Інцыдэнт з «Ryanair» абваліў каціроўкі беларускіх еўрабондаў

Кошт беларускіх еўрааблігацый, якія гандлююцца на другасным рынку, рэзка знізіўся за апошнія суткі, сведчаць даныя Франкфурцкай фондавай біржы.


Так, кошт еўрааблігацый «Беларусь-2031» (з пагашэннем у 2031 годзе) знізіўся на другасным рынку еўрабондаў на гэтым тыдні з 93,76% ад наміналу да 91,13% ад наміналу, пішуць naviny.online.

Кошт еўрабондаў «Беларусь-2030» упаў з 93,26% да 91,66% ад наміналу, еўрабондаў «Беларусь-2027» — са 103,71% да 100,55% ад наміналу, аблігацый «Беларусь-2026» — з 96,626% да 94,795% ад наміналу.

Такім чынам, за апошнія суткі рэзка знізіліся каціроўкі ўсіх выпускаў беларускіх еўрабондаў, якія знаходзяцца ў абарачэнні.

Як паведамлялася, у чэрвені 2020 года беларускія ўлады размясцілі сярод заходніх інвестараў два новыя выпускі еўрааблігацый на 1,25 млрд. долараў.

Еўрабонды «Беларусь-2026» на 500 млн. долараў размешчаныя на тэрмін 5,7 года (з пагашэннем у лютым 2026 года) пад стаўку 5,875% гадавых. Аблігацыі «Беларусь-2031» на 750 млн. долараў размешчаныя на тэрмін 10,7 года (з пагашэннем у лютым 2031 года) пад стаўку 6,378% гадавых. Аблігацыі размешчаныя па цане 100% ад намінальнага кошту.

Паводле звестак Мінфіна, блізу 97% еўрааблігацый Беларусі набыта буйнымі заходнімі кіраўнікамі кампаніямі і інвестыцыйнымі фондамі. Аднак большасць з іх ужо пазбавіліся ад гэтых аблігацый.

Размяшчэннем еўрабондаў улады займаюцца для прыцягнення сродкаў, якія накіроўваюцца на рэфінансаванне плацяжоў па дзярждоўгу. Пачынаючы з 2012 года Беларусь павінна выплачваць у год па дзярждоўгу больш за 3 млрд. долараў. Пікавыя выплаты Беларусі па дзярждоўгу, паводле даных Мінфіна, працягнуцца як мінімум да 2026 года.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: