Імпартазамяшчэнне ХІХ стагоддзя

«Якая краіна — такія і тэракты», — казаў вясковец, гледзячы, як «кукурузнік» упёкся ў хлеў. Прыкладна так можна сказаць і пра мінулы тыдзень. Усе абмяркоўваюць раскол праваслаўных на больш праваслаўных і менш праваслаўных. А нехта ў той жа час думае над тым, як запусціць ракету на Марс і адкрыць новыя элементарныя часціцы!

Фота www. tut.by

Цягам усяго тыдня мяне не пакідала адчуванне, што мы загразлі ў тых часах, дзе зямля плоская, а неба цвёрдае. І не толькі таму, што ў Мінск прыехалі барадатыя мужы ў рознакаляровых халатах. Так было ва ўсім. Напрыклад, Аляксандр Рыгоравіч у чарговы раз (у які ўжо!) абрынуўся на пасярэднікаў у гандлі і даручыў прэм’ер-міністру краіны Сяргею Румасу актывізаваць імпартазамяшчэнне.

«Мы яшчэ па імпарту столькі завозім, што ў вачах часам становіцца цёмна: ад калыпкоў да рухавікоў. Імпартазамяшчэнне — вельмі важнае пытанне. Нічога не трэба выдумляць, трэба ставіць станкі, тэхналагічнае абсталяванне і вырабляць камплектуючыя», — сказаў Лукашэнка Румасу ў аўторак.

Па-першае, праблему «імпартазамяшчэння» трэба ўвогуле забыць. Хаця б таму, што гэтая задача ставіцца перад кожным прэм’ерам ад пачатку кіравання Лукашэнкам краінай. І ніводзін прэм’ер (і нават сам Лукашэнка) за чвэрць стагоддзя гэтую праблему не вырашыў.

Па-другое, навошта яе ў прынцыпе вырашаць? Нам, наадварот, не трэба ставіць «станкі і тэхналагічнае абсталяванне» — гэта толькі марнаваць час і грошы. Таму што створанае намі «імпартазамяшчэнне» будзе толькі копіяй, а значыць — горшым за арыгінал. А пакуль мы будзем капіяваць старое, наноў вынаходзіць ровар, астатні свет будзе ствараць новае і рухацца наперад. Дык ці не лепей выдаткоўваць грошы і высілкі на стварэнне новага, чым паўтор старога?

Ну і па-трэцяе — гэта Румас павінен пытацца ў Лукашэнкі, чаму мы завозім «калыпкі», а не ствараем іх самі. Бо гэта кіраўнік краіны некалькі гадоў таму развіў бурлівую дзейнасць па «мадэрнізацыі дрэваапрацоўкі». А Румас, які ў той час быў кіраўніком Банку развіцця, даваў на гэта грошы. І зараз «інвестар» Румас павінен пытацца ў «атрымальніка інвестыцый» Лукашэнкі — чаму, калі шалёныя рэсурсы былі выдаткаваныя на дрэваапрацоўку, мы ўсё яшчэ імпартуем калыпкі?

Кіраўнік дзяржавы таксама падкрэсліў неабходнасць вырашэння праблемы пасярэдніцтва, якое, на яго думку, часта становіцца асновай для карупцыйных схем. «За што людзі ідуць у следчы ізалятар, а потым у турму, і перш за ўсё чыноўнікі? Усе павязаныя пасрэдніцкімі схемамі. І што дзівіць — у нас пасярэднікі нават на беларускую прадукцыю. У Мінску вырабляем, і праз пасярэдніка мінскія прадпрыемствы купляюць», — сказаў Лукашэнка.

Насамрэч, у гэтых пасярэдніцкіх схемах няма нічога дзіўнага. Бо пасля слоў Лукашэнкі мне адразу згадалася, як калегі-журналісты праводзілі эксперымент: хацелі набыць у МТЗ трактар. І не змаглі, бо ў аддзеле маркетынгу прадпрыемства не бралі слухаўку. А калі нарэшце туды датэлефанаваліся, высветлілася, што там ніхто дакладна не ведае, колькі трактар каштуе.

Таму прадукцыю прадаюць тыя, хто ўмее прадаваць. Калі існуюць пасярэдніцкія схемы — значыць, нехта проста прадаваць не ўмее, і гэтым карыстаюцца тыя, хто ўмее гэта рабіць.

З пасярэднікамі Лукашэнка таксама змагаецца ад часоў свайго першага абрання. І за чвэрць стагоддзя нікога не перамог. Дык ці не лепш спыніць гэтую марную справу і пакінуць усё, як ёсць? Тым больш, ніхто, апроч яго самога, на гэтых пасярэднікаў не скардзіцца.

Пра эфектыўнасць нашага «імпартазамяшчэння» і «беспасярэднікаў» — яшчэ адна цікавая навіна тыдня. Як піша кіраўнік ініцыятыўнай групы грамадзян Светлагорска па кантролі за будаўніцтвам завода беленай цэлюлозы Анатоль Змітровіч, з аб’екта ў чарговы раз з’язджаюць кітайскія працоўныя, якія яго будавалі. Кажуць, на пуск завода няма ані сродкаў, ані ўмоваў. У мінулы раз яны з’ехалі, калі няправільны праклалі сілавы кабель, што паставіла пад пагрозу выбуху і сам завод, і прылеглыя да яго тэрыторыі. Зараз, як высвятляецца, гэтыя гора-будаўнікі парушылі праект будоўлі, у выніку чаго жыхары Светлагорску і скардзяцца на смурод, які раз-пораз накрывае горад.

Як паведаміла першы намеснік міністра навакольнага асяроддзя Ія Малкіна, «згодна з праектнай дакументацыяй па аб’екце, якая раней прайшла дзяржаўную экалагічную экспертызу, усе смурдныя пахі павінны былі абясшкоджваць без ажыццяўлення выкідаў у атмасферу… Аднак у працэсе пусканаладачных работ высветлілася, што прадпрыемствам не заўсёды забяспечваецца стабільны рэжым працы з рэалізацыяй праектных рашэнняў па абясшкоджванню нізкаканцэнтраваных шкодных рэчываў».

Мы хацелі атрымаць «імпартазамяшчэнне» беленай цэлюлозы, а атрымалі купу праблемаў. І хто будзе зараз адказны за гэтыя праблемы — невядома. Прычым, 85% кошту прадпрыемства — крэдыт кітайскага ж банку, які трэба аддаваць. А прадпрыемства, якое павінна было запусціцца тры гады таму, не працуе дагэтуль.

Але што ў нас працуе? У нас працуе тое, куды дзяржава не ўлазіць са сваім «імпартазамяшчэннем», і не ўлазіць увогуле. ЗАТ «Штадлер Мінск», як паведамляе БелТА, да канца года плануе запусціць новы вытворчы корпус. «Ужо гатовы механаабробчы цэх. Да канца года запускаем цэх зварачных работ, да сакавіка 2019 года — малярны цэх. Пасля завяршэння праекта колькасць працоўных месцаў павялічыцца на 280. Мы ўжо набіраем новых работнікаў, летам наступнага года патрэба ў кадрах яшчэ больш узрасце», — адзначыў кіраўнік заводу Філіп Брунер. Новы корпус дазволіць павялічыць вытворчыя магутнасці ў два разы і збіраць дадаткова 300 вагонаў на год.

Гэта, магчыма, таму, што Брунеру ніхто не загадвае замясціць вытворчасць айчыннымі запчасткамі і набываць фарбу без пасярэднікаў. Ён сам выдатна ведае, дзе якасныя камплектуючыя і ў каго патрэбныя запчасткі.

Ну і напрыканцы добрая навіна. У Адміністрацыю прэзідэнта ўнесены праект указа аб павышэнні пенсій на 5,3%. Плануецца, што з лістапада пенсіі павысяцца на 20 рублёў — да 394 рублёў. А яшчэ Румас заявіў, што ў верасні сярэдні заробак у краіне нарэшце дасягне 1 тысячы рублёў і больш паніжацца не будзе.

Ці сапраўды гэта адбудзецца? Верагодна. Але ёсць пытанне больш складанае: чым мы за гэта заплацім? Інфляцыяй альбо дэвальвацыяй?



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць