Як доўга беларускі рубель будзе мацней расійскага?

Чаму антыпуцінскія санкцыі балюча б’юць па беларускай эканоміцы?
Учора падчас таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы курс расійскага рубля знізіўся да мінімальнага за 21 месяц eзроўню: за 100 расійскіх рублёў давалі толькі 3,0205 беларускіх.

— Расійскі рубель зніжаецца да ўсіх валют, у тым ліку і ў адносінах да беларускага рубля, — адзначае старэйшы аналітык Альпары Вадзім Іосуб.

Паводле яго слоў, галоўная прычына падзення валюты РФ — амерыканскія санкцыі. Эксперт нагадвае, што ў красавіку ЗША ўвялі санкцыі супраць 24 буйных расійскіх бізнесменаў і чыноўнікаў. З учорашняга дня дзейнічаюць санкцыі з-за атручвання Скрыпалёў.

— Гэтыя чыста расійскія справы наклаліся на крызіс валют практычна ва ўсіх краінах, якія развіваюцца: было сур’ёзнае падзенне турэцкай ліры і бразільскага рэала, адгукнулася ў Мексіцы, у ПАР, — канстатуе эканаміст.

Эксперт падкрэслівае, што да долара зніжаюцца амаль усе валюты дзяржаў СНД. Аднак беларускі рубель глядзіцца нават лепш валют іншых краін, якія развіваюцца, дзе ёсць замежныя інвестары.

— Але не таму, што ў нас такі моцны рубель або моцная эканоміка. Проста на рынку дзярждоўгу, намінаванага ў беларускіх рублях, практычна няма замежных інвестараў. Яны сюды не заходзілі, таму адсюль і не выходзяць, — адзначае аналітык.

Мяркуючы па ўсім, цяперашнія санкцыі з боку ЗША ў дачыненні да Расіі не апошнія. 21 жніўня ў Кангрэсе прайшлі слуханні з нагоды новых антырасійскіх санкцый, звязаных з Крымам, Данбасам, а таксама з умяшаннем у выбары ў Злучаных Штатах.

Вадзім Іосуб лічыць: калі санкцыйны прэс Вашынгтона на Крэмль узмоцніцца, курс беларускага рубля ў адносінах да расійскага шмат у чым будзе залежаць ад сітуацыі ў эканоміцы Беларусі.

— На перспектыву ўсё не вельмі проста. Для беларускай эканомікі могуць быць вельмі хваравітымі наступствы падатковага манеўру. Абвастрылася пытанне бязмытных паставак нафтапрадуктаў у Беларусь, — кажа эканаміст.

Таксама, па яго словах, пакуль не ясна ці атрымае афіцыйны Мінск расійскі дзяржкрэдыт у 1 мільярд даляраў.

Як лічыць эксперт, калі Беларусь разруліць нафтавыя пытанні з РФ і дамовіцца аб крэдыце, то слабы расійскі рубель будзе падаць і да беларускага.

— Калі мы свае праблемы не вырашым, то беларускі і расійскі рубель будуць падаць сінхронна. А долар будзе расці да беларускага рубля мацней, — прагназуе Вадзім Іосуб.

Аналітык адзначае, што ў апошні час істотна пачаў расці курс еўра да беларускага рубля і іншых валют. За тыдзень еўра падаражэў да долара амаль на 3%.

— Калі так будзе і далей, то еўра яшчэ хутчэй будзе расці і да беларускага рубля. Але пакуль няма прыкмет, што і далей еўра на працягу доўгага часу будзе расці да долара, — кажа суразмоўца.

Ён лічыць, што пакуль не варта вырабляць змены ў валютным кошыку Беларусі, дзе сёння 50% складае расійскі рубель, 30% — долар і 20% — еўра.

— Пакуль на Расію ідзе амаль 50% беларускага экспарту, цалкам разумна, што ў кошыку расійскі рубель таксама займае палову. Калі сур’ёзна зменіцца геаграфічная і валютная структура нашага экспарту, то толькі тады з’явіцца падстава казаць аб змене валютнага кошыка, — мяркуе старэйшы аналітык Альпары.

Эканаміст нагадвае: кіраўніцтва Беларусі шмат кажа пра тое, што трэба дыверсіфікаваць геаграфію экспарту, але на справе нічога не змяняецца: Расія застаецца асноўным рынкам збыту.

— Гэтая залежнасць шкодная і балючая. Удар па расійскай эканоміцы азначае аўтаматычна зніжэнне попыту на беларускую прадукцыю, — падкрэслівае Вадзім Іосуб.

Паводле Заўтра тваёй краіны

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!