Якія сферы і праекты прыцягнулі буйныя польскія бізнесы ў Беларусь

У рэйтынг «1000 Największych Firm w Polsce», які штогод публікуе адно з самых уплывовых эканамічных выданняў Польшчы Gazeta Finansowa, увайшлі дзесяць кампаній з актывамі і інтарэсамі на тэрыторыі Беларусі.
«Заўтра тваёй краіны» вывучыла, якія сферы і праекты прыцягнулі буйныя польскія бізнесы.

На самым высокім месцы ў топ-1000 польскіх фірмаў — 32-м аказаўся польскі рэтэйлер LPP. Па выніках дзейнасці ў 2019 годзе даход гэтай кампаніі склаў 9 899 243 тысяч злотых. У 2016-2019 гадах LPP працавала на беларускім рынку праз двух франчайзі, з дапамогай якіх адкрыла некалькі крам (Reserved, Cropp, House, Sinsay, Mohito) у Мінску і Гродне. У канцы 2019 года з-за змены стратэгіі франшызы былі адкліканыя, а кіраўніцтва LPP абвясціла, што зноўку выйдзе на рынак у 2020 годзе напрамую. У якасці лакацыі першых магазінаў быў абраны Гродзенскі гандлёва-забаўляльны цэнтр Triniti. Але, мяркуючы па ўсім, пандэмія ўнесла карэкціроўкі ў планы — пакуль Triniti працуе без гэтых брэндаў.

34-е месца па атрыманаму ў мінулым годзе даходу (9 605 366 тыс. злотых) дасталася аднаму з найбуйнейшых польскіх банкаў Bank Pekao. Сёлета ён заключыў крэдытнае пагадненне па фінансаванні праекта ў Беларусі —будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу на месцы былога Чэрвеньскага рынку ў Мінску. У пуле з дзяржаўным Bank Gospodarstwa Krajowego Bank Pekao вылучае на гэтыя мэты амаль 57 млн еўра. Дарэчы, генпадрадчыкам з'яўляецца польская кампанія Trasko-Invest, якая займае ў рэйтынгу «1000 Największych Firm w Polsce» 464-ы радок (602942 тыс. злотых).

У першую сотню найбуйнейшых польскіх кампаній уваходзіць нацыянальны авіяперавозчык Polskie Linie Lotnicze LOT, які працуе на беларускім рынку з 1990-х гадоў. Сукупны даход ад паслуг кампаніі ў 2019 годзе склаў 7 368 478 тыс. злотых, што дазволіла LOT заняць 52-е месца.

Getin Holding, які належыць мільярдэру Лешаку Чарнецкаму, спрабуе згарнуць свой банкаўскі бізнес у Беларусі. Нядаўна фінансавая група, якая заняла 170-е месца з прыбыткам 2 049 977 тыс. злотых, выставіла сваю беларускую дачку Idea Bank на продаж. Па паведамленні кіраўніцтва Getin Holding, гэта робіцца дзеля выратавання польскага бізнесу і ўжо ёсць дзве прапановы ад патэнцыйных пакупнікоў.

209-ы радок у рэйтынгу заняла будаўнічая кампанія Unibep, якая зарабіла ў мінулым годзе 1659658 тыс. злотых. Яе будаўнікі працуюць на будоўлях Беларусі з пачатку 2010-х гадоў і паўдзельнічалі ў некалькіх важных праектах. У іх ліку, напрыклад, Мінская гасцініца «Вікторыя», пабудаваная да чэмпіянату свету па хакеі-2014, гандлёва-забаўляльны цэнтр Triniti ў Гродне і лагістычны комплекс пад Оршай.

Таксама ў рэйтынг «1000 Największych Firm w Polsce» увайшлі кампаніі Sanok Rubber Company (300-е месца) і OT Logistiсs (312-е), якія рэалізуюць інвестыцыйныя праекты, адпаведна, у СЭЗ «Брэст» і СЭЗ «Гроднаінвест». Першая выпускае ўшчыльняльнікі для бытавой тэхнікі, другая будуе лагістычны цэнтр.

409-е месца заняў адзін з першых польскіх інвестараў у эканоміку незалежнай Беларусі. Гэта Fabryka Farb I Lakierow Sniezka, якая мае завод у Жодзіне.

У асобны радок трэба вылучыць кампанію Exide Technologies, у рэйтынгу яна на 226-м месцы. Гэта польская дачка аднайменнай амерыканскай карпарацыі, якая інвеставала ў завод акумулятараў у Пінску і ажыццяўляе аператыўнае кіраванне ім.

Што тычыцца лідара «1000 Największych Firm w Polsce» , то ім на працягу многіх гадоў з'яўляецца Polski Koncern Naftowy Orlen. Яго даход па выніках 2019 года склаў 111 203 000 тыс. злотых.

У першую пяцёрку найбуйнейшых польскіх кампаній таксама ўвайшлі рэтэйлер Jeronimo Martins Polska, нафтагазавая кампанія PGNiG, энергетычны кангламерат PGE і страхавая група PZU.


Паводле zautra.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: