Як улады Беларусі шукаюць грошы ў ідэйных праціўнікаў

Вяртанне да перамоваў з МВФ аб выдзяленні крэдыту сведчыць пра складаную фінансавую сітуацыю і праблемы з выплатай запазычанасці, піша ў сваім блогу на «Свабодзе» Валер Карбалевіч

 

Фота @Shutterstock

Сцісла

·  75% ад доўгу, які неабходна вярнуць, улады будуць пазычаць на знешніх рынках.

·  Расія адмаўляе ў крэдыце, увязвае ўсе крыніцы дапамогі з гатоўнасцю Беларусі да інтэграцыі.

·  Пытанне, дзе ўзяць грошай, каб разлічыцца з даўгамі, паўстае ў поўны рост.

·  Таму нічога іншага не застаецца, як зноў звярнуцца да МВФ. Але фонд выстаўляе ўмовы, якія дасюль былі не прымальныя для беларускіх уладаў.

·  Міністр фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч, выступаючы ў Палаце прадстаўнікоў, паведаміў важную інфармацыю пра стан фінансаў краіны. Страты эканомікі Беларусі ад расійскага «падатковага манеўру» ў 2019–2020 гадах складуць каля 800 млн долараў. Таму Беларусь плануе на наступным тыдні абмеркаваць з Міжнародным валютным фондам (МВФ) магчымасць новай праграмы, паведаміў міністр.

Сітуацыя з выплатай запазычанасці складаецца даволі няпростая. Наступным годам за даўгі давядзецца заплаціць 3,5 млрд даляраў.

Цяпер ужо 6–7% валавога ўнутранага прадукту (ВУП) ідзе на пагашэнне і абслугоўванне знешняга доўгу (без уліку ўнутранага валютнага доўгу). Але, каб разлічыцца з пазыкамі, гэтага мала. Таму кожны год Беларусь звычайна выплачвае Расіі каля траціны ад неабходнай сумы доўгу, а потым просіць даць новы крэдыт для вяртання ранейшых — то ў ураду РФ, то ў Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця, то яшчэ ў каго.

Вось і праект бюджэту на 2020 год прадугледжвае, што 75% ад доўгу, які неабходна вярнуць, будуць пазычаць на знешніх рынках.

Але сёлета ў адносінах з Расіяй ранейшы алгарытм паламаўся. Мала таго, што Беларусь нясе страты ад расійскага падатковага манеўру. Мінск звярнуўся да Масквы з просьбай даць крэдыт на 600 млн долараў дзеля рэфінансавання ранейшых пазык ад РФ. Аднак Крэмль адмовіў. Расія ўвязвае ўсе крыніцы дапамогі (па нафце, па газе, па крэдытах і інш.) з гатоўнасцю Беларусі да інтэграцыі. І, гледзячы па ўсім, вузел у адносінах з РФ усё больш зацягваецца. Міністр замежных спраў Уладзімер Макей у інтэрв’ю расійскаму РБК прыгразіў, што калі не будуць вернутыя расійскія датацыі, то Беларусь не падпіша інтэграцыйныя дакументы. А пакуль беларускія ўлады вымушаныя фармаваць бюджэт на наступны год без уліку расійскай дапамогі.

Між іншым, фінансавая сітуацыя складаецца няпростая. У верасні золатавалютныя рэзервы Беларусі ўпершыню за шмат месяцаў знізіліся на 60 мільёнаў долараў. Таксама ўпершыню за шмат гадоў на 2020 год запланаваны дэфіцыт рэспубліканскага бюджэту ў памеры 1% да ВУП.

І пытанне, дзе ўзяць грошай, каб разлічыцца з даўгамі, паўстае ў поўны рост. Можна размясціць дзяржаблігацыі на міжнародных рынках. Летась такім чынам пазычалі ў еўрапейскіх інвестараў, сёлета — на расійскім рынку. Але там вялікі працэнт. Планавалі выкарыстаць для гэтай мэты і кітайскі рынак, але потым адмовіліся, ба там яшчэ даражэй.

Таму нічога іншага не застаецца, як зноў звярнуцца да МВФ. Не ад добрага жыцця.

Перамовы з фондам у 2016–2017 гадах нічым не скончыліся. Бо МВФ выставіў для крэдыту ўмову — рэформы дзяржаўнага сектару эканомікі. А гэта ўжо пытанне не эканамічнае, а палітычнае. Бо вялізны дзяржсектар — гэта аснова беларускай сацыяльнай мадэлі, а яна аптымальная для ўтрымання ўлады Лукашэнкам. Таму замах на дзяржсектар — гэта амаль што замах на ўладу.

Думаю, будзе выкарыстана такая тактыка: увяжамся ў перамовы, а там паглядзім. У любым выпадку, гэтае пытанне (рэформа дзяржсектару) з’явіцца на парадку дня толькі пасля прэзідэнцкіх выбараў. Магчыма, разлік робіцца на тое, што праблема неяк сама рассмокчацца, дзяржпрадпрыемствы самі пачнуць адміраць натуральным чынам. Тэндэнцыя скарачэння работнікаў на дзяржаўных прадпрыемствах даволі відавочная і заўважная.

У любым выпадку, фінансавага паратунку ўладам даводзіцца шукаць не ў сяброў-саюзнікаў, а ў ідэйных і, магчыма, палітычных праціўнікаў.

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!