Як вясной налічаць «камуналку». Новыя правілы

З 1 сакавіка чакаецца цэлы шэраг змяненняў ў налічэннях платы за розныя камунальныя паслугі. У прыватнасці, у хуткім часе тыя беларусы, каго дзяржава ўважае за дармаедаў, атрымаюць адмысловыя «жыроўкі». Але яшчэ ёсць трохі часу, каб цябе выключылі з дыскрымінацыйных спісаў.
Нагадаем, што афіцыйны статус дармаедаў — асобы, не занятыя ў эканоміцы. І няважна, што вы дысцыплінавана сплачваеце падаткі. Гэтага факту недастаткова. Трэба даказаць, што вы дзесьці працуеце. Каму? Камісіям, створаным у райвыканкамах паводле нашумелага дэкрэту кіраўніка дзяржавы №3 ад 2015 года. Афіцыйна называюцца яны «камісіямі па каардынацыі працы па садзейнічанні занятасці насельніцтва».

Трэба вочна ці па электроннай пошце прадставіць туды пэўныя дакументы. Варыянты розныя — ад працоўнай дамовы з замежнай фірмай да даведкі аб часовай непрацаздольнасці. Тады вас выключаць з «дармаедскай» базы. На гэта ёсць апошнія дні лютага. Інакш падаграванне вады ў сакавіцкай «жыроўцы» за люты будзе налічана на сто працэнтаў. Адбудзецца пераразлік і за студзень.

Вось як выглядае папярэджанне пра гэта пры аплаце жыллёва-камунальных паслуг праз АРІП:



Але гэта толькі тады, калі «дармаед» — уласнік жылля. Калі ён, напрыклад, жыве з працуючай жонкай і дзіцём, то заплаціць па поўнай толькі прапарцыйна за сябе. Калі ў кватэры беспрацоўныя ўсе, то плата за гарачую ваду будзе спаганяцца стоадсоткава з усіх. А вось калі з занятым у эканоміцы пражываюць разам «дармаеды», то будуць ужытыя звычайныя тарыфы.

Поўны ж тарыф — 81,4 рубля за 1 Гкал. Гэта ў пяць разоў болей, чым субсідаваны дзяржавай — 16,9 рубля. А з кастрычніка такая розніца ў тарыфах будзе ўстаноўленая і датычна ацяплення.

Таксама з 1 сакавіка ўступяць у сілу згодна з пастановай Саўміну змены, якія датычацца аплаты электраэнергіі, тарыфаў на тэхабслугоўванне, паслугі водазабеспячэння і водаадвядзення. Вось некаторыя з іх.

Важны момант: субсідаваны тарыф пры разліку платы за жыллёва-камунальныя паслугі будзе прымяняцца датычна жылых памяшканняў, у якіх ёсць зарэгістраваныя па месцы жыхарства грамадзяне, і не будзе залежаць ад таго, ці знаходзяцца яны ў блізкім сваяцтве з уласнікам або наймальнікам жылля, зазначаецца на Партале камунальнай пісьменнасці.

Скасоўваецца дыферэнцыяваная плата за тэхнічнае абслугоўванне жылых дамоў, паслугі водазабеспячэння і водаадвядзення, электраэнергію.

Напрыклад, калі сёння сям'я з двух чалавек, якая пражывае ў кватэры плошчай 70 кв.м, за 50 кв.м плаціць па субсідаваных тарыфах, а за «лішнія» 20 — па так званых эканамічна абгрунтаваных, то з сакавіка плошча кватэры, у якой ёсць зарэгістраваныя грамадзяне, ужо не будзе мець значэння. Ёсць зарэгістраваны ў кватэры грамадзянін — ужываецца субсідаваны тарыф 0,1187 руб. за 1 квадратны метр агульнай плошчы кватэры.

Гэтае правіла таксама тычыцца цеплазабеспячэння і газазабеспячэння. Напрыклад, плаціць за цяпло па поўных тарыфах будуць толькі тыя ўласнікі кватэр, у якіх няма зарэгістраваных грамадзян. Цяпер падобны тарыф прымяняецца і да такога жылля, дзе зарэгістраваныя па месцы жыхарства толькі грамадзяне, якія юрыдычна не знаходзяцца ў блізкім сваяцтве з гаспадаром кватэры. Напрыклад, брат-сястра, бабуля-ўнукі, цётка-пляменнікі пры асобным пражываннi. Субсідаваны тарыф на цеплазабеспячэнне — 16,9259 руб. за 1 Гкал.

Не будуць залежаць ад нормаў спажывання і тарыфы на ваду — з сакавіка любы спажыты аб'ём вады будзе аплачвацца па субсідаваных тарыфах. Паўторым, што важная ўмова у дадзеным выпадку — рэгістрацыя па месцы жыхарства або знаходжання (на выбар саміх грамадзян) і наяўнасць прыбораў індывідуальнага ўліку расходу вады. Субсідаваны тарыф на водазабеспячэнне — 0,8338 руб. за 1 кубічны метр, водаадвядзенне — 0,6383 руб. за 1 кубаметр.

Тарыф на электраэнергію з сакавіка такі: 0,1484 за 1 кілават-гадзіну ў дамах з электраплітамі, 0,1746 за 1 кВт⋅к — з газам. Дыферэнцыяваны тарыф па часе сутак (дзённым/начным) захоўваецца.






Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!