення і ўліку рахункаў пры разліках афіцыянтамі ці барменамі кліентаў-наведнікаў.

Стала магчымым вырабляць і рэалізоўваць прадукцыю з аб’ёмнай доляй спірту болей за 7% праз змешванне і настойванне гатовых алкагольных напояў з іншымі харчовымі прадуктамі. На гэта не патрэбна ліцэнзія, яна неабходная толькі для раздробавага гандлю алкаголем. Таксама гаспадарам устаноў грамадскага харчавання дазволілі самастойна вызначаць нацэнкі на выпрадукаваныя і прадаваныя на тэрыторыі Беларусі напоі ў разліў моцнасцю больш за 28%. З’явіўся шэраг палёгкаў што да санітарных нормаў. Напрыклад, стала магчымым выкарыстоўваць прадукцыю хатняга вырабу.

Напачатку жніўня скончылася грамадскае абмеркаванне зменаў да згаданага ўказу №345, якія падрыхтаваныя «для далейшага заахвочвання дзелавой актыўнасці ў сельскай мясцовасці». Паводле інфармацыі Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, за перыяд дзеяння гэтага ўказу ў Беларусі адчыніліся і функцыянуюць амаль 400 аб’ектаў гандлю і 80 — грамадскага харчавання. Міністэрства па падатках і зборах паведамляе, што льготамі, прадугледжанымі ўказам, летась скарысталася больш за тысячу суб’ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці.

З іншага боку, эфект нельга назваць надта прарыўным: агулам створана менш за 200 працоўных месцаў, а ў адчыненыя аб’екты грамхарчу залічаныя і кафетэрыі на аўтазапраўках. Да ўсяго ўказ распаўсюджваецца не на ўсю Беларусь, а ахоплівае толькі 80% сельскіх населеных пунктаў да 10 тысяч чалавек — тыя, якія вызначылі абласныя Саветы дэпутатаў. У выніку атрымаўся несправядлівы рэгіянальны перакос: напрыклад, на Гродзеншчыне гэта амаль 100% населеных пунктаў, а на Міншчыне — менш за 10%.


Сельскі бізнес падзарадзяць

Што прапануецца ў зменах да ўказу №345? Працягнуць льготы і прэферэнцыі, прапісаныя ў ім, да 2030 года. Цяпер яны дзейнічаюць да 2023 года. Дарэчы, некаторыя ведамствы — Мінфін і Мінэканомікі — лічаць, што рашэнне аб пралангацыі льготаў трэба прымаць толькі праз некалькі гадоў, пасля аналізу плёну, які павінен даць указ на першым этапе. Гаворка вядзецца пра асаблівы рэжым падаткаабкладання ў галінах гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання з выплатай падатку на прыбытак для прадпрыемстваў у памеры 6% і адзінага падатку для індывідуальных прадпрымальнікаў у памеры адной базавай велічыні; а таксама пра вызваленне суб’ектаў гаспадарання ад падатку на даданую вартасць, падатку на нерухомую маё­масць, зямельнага падатку і арэнднай платы за зямельныя ўчасткі, што знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці.

Чаму аб’ектаў гандлю пасля ўказу №345 з’явілася ўдвая болей, чым аб’ектаў грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання? Не толькі таму, што наладзіць такі бізнес крыху прасцей. Ва ўказе №345, як і ў дэкрэце №7, не абышлося без алкальготы. Алкаголь дазволілі прадаваць у крамках плошчай да 50 квадратных метраў і аўталаўках. Гаспадары крамаў кажуць, што алкагольныя напоі — ледзь не траціна абароту. Натуральна, тут можна вывесці і маралітэ, што развіццё прадпрымальніцтва стымулюецца ў тым ліку праз спойванне нацыі.

У дадатак да падаўжэння тэрміну дзеяння ранейшых ільготаў з’явяцца новыя. Паводле распрацаваных зменаў ва ўказ №345, уладальнікі кафэ, як і крамаў, будуць менш плаціць за электраэнергію. А гэта істотны артыкул выдаткаў на працу самага рознага абсталявання — цеплавога і лядоўняў. Паводле інфармацыі Белкаапсаюзу, плацяжы ў структуры расходаў на ўтрыманне збудаванняў, у якіх ажыццяўляецца раздробавы гандаль, складаюць 10%. Ва ўстановах грамадскага харчавання, дзе адмыслова захоўваецца і гатуецца ежа, гэты паказчык большы. Паводле МАРГу, тарыф знізяць «за кошт перакрыжаванага субсідавання, павелічэння росту расходаў на электраэнергію іншых суб’ектаў гаспадарання».

З іншых заканадаўчых ініцыятываў — выключэнне з выкарыстання ў аб’ектах грамадскага харчавання аднаразовага пластыкавага посуду. Ведамства падлічыць установы грамхарчу, дзе прымяняецца «пластык», і вывучыць акалічнасці таго, што можа замінаць іх пераходу на сталовы посуд. Гэта наступства дырэктывы, якая прадугледжвае пераход з поліэтыленавай упакоўкі на бяспечную, у тым ліку шкляную і папяровую. Дарэчы, у ЕС увесну забаранілі пластыкавыя талеркі, кубкі, кантэйнеры, відэльцы, нажы і лыжкі, якія зазвычай выкарыстоўваюцца ў фаст-фудзе. Гаворка ў тым ліку і пра кактэйльныя саломінкі, а гэта ўжо будзе тычыцца і рэстаранаў. Зрэшты, у Беларусі гэта пытанне няблізкага часу.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!