Як зарабіць на турыстах?

Турызм бывае ўязным (замежнікі — да нас), выязным (мы — за мяжу) і ўнутраным («Беларусь — для беларусаў!»). Рост колькасці падарожнікаў назіраецца ва ўсіх сегментах турыстычнага рынку. Дык чым жа не нагода працаваць і зарабляць у гэтай галіне?

Тым больш, што гэта занятак, на які здатныя многія, абы было б жаданне: можна адкрыць турфірму, стаць экскурсаводам ці здаваць турыстам жыллё праз папулярныя арэндныя сэрвісы. Разбіраемся, наколькі складаная гэта справа, на самых даступных занятках у галіне турызму — экскурсаводстве і арэндзе жылля.

Што да бізнесу па размяшчэнні турыстаў, то адкрыць класічны прыстойны гатэль — справа дарагая і сумнеўная. Турызм у нас развіваецца, але пра нешта падобнае да буму казаць пакуль не выпадае. Нібыта і гатэляў у нас не надта шмат, аднак, паводле дадзеных Белстату, летась узровень загрузкі беларускіх гасцініц склаў усяго толькі 31%. Па рэгіёнах сітуацыя такая: Мінск — 41%, Брэстчына — 30%, Гомельшчына і Гродзеншчына — па 28%, Міншчына — 26%, Віцебская і Магілёўская вобласці — па 24%. Больш перспектыўна адкрыць хостэл: дзякуючы меншым выдаткам на ўтрыманне і коштам за начаванне можна мець добры ўзровень запаўняльнасці.


Сам сабе гатэльер

Кагосьці можа натхніць паспяховая бізнес-гісторыя Ксеніі Курусь, дырэктаркі сеткі хостэлаў у Мінску. Пачала яна сваю справу ў 19 гадоў, калі была студэнткай. А зарабляць стала сама з падлеткавага ўзросту. Прадавала ўласнаручна зробленыя скульптуркі з гліны, працавала ў «Зелянбудзе», затым былі «Макдональдс» і турфірма. У выніку яна ажыццявіла мару — стварыла сетку моладзевых хостэлаў на еўрапейскі ўзор. Грошы знайшла праз стартап-конкурс. Ён быў IT-скіраванасці, але гэта дзяўчыну не спужала. І ў выніку яна знайшла інвестара ў асобе вядомага бізнесоўца (такіх называюць бізнес-анёламі) Аляксандра Кныровіча, які пазычыў ёй больш паўсотні тысяч долараў.

У выніку ў 2012 годзе ў сталічным мікрараёне Чыжоўка ў прыватным доме запрацаваў першы хостэл «Traveler». Пазней хостэл размясціўся ў жылым доме па вуліцы Танка, але мясцовым жыхарам такое суседства не спадабалася — і праз скаргі яны прымусілі яго пераехаць.

Хостэлы Ксеніі цяпер у цэнтры Мінска — напрыклад, у Траецкім прадмесці. Апошні ўжо ў цэлай сетцы з’явіўся зусім нядаўна ў адмыслова пад яго адрэстаўраваным закінутым будынку ХІХ стагоддзя, з дапамогай вядомых дызайнераў і архітэктараў. І гэта ўжо не проста пакоі для начавання з двух’яруснымі драўлянымі ложкамі: тут ладзяцца розныя крэатыўныя мерапрыемствы і прапануюцца гасцям туры — ад паездкі ў Нясвіж да прагулянкі па барах. Кошты: 20 рублёў за месца ў агульным нумары, 55 рублёў — за пакой на дзве асобы. Ёсць сямейны нумар і жаночы.

Калі не пашчасціць знайсці інвестара і буйную суму ад яго, можна здаваць уласнае жытло і стаць індывідуальным гатэльерам. Здача ў арэнду апартаментаў на бюракратычнай мове называецца індывідуальнымі сродкамі размяшчэння. «Новы Час» пагутарыў з адным такім прадпрымальнікам Віктарам, які ўжо больш за пяць гадоў здае некалькі кватэраў.

Віктар кажа, што цяпер канкурэнцыя значна ўзрасла: «Раней адна кватэра магла прыносіць да тысячы долараў на месяц. Выдаткі, апрача падаткаў, нязначныя — мяняй туалетную паперу ды шампуні, умоўна кажучы. Я нават нейкі час наймаў адміністратара з прыбіральшчыцай. Натуральна, перыяды цягам года бываюць розныя па прыбытковасці. З лістапада па красавік — так сабе. Здаю ў тым ліку праз вядомыя сэрвісы Booking ды Airbnb, але ёсць база пастаянных кліентаў. Палова гасцей — з Расіі».

Звычайна гаспадары ўсё, звязанае з арэндай апартаментаў, робяць самі: вядуць перапіску з кліентамі пры патрэбе (для кантактаў з замежнікамі спатрэбіцца веданне моваў), сустракаюць іх (атрымаць ключы назад можна завочна — госці могуць пакінуць іх у паштовай скрынцы), прыбіраюць, мыюць бялізну і мяняюць побытавыя расходнікі. Калі здаванне кватэры ў арэнду будзе ў вас дадатковым заробкам, то варта ці пашукаць памочніка хаця б сярод сваякоў, ці займацца гэтым, маючы працу з гнуткім графікам, каб знайсці гадзіну на той самы заезд гасцей.

Калі вы не маеце пустога жытла, таксама ёсць варыянт: пераздаваць чужое, узятае ў доўгатэрміновую арэнду. Мы нават знайшлі прапанову набыць такі гатовы бізнес у Мінску. Прапанова коштам за 80 тысяч рублёў уяўляе з сябе паўтара дзясятка апартаментаў. У супрацоўніках — тры пакаёўкі і адзін адміністратар. То-бок, вы будзе гатэльерам-босам. У кошт уваходзяць: закладная сума за арэндаваныя кватэры, пасцельная бялізна, рушнікі, падушкі, коўдры, посуд, фены, прасы, сайт і суполкі ў сацсетках, база кліентаў.

Выдаткі на месяц — 20 тысяч рублёў (арэнда і камунальныя плацяжы, заробак персаналу, падаткі, рэклама, расходы з «рознага»). Прыбытак, які прадавец абяцае пацвердзіць дакументальна, складае пры сярэднім чэку на 75 BYN каля 7 тысяч. Можаце самі пралічыць, колькі спатрэбіцца абаротных фінансаў вам, і якім можа быць прыбытак, калі вы пачняце працаваць па такой схеме, скажам, з трыма кватэрамі і ў фармаце «сам сабе персанал».


Гідная справа

На шляху да таго, каб стаць экскурсаводам, практычна няма меркантыльнага бар’еру — патрэбныя толькі вашы гістарычныя і краязнаўчыя веды ды аратарская камунікабельнасць, пажадана шматмоўная. Цяпер у Беларусі працуюць каля 900 экскурсаводаў і больш за 200 гідаў-перакладчыкаў. Дарэчы, тры чвэрці з іх — жанчыны. Звычайна экскурсаводы і гіды-перакладчыкі афармляюць ІП, працуюць па дамовах з турыстычнымі кампаніямі і толькі адзінкі — у штаце турфірмаў.

У новай рэдакцыі закона «Аб турызме» забараняецца экскурсійнае абслугоўванне без праходжання прафесійнай атэстацыі, якая пацвярджае кваліфікацыю экскурсавода і гіда-перакладчыка. Адбываецца атэстацыя ў форме экзамену, які складаецца з двух этапаў — камп’ютарнага тэставання і вуснага сумоўя. На камп’ютарным тэставанні трэба адказаць на 60% пытанняў на агульную эрудыцыю, веды па гісторыі, геаграфіі і архітэктуры. Вусны іспыт — гэта праверка, наколькі прэтэндэнт валодае інфармацыяй па маршруце, якім ён збіраецца вадзіць турыстаў. Трэба ўмець распавядаць цікава і нават артыстычна, трымаць увагу аўдыторыі.

Пры паспяховым праходжанні гэтага двухступеневага іспыту выдаюцца пасведчанне аб атэстацыі, адмысловы бэдж і пералік тэмаў экскурсіяў, па якіх пройдзеная атэстацыя. Атэставальная ўстанова — Нацыянальнае агенцтва па турызме. Тут кажуць, што 30% ахвочых падацца ў экскурсаводы завальваюць атэстацыю.

Атэстацыя патрабуецца і сёння, але наўпроставай забароны з санкцыямі за безатэстацыйнае экскурсаводства няма. І ў выніку дзяржава занепакоеная тым, што асобы, якія не маюць атэстацыйнага пасведчання, ладзяць экскурсіі для турыстычных групаў, у тым ліку замежных, «у вольным стылі і фармуюць такім чынам няслушнае ўяўленне аб Рэспубліцы Беларусь». Асаблівую незадаволенасць і Нацагенцтва па турызме, і беларускіх экскурсаводаў выклікаюць тыя, хто суправаджае ў якасці гідаў замежныя тургрупы. Па-першае, яны адбіраюць хлеб у нашых знаўцаў-адмыслоўцаў ды займаюцца незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасцю. А па-другое, «падрыўна» распавядаюць пра беларускія землі як пра расійскія, літоўскія, польскія.

У Нацыянальным агенцтве па турызме для паспяховага атрымання атэстацыі раяць закончыць адмысловыя курсы, бо там выкладаецца і метадалогія для экскурсаводаў. Такія курсы, напрыклад, пры агенцтве, доўжацца 5 месяцаў (па 2–3 разы на тыдзень па вечарах) і каштуюць 900 рублёў. Дарэчы, цяпер якраз ідзе набор. У праграму курсаў уваходзяць лекцыі і практычныя заняткі з выкладчыкамі ВНУ, спецыялістамі з турыстычнай індустрыі, работа з тэкстамі маршрутаў і тэхналагічнымі мапамі. Праз пяць гадоў атэстацыю трэба працягнуць — прайсці ўжо абавязковыя курсы павышэння кваліфікацыі.

Пасля таго, як новая рэдакцыя закона «Аб турызме» набудзе моц, нелегальных экскурсаводаў пачнуць выяўляць падчас спецыяльных рэйдаў і штрафаваць. І за адсутнасць атэстацыі, і за працу па тэматычным кірунку, па якой яны не атэстоўваліся. З гэтым момантам некаторыя экскурсаводы не згодныя: лічаць, што атэставаныя прафесіяналы распрацуюць новы маршрут ці тэму і без узгаднення.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!