Як Беларусь «адмывала» бельгійскія грушы

Кампаніі з Бельгіі і Нідэрландаў апошнія гады працягвалі пастаўляць грушы ў Расію, абыходзячы накладзеныя санкцыі, паведамляе тэлекампанія RTBF са спасылкай на апытанне, якое правяла газета De Volkskrant. Паводле папярэдніх ацэнак, кожны год яны адпраўлялі ў Расію каля 70 тыс.т садавіны агульным коштам каля € 56 млн.

Паводле выдання, вытворцы з Бенілюкса перапраўляюць грушы ў Расію праз Беларусь і Літву, прад'яўляючы сертыфікаты, з якіх вынікае, што садавіна вырашчана за межамі ЕС. Дакументы яны набываюць у карумпаваных органаў аховы здароўя ў краінах Афрыкі.

Тэлеканал сцвярджае, што дзякуючы гэтым махінацыям бельгійцы і галандцы прадаюць у Расію каля паловы таго аб'ёму, які ішоў туды да ўвядзення антысанкцый.

Расійскае харчовае эмбарга, якое было ўведзена ў 2014 годзе ў адказ на санкцыі Еўрасаюза, прадугледжвае поўную забарону на ўвоз у краіну садавіны і ягад з ЕС, Нарвегіі, Ісландыі і шэрагу іншых краін.

Пытанне аб грушах абмяркоўвалася ў лютым на сустрэчы віцэ-прэм'ера Бельгіі Дыдзье Рэйндэрс і Дзмітрыя Рагозіна, які тады быў намеснікам старшыні ўрада Расіі. Рэйндэрс тады заявіў, што расейцы павінны мець доступ да бельгійскіх яблык і грушаў. Рагозін у адказ заявіў, што Масква зацікаўлена ў камфорце і абароненасці сваіх прадпрымальнікаў, якія працуюць у Бельгіі.

Масква неаднаразова падазравала Мінск у пастаўках грушавай "санкцыёнкі", адзначаючы рост паставак з Беларусі ў Расію свежых груш, вырашчаных па дакументах у Азіі і трапічнай Афрыцы. Да прыкладу, у 2015 годзе ў параўнанні з 2013 годам імпарт груш у Беларусь павялічыўся з 33 да 175 тысяч тон, пры гэтым доля груш, якія паступаюць з краін Еўрапейскага саюза, знізілася з 95 да 10%. За гэты ж час экспарт груш з Беларусі ў Расію павялічыўся больш чым у 7 разоў — з 22 да 159 тысяч тон. У 2016 годзе 75% груш, якія пастаўляюцца праз Беларусь у Расію, згодна з дакументамі, мелі азіяцкае або афрыканскае паходжанне.

У 2016-2017 гадах Беларусь пастаўляла ў Расію больш за 90 тыс. тон груш у год на суму каля 15 млн долараў. Імпарт груш у Беларусь быў у гэтыя гады на ўзроўні 145 тысяч тон на суму 125 млн долараў у 2017 годзе (+5,5% да 2016-га).

Паводле tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: