Яраслаў Раманчук: улады рыхтуюць глебу да нечага сур'ёзнага, але правакуюць паніку

Эканамічныя суб'екты ўспрымаюць гэты ўказ адназначна: «Улады ведаюць пра стан фінансаў прадпрыемстваў і дзяржавы штосьці такое, аб чым не хочуць гаварыць, але рыхтуюць глебу».
Фота: Myfin.by

Фота: Myfin.by

Кіраўнік навукова-даследчага цэнтра Мізэса, выканаўчы дырэктар аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Яраслаў Раманчук растлумачыў Myfin.by, што не так з чарговым указам аб валютных абмежаваннях.

Што адбылося?

У Беларусі прыняты ўказ №154, які актуалізуе палажэнні закона «Аб валютным рэгуляванні» (закон № 36-3 ад 30 чэрвеня 2020 года). Пункты гэтага закона дазваляюць Нацбанку з 9 ліпеня 2021 года ўводзіць валютныя абмежаванні аж да спынення валютных таргоў і забароны продажу і куплі валюты ў выпадках «пагрозы эканамічнай бяспецы Беларусі і стабільнасці яе фінансавай сістэмы».

Myfin.by пацікавіўся ў Яраслава Раманчука, чаго чакаць пасля такіх новаўвядзенняў?

Інструмент разбурэння рынку

— Краіне, як вядома, «не да закону». Таму беларускія ўлады без усялякага сораму, без думкі пра наступствы робяць усё, што хочуць, каб разруліць, з іх пункту гледжання, любую праблему: эканамічную, фінансавую, палітычную.

Дакумент быў па інерцыі падрыхтаваны, «каб быў» і ў выпадку чаго можна было ўвесці абмежаванні па доступе да валюты. На самой справе, гэты ўказ — вяртанне да часоў, якіх многія і не памятаюць ужо — 1996–1997 гадоў, калі валюта становіцца каштоўным таварам (асабліва па курсе Нацбанка) і выкарыстоўваецца, каб атрымаць нярынкавыя перавагі.

І асобныя людзі будуць імі карыстацца: калі не будзе хапаць валюты, узнікнуць праблемы з валютнай выручкай або вельмі захочацца пагуляць на розніцы курсаў, як было не так даўно падчас дэвальвацыі.

Адным уводзяць абмежаванні, а іншым даюць карт-бланш. Гэта яшчэ адзін інструмент патэнцыйнага разбурэння рынку.

— Указ можна ўспрыняць як банальную бюракратычную працэдуру — працэс быў запушчаны каля года таму. Ці так гэта?

— Такога роду рашэнні трэба разглядаць у кантэксце. Калі б гэта адбывалася ў стабільнай беларускай рынкавай эканоміцы, якая развіваецца, тады можна было б сказаць, што гэта спосаб прадухілення патэнцыйна крызісных з'яў — форс-мажору, на які рэагуюць і ФРС, і ЕЦБ.

Але ў дадзеным канкрэтным выпадку гэта падобна выключна на падрыхтоўку магчымасці рэагавання валютнымі абмежаваннямі, у тым ліку і замарозкай укладаў. Што, безумоўна, яшчэ больш падагравае негатыўныя чаканні.

Эканамічныя суб'екты ўспрымаюць гэты ўказ адназначна: «Улады ведаюць пра стан фінансаў прадпрыемстваў і дзяржавы штосьці такое, пра што не хочуць гаварыць, але рыхтуюць глебу».

Фінансавай і валютнай стабільнасці ўказ не дадасць. І ў дадзеным выпадку прымаць яго ў такім выглядзе і бударажыць людзей было б грубай памылкай.

Ні да чаго добрага не прывядзе

— Адно з абгрунтаванняў — «негатыўнае развіццё сітуацыі ў плацежным балансе, следствам якога можа стаць зніжэнне золатавалютных рэзерваў Рэспублікі Беларусь ніжэй за дапушчальны ўзровень». Што пад гэтым разумець?

— Вось-вось! Што такое «дапушчальны ўзровень»? Да канца 2021-га, паводле планаў Нацбанка, ЗВР павінны скласці не менш за $6 млрд. Цяпер яны каля $6,9 млрд — быццам бы велічыня значна вышэйшая за «дапушчальны ўзровень». Але ў першым квартале ЗВР скараціліся значна больш рэзка, чым было запланавана, — мінус $529 млн. Ці можна гэта палічыць форс-мажорам?

Ці з'яўляецца сённяшні ўзровень «дапушчальным»?.. А калі праз пару месяцаў узровень ЗВР упадзе ніжэй за $6 млрд?

Ці, магчыма, гэты ўзровень — памер ЗВР, дастатковы для трох месяцаў імпарту тавараў і паслуг, як прадугледжваецца ў законах? Або 47–48% ВУП як максімум дзярждоўгу? Дык і цяпер ён ужо вышэйшы! І што цяпер?..

Гэтая фармулёўка прымушае суб'ектаў гаспадарання па-іншаму паглядзець на валютныя рызыкі. І пастарацца максімальна да іх падрыхтавацца.

— Яшчэ адно размытае вызначэнне — «рэзкія ваганні курсу беларускага рубля». Параметры дапушчальных ваганняў нідзе не пазначаныя…

— Я больш скажу — у нас курс не таргетуецца. І калі ў выпадку нейкіх падзей у Расіі абрынецца расійскі рубель, то следам паляціць і наш. І трэба будзе ўводзіць абмежаванні, а гэта ўжо ўваходзіць у практыку — тая ж пастанова №100, якім 55% цэн на тавары рэгулюецца.

Гэта вяртанне да «саўка» — замест таго, каб даць магчымасць малой адкрытай эканоміцы максімальна хутка адаптавацца да новага балансу і стану рынку, беларускія чыноўнікі прапануюць увесці жалезную фінансава-валютную заслону.

І самастойна разбірацца ўнутры яе — хто добры, хто дрэнны, каму патрэбна валюта, а хто можа абысціся. Гэты ўказ — тыя ж цэнавыя абмежаванні, але толькі на рынку грошай.

Ні да чаго добрага не прывядзе — да яшчэ большай напругі, да яшчэ большага скажэння і большай страты даверу. 

Скупка валюты як пагроза нацыянальнай бяспецы

— Самы цудоўны пункт у гэтым дакуменце — «пагроза эканамічнай бяспецы краіны, шкода інтарэсам бяспекі і перашкода грамадскаму парадку». Як яго можна трактаваць?

— Гэта цудоўна. Калі людзі раптам пачнуць купляць валюту, таму што яны не давяраюць грашовым уладам з-за абнулення права і папярэдняга вопыту дэвальвацый, то іх дзеянні могуць быць успрынятыя як пагроза нацыянальнай бяспецы.

У нас цяпер «не да» краіна: не да законаў, не да насельніцтва, не да бізнесу!


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: