Іосуб: Крэмль выкарыстоўвае праблемы з транзітам газу для ціску на Мінск

І транзіт расійскага газу праз Беларусь, і пастаўкі расійскай нафты на «Нафтан» аказваюцца пад пытаннем, заявіў «Беларускаму партызану» старэйшы аналітык кампаніі «Альпары Еўразія» Вадзім Іосуб.
Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева


— «Газпрам» плануе рэзка скараціць транзіт газу праз Беларусь. У чацвёртым квартале прапампоўка скароціцца на 80%. Якое гэта мае значэнне для Беларусі?

— Ад транзіту расійскага газу праз сваю тэрыторыю Беларусь зарабляе парадку 250-300 мільёнаў долараў у год. Адпаведна ў квартал гэта 60-75 млн.

Значыць, у чацвёртым квартале беларускі бюджэт страціць каля 50 млн долараў.

— Чым можа быць абумоўлена рашэнне «Газпрама» — запускам «Паўночнага патоку-2»?

— Добра было б дачакацца афіцыйнага каментара «Газпрама», але, мяркуючы па ўсім, гэта сапраўды звязана з «Паўночным патокам-2». Мабыць, яны плануюць завяршыць у хуткім часе яго будаўніцтва і да чацвёртага квартала пусціць па новай галінцы газ у Еўропу — у тым ліку, перанакіраваць туды газ з беларускага напрамку.

Але паўтаруся, да афіцыйных каментароў «Газпрама» гэта пакуль здагадка.

— Калі ў чацвёртым квартале праз Беларусь прапампоўка скароціцца на 80%, ці можна дапусціць, што пасля транзіт скароціцца і на ўвесь 2022 год?

— Цяжка гадаць, не ведаючы дакладна пра прычыны такога рашэння. Акрамя таго, на гэтае пытанне будзе ўплываць усё яшчэ не зацверджаная апошняя дарожная карта па паглыбленні інтэграцыі Беларусі і Расіі, якая як раз тычыцца энергетычных пытанняў.

Таксама на аб'ём транзіту праз Беларусь могуць паўплываць новыя санкцыі. У Еўропе пасля інцыдэнту з самалётам Ryanair як адзін з варыянтаў новых санкцый разглядаюць забарону на транзіт газу з Беларусі.

На дадзеным этапе занадта шмат невядомых, каб рабіць прагнозы па аб'ёмах прапампоўкі ў наступным годзе.

— Пасол Расіі Яўген Лук'янаў заявіў: «Беларусь мы не кінем». Ці стане Крэмль выкарыстоўваць пытанне пра транзіт газа як інструмент па прымусе беларускіх уладаў да паглыблення інтэграцыі?

— Крэмль выкарыстоўвае любыя эканамічныя складанасці як інструмент ціску. Не думаю, што праблема транзіту газу стане выключэннем.

— Наколькі рэалістычным вы бачыце сцэнар, пры якім новыя еўрапейскія санкцыі закрануць транзіт праз Беларусь?

— Наогул кажучы, гэта выглядае не вельмі рэалістычна. Наколькі я памятаю, гэта быў заклік асобных членаў Еўрапарламента, а не асобаў, якія прымаюць сур'ёзныя рашэнні.

У чальцоў ЕС розныя інтарэсы, і, напрыклад, Польшча, думаю, моцна зацікаўлена ў тым, каб атрымліваць расійскія энерганосьбіты найкароткім маршрутам — праз Беларусь.

У мяне вялікі сумнеў, што па пытанні санкцый у адносінах да транзіту газу ў Еўразвязе будзе адзінства.

— У траўні былі скарочаныя пастаўкі расійскай нафты на «Нафтан» ў сувязі з амерыканскімі санкцыямі. Як цяпер развіваецца сітуацыя?

— На самай справе складана сцвярджаць, што пастаўкі скараціліся ў сувязі з санкцыямі ЗША: афіцыйна заяўлена аб рамонтных работах на «Нафтане». Калі пастаўкі не адновяцца пасля чэрвеня, то тады можна ўжо будзе казаць пра ўплыў амерыканскіх санкцый.

А калі справа сапраўды ў іх, то, думаю, беларускі і расійскі бакі ўжо актыўна думаюць, як гэтыя санкцыі абыйсці. Напрыклад, выкарыстоўваючы пасярэднікаў, якія не працуюць на сусветным рынку і таму не будуць баяцца санкцый.

З іншага боку, зноў-такі гэтую праблему Расія можа выкарыстаць як дадатковы рычаг ціску на беларускія ўлады.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: