Іосуб: Хутчэй растуць цэны на тавары і паслугі, якія рэгулююцца дзяржавай

Чаму ўлады не гатовыя адмовіцца ад адміністрацыйнага кіравання коштамі?

 

Для паскарэння развіцця прыватнага сектара Сусветны банк рэкамендуе Беларусі адмовіцца ад рэгулявання цэн. Адміністрацыйны кантроль цэнаў на сацыяльна значныя тавары і абмежаванні, кшталту патрабаванняў да арганізацый рознічнага гандлю па рэалізацыі прадукцыі мясцовай вытворчасці, трэба ліквідаваць, каб забяспечыць фарміраванне цэн на рынкавых прынцыпах, лічаць эксперты Сусветнага банка.

Што будзе з цэнамі на сацыяльна значную прадукцыю, калі цалкам адпусціць іх у «вольнае плаванне», “Заўтра тваёй краіны” распавялі эксперты.

Рынак сам адрэгулюе цэнаўтварэнне

Калі адмовіцца ад адміністратыўнага рэгулявання сфераў, дзе няма манаполій, то не факт, што цэны вырастуць. Хутчэй, будзе наадварот, перакананы старэйшы аналітык кампаніі «Альпары» Вадзім Іосуб.

— Калі паглядзець дынаміку цэн за пару апошніх гадоў, то высвятляецца, што хутчэй растуць цэны на тавары і паслугі, якія рэгулююцца дзяржавай. Цэны, якія не рэгулююцца, натуральным чынам упіраюцца ў плацежаздольны попыт насельніцтва, — тлумачыць эканаміст. — Свабодныя цэны — найважнейшы рынкавы сігнал для вытворцаў, што і колькі вырабляць. Калі кошты рэгулююцца, то сігнал скажаецца.

На асобныя тавары і паслугі кошты ўсё ж могуць вырасці. У першую чаргу, на пэўныя камунальныя паслугі, што наўпрост закране найбольш неабароненыя слаі насельніцтва. У гэтым выпадку выратаваць бедных беларусаў магла б адрасная дапамога. Яна больш дзейсная, чым штучнае ўтрыманне цэнаў, ад якога ў большай ступені выйграюць забяспечаныя пласты насельніцтва, а не тыя, хто ў нястачы.

— Самы просты прыклад: калі мы плацім па заніжаных цэнах за ацяпленне, то больш за ўсё ад гэтага выйграе не пенсіянер, які жыве ў аднапакаёвай кватэры, а ўладальнік трохпавярховага катэджа, бо ў абсалютным выглядзе ён атрымлівае значна большую зніжку за сацыяльную цану на паслугу, хоць менш за іншых у ёй мае патрэбу, — кажа Вадзім Іосуб.

Калі прыбраць высокія тарыфныя стаўкі на многія прадукты харчавання, адмовіцца ад празмерных патрабаванняў да арганізацый рознічнага гандлю па рэалізацыі прадукцыі, то тавары стануць значна танней, лічыць кіраўнік аналітычнага цэнтра "Стратэгія" Леанід Заіка.

— Калі ў Беларусі кілаграм бульбы каштуе 0,5 долара, а то і 0,7 долара, то лепш наогул яе не саджаць, а купляць больш танныя прадукты на сусветным рынку, — лічыць эксперт. 

Не ўсе рынкі гатовыя да рынкавага коштаўтварэння

Сусветны банк з 1991 года заклікае Беларусь адысці ад адміністрацыйнага цэнаўтварэння. І шмат у чым краіна выканала гэтыя рэкамендацыі. Але застаецца адкрытым пытанне стрымлівання коштаў на тавары на рынках, дзе кіруюць манапалісты або адсутнічае канкурэнцыя.

Хоць перайсці да фарміравання цэн па рынкавых прынцыпаў сектарах, якія засталіся падкантрольнымі, не так і складана, улада не робіць гэтага ці таму што не ўмее, ці таму што баіцца, лічыць Леанід Заіка.

Цалкам адмовіцца ад вызначэння гранічных значэнняў цэнаў можна будзе, калі запрацуе паўнавартасны рынак, калі абсалютная большасць гульцоў у беларускай эканоміцы стане прыватнымі, гаспадарчымі суб'ектамі, падкрэслівае Леаніда Заікі. Але рыхтаваць эканоміку да паўнавартасных капіталістычным адносінаў і, адпаведна, джа рынкавага фарміравання цэн на тавары і паслугі, даўно час.

Свабоднае цэнаўтварэнне перашкаджае манаполіі 

Для нармальнага існавання спажывецкага рынку і задавальнення спажывецкага попыту рынкавыя цэны — лепш, чым іх штучнае стрымліванне.

— Яшчэ нідзе рэгуляванне рынку не прыносіла спажыўцам карысць. Можна ўспомніць Савецкі саюз ці, як больш свежы прыклад, Венесуэлу з дэфіцытам усяго. Вось чым звычайна заканчваюцца папулісцкія спробы зрабіць тавары больш даступнымі для шырокіх слаёў насельніцтва, — лічыць Леанід Заіка.

 Паводле «Заўтра тваёй краіны»

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: