Грошай няма зусім?

Краіна жыве навінамі пра каронавірус. Аднак, аказваецца, вірус — не адзіная праблема для Беларусі. Ён толькі абвастрыў і без таго складаную сітуацыю ў эканоміцы.


Днямі намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Матусевіч паведаміў пра вынікі працы беларускай эканомікі ў першым квартале гэтага года і асцярожна распавёў наконт прагнозаў на ўвесь год. Паводле звестак Белстату, ВУП краіны знізіўся на 0,3% у параўнанні з першым кварталам мінулага года. «Мы не дацягнулі ўсяго 1 працэнтны пункт да тых планавых лічбаў, якія меркаваліся пры прагнозе», — сказаў Дзмітрый Матусевіч.

Пры гэтым Матусевіч неяк забыўся агучыць, да чаго мы ўсё ж «не дацягнулі» той працэнтны пункт. Наколькі я памятаю, зніжэнне ВУП у гэтым годзе ўрадам не планавалася. У нас яно ніколі не плануецца, у нас заўсёды плануецца эканамічны рост, а не спад: хоць маленькі, хоць у межах статыстычнай хібнасці, але рост. І калі ж урад паспеў перапісаць планы?

Матусевіч назваў некаторыя прычыны запаволення беларускага ВУП. Паводле яго слоў, цёплае надвор’е за кошт памяншэння генерацыі і спажывання цеплавой і электрычнай энергіі знізіла паказчык ВУП на 0,2 працэнтных пункта. Зніжэнне паставак нафты адбілася не толькі непасрэдна на нафтаперапрацоўцы, але і на сумежных галінах. «Паколькі не было нафты, скараціліся і аб’ёмы транспарціроўкі. Такім чынам, прасела транспартная галіна», — дадаў ён. Разам з тым, паводле слоў намесніка міністра, некаторыя галіны ў гэтым годзе «дэманструюць пазітыўную дынаміку». «Сельская гаспадарка плюсуе пастаянна 4,5–5,5% штомесяц. Такі трэнд захаваецца да канца года. Гэта вельмі выгадна для нашай краіны, паколькі мы захаваем харчовую бяспеку і зарабляем на экспарце прадуктаў харчавання», — сказаў Матусевіч. Акрамя таго, рост быў адзначаны ў ІТ-сферы, дрэваапрацоўцы, будаўніцтве.

Праўда, у Белстата ёсць яшчэ і іншыя лічбы. Напрыклад, дынаміка знешняга гандлю за студзень-люты 2020 года. Экспарт тавараў у параўнанні з аналагічным перыядам 2019 года зменшыўся на 14,3% — да $4,3 мільярда. Прычым, страты ад продажаў прыйшліся на топ-7 экспартных тавараў. У прыватнасці, аб’ём рэалізаваных на знешніх рынках нафтапрадуктаў скараціўся на 62%, да 736,7 тысячы тон. Уменне БНК прадаць нафтапрадукты ў сярэднім на 9% даражэй, па $509 за тону, тым не менш не здолела перакрыць страты па гэтай таварнай пазіцыі на $542 мільёны. Страты ад экспарту сырой нафты ацэньваюцца ў $116,4 мільёна.

Варта заўважыць, што першы квартал і студзень-люты — гэта месяцы, «свабодныя ад каронавіруса». Гэта значыць, калі ўсе працавалі, як звычайна, і ў нас была толькі адна праблема — пастаўкі нафты. Што будзе ў другім квартале?

«Неспрыяльная эпідэміялагічная сітуацыя будзе аказваць пэўнае карэктуючае ўздзеянне на тэмпы росту ВУП. Лічбы вядомыя. Многія міжнародныя агенцтвы ўжо іх агучылі. Міністэрства эканомікі таксама падрыхтавала шэраг прагнозных разлікаў. І мы думаем, што мы будзем блізкія да тых лічбаў, якія агучваюць нашы замежныя партнёры», — сказаў Дзмітрый Матусевіч.

Звярніце ўвагу на рыторыку чыноўніка: «карэктуючае ўздзеянне на тэмпы росту ВУП». «Росту» — пры тым, што розныя фінансавыя арганізацыі ніякага росту нават не праглядаюць, а хутчэй — наадварот. МВФ прагназуе на гэты год скарачэнне беларускай эканомікі на 6%, Сусветны банк — на 4%, Еўразійскі банк развіцця — на 3,3%.

Матусевіч не стаў удакладняць, якія менавіта лічбы з гэтага «росту» ён мае на ўвазе, і якія менавіта замежныя партнёры агучваюць лічбы, да якіх мы будзем «блізкія». Быццам бы, я ані разу не бачыў прагнозаў развіцця беларускай эканомікі ад Паўночнай Карэі. Там, вядома, таксама «эканамічны цуд» у асобна ўзятай краіне, але пра нас яны наўрад ці ведаюць.

Прагноз жа «развіцця беларускай эканомікі» відавочны на побытавым узроўні. Паводле звестак на 1 красавіка (больш дакладнай статыстыкі пакуль няма), запазычанасць беларусаў па крэдытах банкам дасягнула 14,8 мільярда рублёў, павялічыўшыся на 433 мільёны рублёў. Пры гэтым у сакавіку рост даўгоў быў максімальным за апошнія месяцы. Па спажывецкіх крэдытах беларусы вінныя банкам 5,8 мільярда рублёў, па крэдытах на нерухомасць — 8,9 мільярда.

Гэта азначае, што каронавірус зачапіў не толькі тых, хто заразіўся, а ледзь не ўсіх і кожнага. З-за скарачэнняў працоўнага часу, рэжымаў «аддаленай працы» і іншых «радасцяў эпідэміі» ў людзей не засталося грошай — і яны пайшлі ў банкі па крэдыты. Пра які «рост ВУП» можна казаць, калі ў людзей у кішэнях пуста?

Яшчэ 20 сакавіка Нацбанк рэкамендаваў камерцыйным банкам даць сваім кліентам крэдытныя вакацыі, гэта значыць, адтэрміноўку для кліентаў па выплаце крэдытаў — поўную або частковую. Аднак адбылася неверагодная рэч: камерцыйныя банкі адважыліся не паслухацца рэгулятара! Раней «рэкамендацыі» Нацбанка былі падобныя на загад, абавязковы для выканання. Цяпер жа шматлікія банкі проста прыпынілі выдачу крэдытаў або зрабілі больш жорсткімі ўмовы іх выдачы. Пра «крэдытныя вакацыі» гаворкі не ішло наогул.

Больш за тое: з 1 траўня вядучы банк краіны — «Беларусбанк» — закрыў крэдытаванне куплі жылля на другасным рынку. Крэдыты на гэтыя мэты не выдаюцца. Варта заўважыць, што з прыцягненнем крэдытаў менавіта гэтага банка ў 2019 годзе адбывалася больш за палова здзелак.

Гэта азначае, што грошай няма не толькі ў насельніцтва, але і ў банкаў. Дайшло да таго, што, па словах віцэ-прэм’ера Дзмітрыя Крутога, Беларусь звярнулася да Азіяцкага банка інфраструктурных інвестыцый, каб атрымаць крэдыт на… падтрымку буйных дзяржбанкаў!

«Пакуль дамовіліся з калегамі прапрацаваць вылучэнне лініі ў памеры $250 мільёнаў (першы транш) для “Беларусбанка” і $100 мільёнаў для Банка развіцця на падтрымку кампаній з найбольш пацярпелых сектараў», — цытуе Крутога БелТА.

Калі тыя, хто павінен выдаваць крэдыты, самі бяруць крэдыты — пра што гэта сведчыць?

Пры гэтым мы выдаткоўваем сродкі — і неблагія сродкі — на нікому не патрэбны парад, дый «Славянскі базар» у Віцебску ніхто яшчэ не адмяняў.

Так што пакуль пытанне адно: наколькі наша краіна блізкая да дэфолту?

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: