Грошай няма, але вы трымайцеся? Лукашэнка дазволіў сілавікам пакідаць сабе сродкі ад здачы другаснай сыравіны

Лукашэнка дазволіў сілавым структурам выкарыстоўваць пазабюджэтныя сродкі на ўласныя патрэбы. Адпаведны парадак усталяваны ўказам №85 ад 9 сакавіка, які афіцыйна апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Ілюстрацыйнае фота


У адпаведнасці з ім Мінабароны, КДБ, тэрытарыяльныя органы дзяржбяспекі, Следчы камітэт і Дзяржпамежкамітэт змогуць пакідаць сабе сродкі, атрыманыя ад здачы другасных матэрыяльных рэсурсаў і каштоўных металаў. Гаворка ідзе аб сумах пасля выплаты падаткаў. Парадак выкарыстання гэтых сродкаў вызначаецца адпаведным міністэрствам па ўзгадненні з Мінфінам. Дадзенае палажэнне ўказа набывае моц з 1 студзеня 2022 года, перадае REFORM.by.

Воінскія часткі таксама могуць пакідаць сабе сродкі, атрыманыя ад дзейнасці, якая прыносіць даходы. Гаворка таксама ідзе пра сумы пасля выплаты ўсіх падаткаў і збораў. Пры гэтым частку сродкаў воінскія часткі павінны будуць пералічваць дзяржорганам «у адпаведнасці з ведамаснай падпарадкаванасцю». Палажэнні аб воінскіх частках уступаюць у сілу праз шэсць месяцаў пасля апублікавання ўказа.

Пазабюджэтныя грошы, якія засталіся ў распараджэнні сілавых структур, можна будзе выкарыстоўваць на набыццё, рамонт або мадэрнізацыю ўзбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі і маёмасці, развіццё і ўтрыманне матэрыяльна-тэхнічнай базы.

Дакументам таксама рэгламентуецца ўлік гэтых сродкаў і даецца даручэнне Саўміну цягам паўгода прывесці акты заканадаўства ў адпаведнасць з указам.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: