Як манетызаваць правы чалавека?

Беларусь губляе назапашаны ў выніку вайны на Данбасе аўтарытэт міратворцы на міжнароднай арэне. «Мінскія пагадненні» застопарыліся, а з іншымі ініцыятывамі нешта не вельмі атрымліваецца. Даводзіцца ісці на крайнія меры.


У кастрычніку здарылася нешта неверагоднае. Беларусь упершыню больш чым за 20 гадоў вырашыла даць у ААН справаздачу па выкананні краінай Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. У прынцыпе, такую справаздачу мы, як краіна, што падпісала гэты дакумент, павінны даваць больш-менш рэгулярна. Аднак гэтага не рабілі — самі ведаеце з якой прычыны. Зараз усё ж наважыліся — і атрымалі тое, што атрымалі. У ААН да нас існуе вельмі шмат пытанняў.

Пытанні тыя, пра якія ўнутры Беларусі мы кажам шмат разоў. Гэта, напрыклад, прымусовая праца, гвалтоўнае знікненне людзей, прымяненне катаванняў у турмах і не толькі, адсутнасці ў Крымінальным кодэксе асобнага артыкула за прымяненне гэтых катаванняў і жорсткага абыходжання, заканадаўства пра хатні гвалт, нядаўна «зарубленае» Лукашэнкам, адвольныя затрыманні, свабода сходаў, збораў, асацыяцый, свабода прафсаюзаў, праблема выканання рашэнняў КПЧ, прыцягненне жанчын да кіравання дзяржавай... Карацей, усяго не пералічыш. Падаецца, блок пытанняў да нашай краіны па аб’ёме ўдвая (калі не ўтрая) перавышаў аб’ём самой справаздачы.

Зразумела, беларускім дыпламатам давялося выкручвацца. Афіцыйныя прадстаўнікі Беларусі ўхіляліся ад многіх пытанняў Камітэта па сутнасці, давалі павярхоўныя адказы, замоўчвалі праблемы. Праваабаронца Валянцін Стэфановіч, які прымае ўдзел у працы сесіі Камітэта ААН па правах чалавека, адзначыў, што прадстаўнікі Беларусі ўхіляліся ад адказу на многія пытанні, зададзеныя Камітэтам, заяўляючы пры гэтым, што нацыянальнае права першаснае ў адносінах да міжнароднага (хаця Канстытуцыя краіны кажа пра адваротнае).

Дырэктар Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend Вольга Смалянка выказалася ў фэйсбуку яшчэ больш лаканічна: «Беларуская дэлегацыя кінула выклік КПЧ. Коратка: наша нацыянальнае права мець свой погляд на тое, як прымяняць працэдуры ў рамках Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах».

Навошта ж тады беларускай дыпламатыі спатрэбіліся гэтыя два дні ганьбы? Ці не лягчэй было праігнараваць справаздачу, як гэта і было 20 гадоў запар?

Відавочна, што краіна губляе назапашаны ў выніку вайны на Данбасе аўтарытэт міратворцы на міжнароднай арэне. «Мінскія пагадненні» застопарыліся, а з іншымі ініцыятывамі нешта не вельмі атрымліваецца.

Напрыклад, Лукашэнка ў чарговы раз паразмаўляў з генсекам АБСЕ Томасам Грэмінгерам. І той паведаміў беларускаму кіраўніку, што для амбіцыйнай беларускай ініцыятывы «Хельсінкі–2» яшчэ не надышоў зручны час.

«Гэта вельмі цікавая ініцыятыва, думаю, нам неабходна ацаніць, калі будзе зручны час для яе запуску. Пакуль гэта дзень не наступіў», — сказаў Грэмінгер тэлеканалу «Беларусь-1» і дадаў, што «давер паміж асноўнымі ўдзельнікамі працэсу, забеспячэнне еўраатлантычнай бяспекі знаходзіцца на такім нізкім узроўні, што, баюся, асноўныя гульцы проста не гатовыя далучыцца».

То бок, Сінявокая наперадзе ўсяго свету і апярэдзіла час. Аднак такія кампліменты ў келіх не нальеш і ў кішэню не пакладзеш. А нам вельмі хочацца (і трэба), каб у гэтай кішэні нешта было.

Пакуль міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Standard & Poor’s Global Ratings пацвердзіла доўгатэрміновыя і кароткатэрміновыя суверэнныя крэдытныя рэйтынгі Беларусі па абавязацельствах у нацыянальнай і замежнай валютах «В/В». То бок, крэдытная сітуацыя ў нас не добрая, але стабільная. Аналітыкі мяркуюць, што знешнеэканамічныя дысбалансы краіны не павялічацца, грашова-крэдытная палітыка будзе заставацца параўнальна стрыманай, а ўрад захавае доступ да рынкаў капіталу і будзе атрымліваць падтрымку ад урада РФ для рэфінансавання дзярждоўгу.

«Мы можам знізіць рэйтынг, калі выкананне планаў рэфінансавання доўгу апынецца пад пагрозай, напрыклад, у сувязі са зменай палітыкі Расіі ў дачыненні да падтрымкі Беларусі як у эканамічнай, так і ў палітычнай сферы», — сярод іншага адзначаецца ў паведамленні агенцтва.

Разумееце? Два разы ў адным тэксце Standard & Poor’s звязвае нашу эканамічную бяспеку з дзеяннямі Расіі. У якой, між іншым, крызіс за крызісам і санкцыі за санкцыямі. А таму «стабільны» рэйтынг можа пахіснуцца ў любы момант.

Зразумела, што нам хацелася б адысці ад нашага «старэйшага брата» некуды падалей. Але ж іншыя грошай не даюць, таму што мы непрывабна выглядаем сярод прыстойных людзей. То хатні гвалт вітаем, то працоўных ці не ў прыгон прадаём… З такім іміджам трэба нешта мяняць. І таму спатрэбіліся і «Хельсінкі–2», і Камітэт па правах чалавека ААН. Так, крышачку нас там зганьбілі, але зараз мы можам казаць, што мы прадставілі справаздачу ў КПЧ ААН, як цывілізаваныя людзі. А пра тое, як яна была ацэненая і прынятая — прамаўчым.

А з Расіяй мы хутка расплюемся з яшчэ адной нагоды. Мінфін Беларусі рыхтуе дакументы для перамоваў з Мінфінам РФ па пытанні зніжэння працэнтнай стаўкі па крэдыце на будаўніцтва беларускай АЭС. Пра гэта паведаміў міністр энергетыкі РБ Віктар Каранкевіч.

Гэта простае выкананне словаў Лукашэнкі пра тое, што запуск БелАЭС пераносіцца па віне расійскага боку. І таму трэба спагнаць з іх «неўстойку». Цікава тое, што падрадчыкі будаўніцтва з усходу адпрэчваюць усе абвінавачванні: па іх словах, будоўля ідзе па графіку і першае паліва на АЭС будзе завезенае гэтай зімой.

І пытанне тым больш цікавае, што, па словах таго ж Каранкевіча, Беларусь і Расія да ліпеня наступнага года распрацуюць дакумент аб фармаванні цаны на расійскі газ для Беларусі на перыяд да 2025 года. У красавіку 2017 года дзве краіны падпісалі дакументы, якія знялі рознагалоссі ў нафтагазавай сферы. На 2018 і 2019 гады Мінск атрымаў больш нізкую цану на газ — 129 і 127 долараў за тысячу кубаметраў адпаведна.

Дэ-факта гэта азначае, што Лукашэнку так ніхто і не патлумачыў, якім чынам беларуская АЭС будзе ўбудаваная ў эканоміку краіны. Гэтага дасюль ніхто не ведае.

А таму на першы погляд абсурдная прапанова некаторых гарачых галоваў выкарыстоў­ваць яе для майнінгу крыптавалютаў можа стаць рэальнасцю. Бо ні для чаго іншага АЭС прыдатная не будзе.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць