Як узрастуць кошты пасля выбараў?

Эканаміст Леў Марголін распавядае пра рост тарыфаў у бліжэйшы час.



Тарыфы на паслугі сувязі, гарадскога і чыгуначнага транспарту ў Беларусі ў 2016 годзе могуць істотна вырасці. Гэта прадугледжана прагнознымі дакументамі на наступны год, якія зараз распрацоўваюцца.

Паводле звестак БелаПАН, чакаецца, што спажывецкія цэны ў 2016 годзе вырастуць на 12%.

Пры гэтым унёсак цэн, якія рэгулююцца дзяржавай, у інфляцыю складзе прыблізна 2%. Тарыфы на паслугі паштовай і электрасувязі плануецца павысіць на 40%. Кошт праезду ў грамадскім транспарце Мінска плануецца павысіць на 33% — да 6 тысяч рублёў за адну паездку. Перавозка пасажыраў чыгуначным транспартам можа падаражэць удвая. Тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі ў 2016 годзе плануецца павысіць на 5–7 долараў у эквіваленце і індэксаваць штоквартальна з улікам змены намінальнай заработнай платы.

— Рост тарыфаў у 2016 годзе, безумоўна, звязаны з тым, што закончыцца выбарчая кампанія, хоць і не наўпрост, а ўскосна, — адзначае Леў Марголін. — Таму што пакуль працэс росту коштаў стрымліваецца штучна, а пасля выбараў яго ніхто стрымліваць не будзе. І тады народ адразу адчуе падаражэнні.

— Ці гатовы людзі да такога росту коштаў пры малых заробках?

— Наш народ да ўсяго гатовы. Заробкі падаюць, кошты растуць, але ж ёсць стабільнасць. Вось зараз мэта нашай кампаніі падчас выбараў якраз і паказаць тое, што мы рухаемся у тупік, да прорвы. Але ёсць выйсце — трэба рабіць рэформы. Некаторыя эканамісты лічаць, што ўлады самі дойдуць да гэтага, але я ў гэтым вельмі сумняваюся.

— Ва ўладаў вельмі аптымістычныя планы адносна інфляцыі ў наступным годзе. Ці ўдасца справіцца з ёй?

— Не ўдасца, калі не будзе ніякіх рэформаў. Беларуская эканоміка ўжо прызвычаілася да такога ладу жыцця, як зараз, а таму пасля выбараў вернецца да яго. Жорсткая манетарная палітыка без рэформаў таксама нічога не дае. Яна толькі дадаткова забівае прамысловасць і іншыя галіны эканомікі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: