Грошы, канфіскаваныя з ячэйкі ў Белгазпрамбанку, вярнулі

Грамадзянцы Украіны, у якой канфіскоўвалі з дэпазітарнай ячэйкі ў Белгазпрамбанку блізу 170 тысяч даляраў, вярнулі грошы. Па яе словах, грашовыя сродкі ёй выдалі ў канцы жніўня, паведамляе finance.tut.by.
Ілюстрацыйнае фота: Вадзім Заміроўскі, TUT.BY

Ілюстрацыйнае фота: Вадзім Заміроўскі, TUT.BY

Нагадаем, з-за іх знікнення жанчына раней напісала заяву ў міліцыю, а таксама двойчы пакінула электронны зварот на лукашэнкаўскім сайце, у якім папрасіла яго "паспрыяць у вяртанні грашовых сродкаў, канфіскаваных без майго ведама і па незразумелых мне прычынах".

Украінка апынулася сярод пацярпелых кліентаў Белгазпрамбанка, у якіх пасля ператрусу ў галаўным офісе банка канфіскавалі змесціва дэпазітарных вочак. Жанчына напісала заявы ў Фрунзенскае РУУС і ДФР дзяржкантролю (пазней ёй адказалі, што перадалі зварот у КДБ). Яна распавядала, што ў банку знаходзілася больш за 170 тысяч даляраў. "Сітуацыя крытычная, бо гэта ўсё, што ёсць у маёй сям'і, а ў мяне двое дзяцей. Спадзяюся, што мне не прыйдзецца пацярпець за свой давер да вашай краіны, да яе парадку і закону», — гаварылася ў лісце, які адрасаваны Аляксандру Лукашэнку.

У ліпені, як распавядала раней жанчына, яе выклікалі ў КДБ, а ў канцы жніўня ёй вярнулі грошы. Цяпер яна знаходзіцца ва Украіне, ёй прыйшлося спецыяльна прыехаць у Беларусь, каб атрымаць грашовыя сродкі.

— Уся гэтая сітуацыя для мяне была вялікім стрэсам. Але я разумела, што на маім баку праўда, я была гатовая даказаць законнасць атрымання гэтых грошай, я зарабіла гэтыя грошы. І мне няма чаго было губляць, таму пакідала звароты — - распавядае жанчына.

Яна кажа, што пытанняў да беларускім сілавікоў у яе няма.

— Сутыкнулася з прафесійнымі людзьмі (гаворка пра прадстаўнікоў КДБ), у мяне да іх няма пытанняў, калі прыбраць шок і негатыўныя эмоцыі, якія першапачаткова былі, — удакладняе жанчына і дадае, што ёй вярнулі ўсю канфіскаваную суму.

Раней яна разглядала варыянт інвеставаць грошы ў беларускую эканоміку, у тым ліку, магчыма, укласціся ў нерухомасць. Цяпер гэтыя планы, па яе словах, пад пытаннем.

— У мяне ў Беларусі жаніх. Але мы пакуль не ведаем, дзе і як планаваць нашу будучыню.

Нагадаем, раней кіраўнік часовай адміністрацыі Белгазпрамбанка Надзея Ермакова расказала, што заявы з-за выкрыцця дэпазітарных вочак напісалі 8 кліентаў.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: