Грошай няма зусім? Улады хочуць увесці крымінальную адказнасць за нявыплату ўнёскаў у ФСАН

У Беларусі хочуць пашырыць спіс прычын, па якіх могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці. Да прыкладу, у яго хочуць уключыць ўхіленне ад выплаты унёскаў у ФСАН.


Цяпер за гэта прадугледжана адміністрацыйная адказнасць, якую перагледзелі з 1 сакавіка з абнаўленнем КаАП. Праблема з запазычанасцю ў фонд па-ранейшаму актуальная, з-за гэтага некаторыя работнікі могуць страціць частку стажу і пенсіі.

Пра тое, якія новаўвядзенні па крымінальных правапарушэннях могуць увесці, TUT.BY разбіраўся разам з адвакаткай Настай Карчагінай і юрысткай Маргарытай Палудзеткінай з адвакацкага бюро «РЭВЕРА».

Спецыялісты «РЭВЕРА» тлумачаць, што цяпер у Крымінальным кодэксе ёсць толькі адзін артыкул, на падставе якога узбуджаюцца крымінальныя справы па падатковых правапарушэннях — артыкул 243 («Ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў»). У гэтым артыкуле ёсць дзве альтэрнатыўныя формы ўхілення ад выплаты сум падаткаў і збораў:

— ўтойванне падатковай базы — наўмыснае неўнясенне ў падатковую дэкларацыю (разлік) фактычных даных (звестак) аб наяўнасці аб'екта падаткаабкладання і падатковай базы як пэўнай характарыстыкі гэтага аб'екта альбо непрадстаўленне падатковай дэкларацыі (разліку) наогул;

— наўмыснае прыніжэнне падатковай базы — характарыстыка аб'екта падаткаабкладання — вартасная, фізічная або іншая, гэта значыць, падатковая база, скажаецца плацельшчыкам: у падатковую дэкларацыю (разлік) уносяцца звесткі, якія не адпавядаюць рэчаіснасці, якія карэктуюць падатковую базу ў бок яе змяншэння.


Што хочуць змяніць

Улады разглядаюць магчымасць ўнясення наступных змен у КК:

  • артыкул 243 ў новай рэдакцыі: «Ухіленне фізічнай асобы ад выплаты сум падаткаў, збораў і страхавых унёскаў»;
  • увядзенне ў КК артыкула 243-1 «Ухіленне ад выплаты падаткаў, збораў і страхавых унёскаў, якія падлягаюць выплаце арганізацыяй»;
  • увядзенне ў КК артыкула 243-2 «Падатковае махлярства».

Першыя дзве магчымыя змены датычацца унёскаў у ФСАН. Спецыялісткі адвакацкага бюро «РЭВЕРА» ўдакладняюць, што ў артыкуле 243 КК можа з’явіцца тэрмін «фізічная асоба», а ўхіленне ад выплаты сум падаткаў і збораў плануецца дапоўніць страхавымі ўнёскамі. «Гэта значыць, пры такой рэдакцыі артыкула да крымінальнай адказнасці могуць прыцягваць індывідуальных прадпрымальнікаў і асоб, якія не з'яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі, але абавязаныя вылічаць і выплачваць падаткі, зборы і (або) абавязковыя страхавыя ўнёскі ў бюджэт ФСАН», — удакладняюць юрысты.

У артыкул 243-1 могуць увесці крымінальную адказнасць за ўхіленне ад выплаты падаткаў, збораў і (або) абавязковых страхавых унёскаў, унёскаў на прафесійнае пенсійнае страхаванне і іншых абавязковых плацяжоў у бюджэт ФСАН, якія падлягаюць выплаце арганізацыяй. Службовая асоба юрыдычнай асобы зможа патрапіць пад крымінальны пераслед у выпадку:

  • непрадстаўлення падатковай дэкларацыі, іншых дакументаў, звестак;
  • уключэння ў падатковую дэкларацыю / іншыя дакументы загадзя ілжывых звестак;
  • прадастаўлення заведама ілжывых звестак іншым спосабам.

Як па магчымых зменах у артыкул 243, так і ў артыкул 243-1 па унёсках у ФСАН памер шкоды хочуць разлічваць па такой схеме:

— пры ўхіленні ад прадастаўлення прадугледжаных заканадаўствам дакументаў, неабходных для вылічэння і выплаты падаткаў, збораў, памер шкоды прапануецца вызначаць на падставе звестак аб руху грашовых сродкаў па рахунках у банках, нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый і (або) звестак, атрыманых ад дзяржаўных органаў, юрыдычных або фізічных асоб ва ўстаноўленым Саўмінам парадку, — удакладняюць ў «РЭВЕРА».

Яшчэ адно змяненне могуць увесці ў артыкул 243-2 КК. Так, падатковым махлярствам прапануецца лічыць прадастаўленне дакументаў/звестак, якія змяшчаюць заведама ілжывыя звесткі для неабгрунтаванага вяртання сум падаткаў і/або збораў альбо памяншэння сум падаткаў, збораў, якія падлягаюць выплаце, што пацягнула за сабой шкоду ў буйным ці асабліва буйным памеры.

— Напрыклад, такімі могуць стаць супрацьпраўныя дзеянні, звязаныя з незаконнай кампенсацыяй з бюджэту ПДВ шляхам падману або злоўжывання даверам службовых асоб падатковых органаў, — тлумачаць у «РЭВЕРА». — Заканадаўца прапануе ўнесці ў КК норму, па якой фізічная асоба, якая ўпершыню здзейсніла злачынства, прадугледжанае названымі артыкуламі (арт.243, 243-1, 243-2), будзе вызваляцца ад крымінальнай адказнасці, калі яна цалкам пагасіла шкоду і заплаціла суму адпаведнай пені.

Пры гэтым ёсць яшчэ адзін нюанс: пры паўторным здзяйсненні дадзенага злачынства для вызвалення ад крымінальнай адказнасці па працэдуры арт. 88-1 КК («Вызваленне ад крымінальнай адказнасці ў сувязі з добраахвотнай кампенсацыяй нанесенай шкоды, выплатай даходу, атрыманага злачынным шляхам») давядзецца дадаткова выплаціць крымінальна-прававую кампенсацыю (так званую «кратнасць»), памер якой з уступленнем у сілу новай рэдакцыі Крымінальнага кодэкса з'яўляецца фіксаваным і складае 100% сумы даходу, атрыманага злачынным шляхам.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: