Як распрадаць БелАЗы і іншыя складскія запасы?

Чаму расце аб’ём нерэалізаванай прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў.
Паводле звестак Белстата, па выніках студзеня ў Беларусі суадносіны запасаў гатовай прадукцыі да сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці ў студзені склалі 82,2% супраць 64,2% у студзені 2019-га і 66,3% у снежні 2019 года. У грашовым выражэнні за першы месяц 2020 года запасы гатовай прадукцыі на складах беларускіх прамысловых прадпрыемстваў павялічыліся на 501,1 мільёна рублёў і на 1 лютага склалі 5 мільярдаў 635,5 мільёна рублёў.

Чаму расце аб’ём нерэалізаванай беларускай прадукцыі і як з гэтым змагацца?

У рынкавай эканоміцы такое было б немагчыма, лічыць эканаміст Леанід Злотнікаў.

— Бо пры гэтым замарожваецца капітал. Гэта цягне дадатковыя фінансавыя страты. Але ў Беларусі даюць справаздачу аб’ёмамі вырабленай прадукцыі, а тое, што яна лягла на склад — усё роўна. У справаздачу пойдзе, што аб’ём павялічыўся. Бо трэба ж каўку ставіць.

— Што ў нас сёння прадаецца горш за ўсё?

— Напрыклад, БелАЗы. Два гады таму магутнасці працавалі амаль на сто адсоткаў, а зараз загрузка складае каля пяцідзесяці адсоткаў. А наогул усё патроху дрэнна прадаецца, але, перш за ўсё, гэта датычыцца машынабудавання. У нас такая сістэма ўліку-справаздачы, што важна, колькі штук выпусціў, які аб’ём вырабіў. Вядома, ціснуць і на тое, каб продажы былі большымі, але галоўная справаздачау ідзе па валавым паказчыку вытворчасці.

— Што з гэтым рабіць?

— Патрэбна іншая сістэма кіравання — замест каманднай сістэмы патрэбна рынкавая эканоміка, іншых варыянтаў я не бачу. Толькі гаспадар не будзе вырабляць сабе ў страту. А дзе ўсё агульнае — там гэта ўсё роўна, прэмію могуць даць, хутчэй, за аб’ём вытворчасці, чым за продаж.

— Як сёння разгрузіць склады, пазбавіцца ад ужо вырабленай прадукцыі?

— У 2009-м годзе таксама была вельмі суровая сітуацыя з перазагружанасцю складоў гатовай прадукцыяй, і ўрад даў указанне: можаце разгружаць склады і прадаваць па любой цане. Перш за ўсё трэба гэта рабіць за кошт зніжэння цэнаў, калі хочуць прадаць сёння, паколькі цяпер на сусветным рынку кан’юнктура таксама не бліскучая, каб чакаць, што ў бліжэйшыя месяцы рынак ажывіцца і можна будзе прадаць па старых цэнах.

— І ўсё гэта будзе ляжаць на складах мёртвым грузам?

— Нейкі час прадукцыя паляжыць, потым яе прададуць, знізіўшы цэны. Можа, урад, калі няма абаротных сродкаў, дазволіць хоць нешта прадаць, каб надалей вырабляць. Наша сістэма не першы год, а ўвесь час так працуе.

— Атрымліваецца, што ў нас на складах замарожана амаль 3 мільярды даляраў. Можна лічыць, што гэтыя грошы страчаныя?

— Не страчаныя, але могуць быць страчаныя, хоць і не ўсе. Умоўна кажучы, калі выраб каштаваў 100 даляраў, яго прададуць за 95. Нейкія страты могуць быць, але галоўнае, што замарожаная «абаротка». Каб працягваць вытворчасць, прадпрыемствам трэба зноў купляць дэталі, плаціць рабочым. А яны свой капітал подзамарозілі ў запасах, так што ў іх ужо горш з забеспячэннем бягучай вытворчасці. Значыць, яны павінны браць сродкі ў банку, плаціць больш працэнтаў, а так маглі б абысціся і без банка, і без працэнтаў, гэта значыць, працаваць без страты грошай, калі б не выраблялі лішняга або рабілі добрую прадукцыю, каб кошты не падалі.

Паводле Заўтра тваёй краіны

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: