Якія грошы праз санкцыі могуць страціць беларускія банкі?

У канцы чэрвеня Еўрасаюз апублікаваў інфармацыю аб сектаральных санкцыях у дачыненні да Беларусі. Частка санкцый закранула і фінансавы сектар.


Згодна з дакументамі, санкцыі ЕС былі накладзеныя на дзяржбанкі — «Беларусбанк», «Белаграпрамбанк» і «Белінвестбанк». Казённыя банкі падвергліся сур’ёзным абмежаванням па доступе на еўрапейскі рынак капіталу. Еўрапейцам забаранілі купляць, прадаваць, прадастаўляць інвестыцыйныя паслугі і мець справу з пераводнымі каштоўнымі паперамі і інструментамі грашовага рынку з тэрмінам пагашэння больш за 90 дзён, калі гэта тычыцца падсанкцыйных суб’ектаў. Можна сказаць, што субардынаваныя крэдыты ў еўра або еўрабонды аказваюцца па-за зонай доступу дзяржбанкаў, пішуць banki24.by.

Вядома, можна ўзяць грошы ў пазыку на тэрмін менш за 90 дзён, але гэтыя грошы не выкарыстаеш для крэдытавання эканомікі — занадта кароткія рэсурсы. Бо ў рэшце рэшт банкі бралі ў доўг за мяжой менавіта для падтрымання інвестыцыйнага працэсу ўнутры краіны.

Якія патэнцыйныя страты беларускіх банкаў ад забарон Еўрасаюза? Адказ можна знайсці ў аналітычных справаздачах рэгулятара. Паводле ацэнак Нацбанка, знешні доўг банкаўскага сектара на пачатак 2021 года дасягнуў 5,2 млрд. USD у эквіваленце. Паводле інфармацыі НБРБ, «у структуры знешніх запазычанняў пераважную долю займалі доўгатэрміновыя сродкі (з тэрмінам пагашэння звыш 1 года)». На 1 студзеня 2021 года іх удзельная вага ў агульным аб’ёме знешняга доўгу банкаў склала 59,0%. Такім чынам, у канцы 2021-га — пачатку 2022 года падсанкцыйным дзяржбанкам могуць адмовіць у прадастаўленні новых пазыковых рэсурсаў наўзамен старых.

Максімальны аб’ём доўгатэрміновых інструментаў у партфелі беларускіх банкаў ацэньваецца ў 3-3,1 млрд. USD. Варта адзначыць, што асноўнымі крэдыторамі банкаўскай сістэмы РБ выступаюць Расія і Кітай. У пачатку 2021 года доля РФ у пазыковым партфелі беларускіх банкаў склала 47,6%, доля КНР — 19,9%. Гэтыя краіны не ўводзілі санкцыі ў дачыненні да Беларусі. Доля абавязацельстваў перад еўрапейцамі значна ніжэй. Напрыклад, удзельная вага Вялікабрытаніі (не ўваходзіць у ЕС) склала 4,6%, Германіі — 8,9%, Люксембурга — 3,3%, Італіі — 1,9%, Польшчы — 1,8%.

Калі пералічваць працэнты ў грошы, то на долю названых краін ЕС прыпадае каля 0,8 млрд. USD пазыковых рэсурсаў, а з Вялікабрытаніяй — каля 1-1,1 млрд. USD у эквіваленце. Не выключана, што частка гэтых сум прадстаўлена крэдытаваннем на кароткія тэрміны (да 90 дзён). Аднак з улікам маштабаў бізнесу банкаў велічыня меркаванага адтоку валюты ўсё роўна вымяраецца мільёнамі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: