Ідэі 1990-х — у жыццё!

Лета ў Беларусі ўжо настала. Спякота пачалася, у Брэсцкай і Гомельскай абласцях выспяваюць першыя клубніцы. Людзі задумваюцца пра адпачынкі. А ўрад рыхтуе беларусам новыя сюрпрызы.

Балта-Чарнаморскі саюз. Фота mignews.com.ua

З 1 чэрвеня выраслі тарыфы на цеплазабеспячэнне, што субсідуюцца дзяржавай (ацяпленне і падаграванне вады) — з 16,9259 да 18,4831 рубля за 1 Гкал. Пры гэтым «эканамічна абгрунтаваны» тарыф на гэтыя ЖКП застанецца ранейшым — 88,99 рубля за 1 Гкал. Нагадаем, што ў 2019 годзе тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі павышаюць у два этапы: з 1 студзеня — за газ, электрычнасць, водазабеспячэнне, водаадвядзенне, за паслугі па капрамонце і іншае. І з 1 чэрвеня — на паслугі цеплазабеспячэння.

Традыцыйна даражэлі некаторыя маркі цыгарэт. На 5 капеек вырасце кошт на асобныя маркі цыгарэт ААТ «Гродзенская тытунёвая фабрыка «Нёман», а таксама на некаторыя імпартныя, што ўвозіць «Беларусьгандаль». Цэны на цыгарэты ТАА «Табак-інвест» не зменяцца.

Напэўна будзе павышацца кошт паліва. Пакрысе, на ўжо прадказальную суму — адну капейку. Да тактыкі паступовага росту коштаў на бензін аўтаўладальнікі прывыклі яшчэ ў мінулым годзе. Але, як піша «Белсат», у гэтым годзе «Белнафтахім» у паўтара разы часцей мяняе лічбы на заправачных шыльдах. На працягу няпоўных пяці месяцаў паліва падаражэла ўжо на 8,45%.

Падымаючы кошты на паліва то раз, то тры разы на месяц — і кожны раз толькі на капейку, «Белнафтахім» заблытаў спажыўца. Ніхто ўжо не ў стане ацаніць, ці значна змяняецца кошт. Хіба толькі тыя, хто ездзяць нерэгулярна — і здзіўляецца новым коштам на запраўках.

Але тое, што кошт паліва будзе павышацца і далей — несумненна. Таму што праблемы бруднай расійскай нафты ўсё яшчэ адбіваюцца на працы нашых прадпрыемстваў. «Нафта паступае (на «Нафтан») па трубаправодзе «Сургут—Полацк». Яна належнай якасці. Пытанне — у танажы. Сыравіны не хапае», — паведаміў намеснік гендырэктара «Нафтана» Сяргей Яўтушык газеце «Віцебскія весці».

Пры гэтым ён адзначыў, што следствам разбалансаванасці працэсаў на «Нафтане» ёсць і прапарцыйнае зніжэнне загрузкі сумежных нафтахімічных прадпрыемстваў. «Уся нафтахімія краіны так ці інакш завязаная на сыравінных пастаўках з Наваполацка («Нафтана»). Яны загадзя абмяркоўваюцца, узгадняюцца, вызначаюцца ў аб’ёмах, закладаюцца ў бізнес-планы. А тут эфект даміно. Мы не выконваем кантрактныя абавязацельствы перад сваімі партнёрамі, тыя — перад пакупнікамі іх прадукцыі», — сказаў намеснік гендырэктара.

Ён таксама паведаміў, што на прадпрыемстве не ўпэўненыя ў аднаўленні поўнай загрузкі на працягу чэрвеня.

Падчас міжурадавых кансультацый Мінск падкрэсліваў, што адным з ключавых для Беларусі пытанняў з’яўляецца аднаўленне рабочага стану трубаправода «Дружба», які забяспечвае загрузку «Нафтана». НПЗ зараз працуе са зніжанай загрузкай з-за недастатковага аб’ёму чыстай нафты, якая паступае па нафтаправодзе «Сургут—Полацк». А вось труба «Унеча—Полацк», па якой на «Нафтан» нафта пастаўлялася раней, да гэтага часу запоўненая «бруднай» нафтай і прастойвае. З-за гэтага загрузка «Нафтана» цяпер складае каля 65%.

Па выніках праведзеных у мінулую пятніцу перамоваў віцэ-прэм’ер Беларусі Ігар Ляшэнка паведаміў, што расійскі бок на працягу тыдня адпрацуе пастаўку нафты на НПЗ «Нафтан» па чыгунцы — з-за недахопу магутнасцяў дзеючага трубаправода. Расія абяцала паставіць на «Нафтан» у чэрвені дадаткова 200 тысяч тон нафты.

Але «адпрацаваць на працягу тыдня» і «абяцала паставіць» — занадта расплывістыя фармулёўкі для таго, каб імі апераваць. Расійскі бок абяцаў ачысціць трубаправод ад «бруднай» нафты ледзь не месяц таму, а сітуацыя не змяняецца.

А вось што сапраўды цікава — гэта тое, як цяпер увасабляюцца ідэі, што раней успрымаліся ў штыкі і абвяшчаліся ледзь не глупствам. Напачатку 1990-х гадоў Партыя БНФ прапаноўвала ідэю нафтавага Балта-Чарнаморскага калектара і, адпаведна Балта-Чарнаморскага саюза. Тады было шмат крытыкі гэтай ідэі. У тым ліку і з боку тых, хто і па сёння знаходзіцца ў вышэйшых эшалонах улады ў Беларусі. І тым не менш...

28 траўня ў Адэсе было падпісана пагадненне пра арганізацыю грузаперавозак кантэйнерным цягніком паміж Літвой, Украінай і Беларуссю, паведаміла прэс-служба Беларускай чыгункі. У рэалізацыі праекта ўдзельнічаюць чыгуначныя адміністрацыі трох краін, ТАА Containerships (Украіна), ЗАТ Intermodal Container Service і LG CARGO (Літва). Ад Беларусі пагадненне падпісаў першы намеснік начальніка Белчыгункі Ігар Шылаў.

Бакі дамовіліся аб арганізацыі і развіцці міжнародных грузаперавозак у кантэйнерах цягніком «Containerships train», які будзе рухацца па маршруце Клайпеда/Драўгістэ — Кяна — Славечна — Бравары/Адэса. Будзе хадзіць не менш двух цягнікоў на тыдзень. Пагадненне прадугледжвае распрацоўку графіка, тарыфаў, маркетынгавае ўзаемадзеянне. Акрамя таго, іншыя краіны ці кампаніі таксама могуць далучыцца да праекта са згоды ўсіх бакоў.

Што гэта, як не пралог таго самага Балта-Чарнаморскага саюза? Асабліва, калі да яго далучацца іншыя краіны Балтыі і Польшча, як гэта планавалася чвэрць стагоддзя таму?

І гэта досыць перспектыўна — асабліва ў тым рэчышчы, што апошнім часам у Сінявокай актыўна прасоўваецца ідэя аб пастаўках у рэспубліку «нерасійскай нафты». Гэты сцэнар прапрацоўваецца досыць сур’ёзна: атрымаць «нерасійскую нафту» краіна разлічвае ўжо да канца 2019 года. Чакаецца, што гэта будуць марскія пастаўкі.

Варта адзначыць, што сама ідэя альтэрнатыўных паставак нафты ў Беларусь не новая: краіна ўжо вазіла такім чынам нафту аж з Венесуэлы, і потым, па нафтаправодзе «Адэса — Броды» перапампоўвала яе на Мазырскі НПЗ. Аднак «за морам цялушка — паўгроша, ды рубель перавоз». Уся праблема ў лагістыцы: транспарціроўка такой нафты робіць яе сапраўды «чорным золатам». Таму вядуцца інтэнсіўныя перамовы пра зніжкі і ўмовы той самай транспарціроўкі.

Як паведамляла нядаўна інфармацыйнае агенцтва БелаПАН, украінская чыгунка ўжо выказала жаданне даваць значную зніжку, калі нафта будзе пастаўляцца з украінскіх партоў у Беларусь чыгуначным транспартам. А амбасадар Азербайджана ў Беларусі Латыф Гандзілаў казаў, што пастаўкі нафты на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы можа забяспечыць Азербайджан.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!