Кабякоў: Запасы гатовай прадукцыі ў 3,8 раза перавышаюць сярэднямесячны аб'ём

На 1 сакавіка кошт запасаў гатовай прадукцыі на прадпрыемствах лёгкай прамысловасці склаў 3,4 трлн. рублёў, што ў 3,8 разу перавышае сярэднямесячны аб'ём вытворчасці. Дэбіторская запазычанасць на 1 лютага склала 2,9 трлн. рублёў.



Такія звесткі прывёў прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў 24 сакавіка на пасяджэнні прэзідыума Савета міністраў, прысвечаным ходу выканання комплекснай праграмы развіцця лёгкай прамысловасці на 2011—2015 гады з перспектывай да 2020 года.


На думку Кабякова, лёгкая прамысловасць мае пэўны патэнцыял. Працягваецца тэхнічнае перааснашчэнне шэрагу прадпрыемстваў канцэрна "Беллегпрам". У 2011—2014 гадах канцэрн прыцягнуў 356 млн. долараў інвестыцый у асноўны капітал. З 2010 года знос актыўнай часткі абсталявання зніжаны на 10,4 працэнтнага пункта і на 1 студзеня 2015 года склаў 42,2%. Аб'ём экспарту ў 2014 годзе ў параўнанні з 2010-м вырас на 8,4%. Больш за 50% прадукцыі пастаўляецца ў 55 краін. "Гэта сведчыць пра наяўнасць попыту на прадукцыю лёгкай прамысловасці айчыннай вытворчасці і яе канкурэнтаздольнасць", — сказаў прэм'ер-міністр.


Ён заявіў аб неабходнасці карэкціроўкі каналаў збыту прадукцыі лёгкай прамысловасці, у першую чаргу за кошт развіцця ўласнай тавараправоднай сеткі і дыверсіфікацыі супрацоўніцтва з гандлёвымі сеткамі. Паводле слоў Кабякова, праца з гандлёвымі арганізацыямі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі па адкрыцці фірменных секцый праводзіцца марудна. Тое ж можна сказаць пра рэалізацыю тавараў па зніжаных цэнах, арганізацыю стокавага продажу, развіццё механізма франчайзінгавага партнёрства і інтэрнэт-гандлю.


"З боку спажыўца праца лёгкай прамысловасці сур'ёзна крытыкуецца ў сувязі з беднасцю асартыменту, сфарміраванага без уліку спажывецкага попыту, высокай цэнавай планкай, сувымернай з цэнамі ў найбуйнейшых айчынных універмагах", — заявіў Кабякоў.


Прэм'ер-міністр падкрэсліў, што першачарговая задача "Беллегпрама" — вярнуць айчынны рынак. Паводле яго слоў, уласны рынак лёгкая прамысловасць аддала "нашым партнёрам, суседзям і вельмі далёкім ад нас краінам".
 
 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: