Як дзяржава выціскае айцішнікаў

Чаму ІТ-кампаніі адчуваюць сябе няўтульна ў Беларусі?

Што хвалюе ІТ-сектар і на што кампаніі спадзяюцца ў будучыні — пра гэта ў даследаванні «Прапановы рэформаў, накіраваных на развіццё IT і інавацыйнага сектара ў Рэспубліцы Беларусь», праведзеным у межах праекта РЭФОРУМ.

З 2009 па 2014 гады колькасць кампаній, якія аказваюць паслугі ў сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, вырасла на 46% — да 4,4 тысячы. Каля 40% з іх цалкам беларускія, чацвёртая частка мае беларускі і замежны капітал, прыкладна трэцяя частка — цалкам замежныя.

Колькасць работнікаў сектара павялічылася з 2009 па 2014 год з 19,7 да 48 тысяч чалавек, з прыростам прыкладна 16% у год. Сярэдні заробак супрацоўнікаў Парку высокіх тэхналогій за гэты час вырас з 1,1 да 2 тысяч даляраў.

Дзякуючы адмысловым умовам, Парк высокіх тэхналогій з 2006 года забяспечыў рост экспарту ІТ-паслуг з Беларусі ў тры разы, перавысіўшы 1 мільярд даляраў. Больш за палову паслуг у 2015 годзе адпраўлялася на экспарт.

Што можа падштурхнуць ІТ сысці з Беларусі?

На першым месцы для ІТ-кампаній стаіць кадравая праблема. У краіне адчуваецца недахоп людзей, гатовых да навучання на праграмістаў з далейшым прыёмам на працу. А ўзровень адукацыі не дазваляе рыхтаваць спецыялістаў, гатовых адразу ўзяцца за працу.

— Топ-мэнэджэры не разглядаюць падвышэнне якасці адукацыі як рэальную перспектыву, таму што людзі, якія могуць падрыхтаваць кадры, не будуць гэтага рабіць за той заробак, які прапануе айчынная сістэма адукацыі, — распавядае эксперт Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Алена Арцёменка.

На другое месца прадстаўнікі сферы ставяць страту канкурэнтаздольнасці на глабальных рынках.

Беларускія кампаніі пачыналі з таго, што ўзровень заробкаў работнікаў быў невысокім, а якасць значна вышэй, чым у Індыі ці Кітая. Зараз жа канкурэнцыя выклікала такі рост заробкаў, што беларускія паслугі становяцца неканкурэнтаздольнымі ў сектары «добра і танна». У той час як кошт паслуг кітайцаў расце павольней, чым іх кваліфікацыя, перад Беларуссю паўстае выклік пошуку новых ніш для развіцця сектара, — каментуе эксперт.

Як і ў любым беларускім бізнэсе, у ІТ-кампаній няма веры ў тое, што правілы гульні на рынку будуць стабільнымі. І гэта ставіць пад сумнеў магчымасць доўгатэрміновага бізнес-планавання.

Сталыя абмеркаванні таго, будуць ці не будуць падоўжаныя ўмовы для Парку высокіх тэхналогій, трымаюць ўсе кампаніі ў стане нязручнага чакання, — распавядае Алена Арцёменка. — Што правакуе іх шукаць дадатковыя месцы для рэгістрацыі бізнесу і быць гатовымі ў выпадку неабходнасці пераехаць юрыдычна ці нават фізічна.

Льготны падатковы рэжым для кампаній Парку высокіх тэхналогій сканчаецца ў 2020 годзе, як гэта было прадугледжана дэкрэтам прэзідэнта. Як складзецца лёс ПВТ, пакуль невядома — меркаванні экспертаў на гэты конт разыходзяцца. 

Калі ж умовы вядзення бізнесу не захаваюцца, кампаніі гатовы вярнуцца да заробкаў у канвертах, каб не плаціць вялікія сумы ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Ці ж адправіцца ў суседнія краіны з больш спрыяльнымі ўмовамі працы не толькі галаўным офісам, а нават усёй камандай.

— Такія адказы павінны быць сігналам для кіраўніцтва краіны, — лічыць эксперт.

Недасканаласць законаў робіць бізнесменаў парушальнікамі

Пэўныя бар'еры і неадпаведнасці беларускага заканадаўства міжнароднаму перашкаджаюць ІТ-кампаніям больш эфектыўна працаваць з замежнымі партнёрамі.

Часта грошы налічваюцца айцішнікам значна пазней, чым здзяйсняецца першая купля. Гэта стварае праблему, таму што згодна з беларускім заканадаўствам экспартная аперацыя пачынаецца адразу пасля завяршэння куплі.

У выніку беларускі айцішнік прапускае тэрміны па аплаце падаткаў па знешнегандлёвых аперацыях і, сам таго не жадаючы, парушае адміністрацыйнае заканадаўства, — распавядае аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Аляксандр Аўтушка-Сікорскі.

Яшчэ адна праблема ў тым, што ў айчынным прававым полі патрабуюцца папяровыя дамовы. Буйныя міжнародныя кампаніі не стануць падпісваць кантракты з кожным праграмістам асобна — для гэтага выкарыстоўваецца дамова-аферты ў рэжыме онлайн.

Часта гэта прымушае айцішнікаў міграваць у Літву, таму што там такіх праблем няма, — каментуе эксперт.

Яшчэ адзін камень перапоны — падатак на даходы замежных арганізацый. Прадстаўнік ІТ-сферы з Беларусі павінен плаціць падатак на грошы, якія буйная кампанія пакінула сабе ў якасці маржы.

Беларускі айцішнік і рады б выплаціць іх са сваіх грошай. Але і ў гэтым выпадку ён парушыць адміністрацыйнае заканадаўства, — кажа Аляксандр Аўтушка-Сікорскі.

Для вырашэння гэтай праблемы эксперты прапануюць увесці норму, якая б дазваляла выплачваць падатак на даходы замежнай арганізацыі са сваіх грошай, а таксама адмовіцца ад даведкі аб рэзідэнтах.

На думку аўтараў даследавання, не лішнім было б зрабіць больш гнуткім і пералік падаткаў, каб не атрымлівалася накладак і нестыковак.

Аўтары даследавання прапануюць павялічыць радкі дзейнасці рынкава-гандлёвых аперацый, каб прадстаўнікі паслуг маглі даваць справаздачу па факце атрымання сродкаў. А таксама прывесці беларускае заканадаўства ў адпаведнасць з міжнароднай практыкай.

Паводле Заўтра тваёй краіны

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: