Чым здзіўляе турыстаў «апошняя дыктатура Еўропы»?

Сёння, 27 верасня, адзначаецца сусветны дзень турызму. Гэта — свята для многіх, бо з кожным годам мы больш бываем у турыстычных выправах, як і нашу краіну ўсё часцей наведваюць замежнікі. «Новы Час» вывучыў самыя папулярныя вандроўныя напрамкі сярод беларусаў, а таксама даведаўся, хто з замежнікаў прыязджае ў Беларусь і як яе турыстычны патэнцыял прэзентуецца ў свеце.

Фота www. citytourminsk.by

Летась толькі ў якасці арганізаваных турыстаў і экскурсантаў падарожнічалі 850 тысяч нашых грамадзян. У 2017 годзе, паводле дадзеных Белстату, па-за Беларуссю адпачылі 730 тысяч чалавек. Пяцёрка самых наведвальных беларусамі краінаў не змянілася: Егіпет, Турцыя, Украіна, Балгарыя ды Расія. Прычым першая тройка ў лідарах — з заўважным адрывам. Так, у Расіі і Балгарыі беларусаў адпачывала ў 5 разоў меней, чым у Егіпце, і ў 3 разы радзей, чым ва Украіне. Гэта пры тым, што Расія акупавала ўкраінскі курортны Крым. Далей у дзясятцы папулярных у беларускіх адпачывальнікаў-падарожнікаў краінаў ідуць Іспанія, Польшча, Грэцыя, Грузія, якая пацясніла з пазамінулагодняга Топ–10 Чэхію, ды Чарнагорыя.


Плён «бязвізу»

Замежных турыстаў у нас таксама паболела: 365 тысяч летась супраць 280 тысяч пазалетась і 120 тысяч у 2012 годзе. 57% ад усіх замежных турыстаў у 2018 годзе склалі расіяне. На травеньскія святы, паводле тамтэйшых апытанняў, Беларусь — наогул для іх турыстычны напрамак №1. Зрэшты, мы і самі можам зрабіць такую выснову па машынах з расійскімі нумарамі, якія часцяком стаяць на ходніках.

Вельмі любяць расіяне беларускія санаторыі. Сярод замежнікаў іх там больш за 80%. Дарэчы, 150 тысяч жыхароў іншых краінаў летась прыязджалі ў Беларусь, апроч санаторыяў, палекавацца і навесці прыгажосць у нашых шпіталях ды медцэнтрах — бо якасна і нядорага. Гаворка пра самыя розныя медычныя маніпуляцыі: ад пламбавання зубоў і ажно да змены полу. Напрыклад, у Мінскай абласной клінічнай бальніцы медтурысты пакідаюць у сярэднім пад 2000 долараў.

Калі ж вярнуцца да белстатаўскай гасцявой статыстыкі, то яшчэ ў дзясятцы самых частых турыстаў фігуруюць літоўцы, палякі, латышы, украінцы, немцы, кітайцы, іспанцы, якія прыйшлі ў параўнанні з 2017 годам на змену ізраільцянам, эстонцам ды брытанцам. У сярэднім замежнікі гасцявалі ў нас 5 дзён. У 2017-м было на дзень меней.

Дарэчы, турысты ўсё болей вандруюць ва ўсім свеце. Так што мы, як кажуць, у трэндзе. Колькасць міжнародных паездак, паводле Сусветнай турысцкай арганізацыі, у 2018 годзе вырасла на 6% і дасягнула рэкордных 1,4 мільярда. Згодна з прагнозамі, у 2019 годзе будзе пастаўлены новы рэкорд: гэтаму паспрыяюць стабільныя цэны на паліва і даступнасць авіяперавозак.

Павелічэнне турыстычнай плыні да нас — перадусім вынік «бязвізу». За 7 месяцаў гэтага года ў Беларусь, скарыстаўшыся бязвізавым рэжымам, прыехалі амаль 175 тысяч турыстаў. Рост у параўнанні з такім самым перыядам мінулага года — больш як на 60%. І гэтая тэндэнцыя павінна працягнуцца, таму што 10 лістапада ў сілу ўступіць указ №300, прыняты ў жніўні, аб аб’яднанні бязвізавых турыстычных зонаў Брэстчыны і Гродзеншчыны. Бязвізавую тэрыторыю «Брэст — Гродна» цяпер складаюць гэтыя абласныя цэнтры, а таксама Брэсцкі, Жабінкаўскі, Камянецкі, Пружанскі, Гродзенскі, Бераставіцкі, Ваўкавыскі, Воранаўскі, Лідскі, Свіслацкі і Шчучынскі раёны. Часова знаходзіцца тут змогуць да 15 сутак жыхары 73 краінаў. Цяпер тэрмін знаходжання — 10 сутак. Натуральна, чым даўжэйшае перабыванне — тым болей грошай замежнікі пакідаюць у Беларусі.

Бліжэйшымі гадамі можна чакаць новых захадаў па прыцягненні турыстаў. У хуткім часе будзе прынята Стратэгія развіцця турызму да 2035 года. Пры яе складанні вывучаць дасягненні канкурэнтаў, якімі лічацца ўсе нашы суседзі па рэгіёне. Дапаможа і Сусветная турысцкая арганізацыя. Дарэчы, па словах віцэ-прэм’ера Ігара Петрышэнкі, цяпер наш турыстычны патэнцыял не выкарыстоўваецца нават на чвэрць.

Між тым, афіцыйныя планы датычна турызму ўжо акрэсленыя ў Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на перыяд да 2030 года. Мэта пастаўленая амбіцыйная — «стварэнне высокаэфектыўнага і канкурэнтаздольнага турыстычнага комплексу, уваходжанне Беларусі ў лік 50 вядучых краінаў па ўзроўні развіцця турызму». Долю экспарту турыстычных паслуг у агульным аб’ёме экспарту паслуг плануецца павялічыць з 2,7% у 2015 годзе да 3,5% у 2030-м.

Між тым, Беларусь пакрысе ўжо ўздымаецца ў адмысловых рэйтынгах. Рэйтынг «80 лепшых краінаў на 2019 год» ад амерыканскага выдання «U.S. News & World Report» цікавы тым, што складзены на падставе ўражанняў больш як 20 тысяч рэспандэнтаў з розных кантынентаў. У тым ліку ацэньвалася і турыстычная прывабнасць краінаў: маляўнічасць краявідаў, гісторыка-культурная спадчына, і гэтак далей. Беларусь паставілі на 73-е месца, сярод суседзяў вышэй за нас Расія (24-е месца), ды Польшча (33-е). У першай тройцы: Швейцарыя, Японія ды Канада.


Гід па Беларусі: ад Лукашэнкі да НЛА

Увогуле ж пераважная большасць абывацеляў па ўсім свеце мала абазнаныя пра краіны, якія не з’яўляюцца іх суседзямі. Для прыкладу, ці шмат вы ведаеце нават пра такую вялікую і вядомую дзяржаву, як Бразілія? Пра яе выбітнасці, самыя прыгожыя гарады, пра тое, што робіцца ў палітыцы? Дасведчанасць пра Беларусь — не выключэнне. Натуральна, патэнцыйныя замежныя турысты першую інфармацыю пра нашу краіну шукаюць у інтэрнэце.

«Новы Час» паглядзеў, як Беларусь падаецца на сайце самага папулярнага выдавецтва-гіда ў свеце — Lonely Planet. Вось што пішацца пра нас і нашу краіну ад Топ архітэктурных аб’ектаў да ацэнак палітычнага ладу.

Перадусім адзначым, што пры канцы мінулага года Lonely Planet уключыла Беларусь у дзясятку краінаў, якія варта наведаць у 2019 годзе. Разам былі названыя Шры-Ланка, Германія, Зімбабвэ, Панама, Кыргызстан, Іарданія, Інданезія, Сан-Тамэ і Прынсіпі ды Беліз. Беларусь рэкамендаваная турыстам за візавыя палёгкі, мінулыя нядаўна Еўрапейскія гульні, добрыя кафэ-бары са стрыт-артам у сталіцы і дзякуючы мясцовым жыхарам, якія бавяцца на вулічных вечарынах паблізу ратушы, нягледзячы на зацісканне іншадумства ў краіне.

Пра палітыку пішацца дастаткова падрабязна. Пра падатак на беспрацоўных і рэпрэсіі супраць тых, хто пратэставаў супраць гэтага. Пра мізэрныя пратэсты незадаволеных вынікамі прэзідэнцкіх выбараў–2015, пра двух прадстаўнікоў апазіцыі ў парламенце, чаго не было шмат гадоў і трактуецца як элемент «адлігі». Пра пікіроўкі Лукашэнкі з Пуціным і перасцярогі, што Масква анексуе Беларусь, як Крым, пра пацяпленне стасункаў з Захадам, праявай якога стаў у тым ліку «бязвіз». Ілюстрацыяй вольніцы называецца контркультурнае жыццё на мінскай вуліцы Кастрычніцкая. І гэта, маўляў, адно з месцаў, дзе беларусы ціхенька гавораць пра палітыку, часцяком на беларускай мове, якую ўлады традыцыйна лічаць небяспечнай праявай нацыяналізму.

Мінск ужо звыкла-шаблонна апісваюць як чысты горад, цэнтр якога перабудаваны на густ Сталіна (маецца на ўвазе сталінскі ампір). Як еўрапеізаваныя куточкі адзначаюцца заходнія Брэст і Гродна. Каб пазнаёміцца з мінуўшчынай, раяць выправіцца ў Нясвіж. Прычым па-англійску назва горада, як і іншых мясцінаў, падаецца ў беларускамоўнай транскрыпцыі — Nyasvizh. Таксама ў Топе славутасцяў ад Lonely Planet — Мірскі замак, Брэсцкая крэпасць, гомельскі палац Румянцавых і Паскевічаў, Белавежская пушча з зубрамі, Музей Вялікай Айчыннай вайны, музей чыгуначнай тэхнікі ў Брэсце. Нацыянальная бібліятэка? Так, згадваецца, але не ў Топ. Яна называецца мадэрнісцкім цудам — спрэчным, але досыць відовішчным, падобным да НЛА...

Таксама даюцца этыкетныя парады: дастаткова моцна паціскаць руку кожнаму мужчыну, калі ўваходзіце ў пакой, але не рабіць гэтага праз парог і ў пальчатках; здымаць абутак пры ўваходзе ў дом і прыносіць падарунак у госці, дарыць букеты з няцотнай колькасцю кветак; падчас застолляў абавязкова сказаць свой тост пад алкагольны напой. Турыстаў папярэджваюць пра распаўсюджанасць гамафобіі ў Беларусі, у прыватнасці, распавядаюць пра рэпрэсіўныя рэйды сілавікоў па барах супраць геяў.

Рэзюмэ ад Lonely Planet: «Магчыма, гэта апошняя дыктатура Еўропы, але не еўрапейская версія Паўночнай Карэі».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: