Кацярына Барнукова: шокі дагоняць, нават калі наша эканоміка не спыніцца

Наступствы пандэміі каронавіруса для беларускай эканомікі будуць маштабнымі, а перспектывы выхаду з крызісу шмат у чым залежаць ад рашэнняў, якія ўраду трэба прымаць ужо сёння.
Такое меркаванне ў інтэрв’ю парталу Thinktanks.by выказала Кацярына Барнукова, акадэмічны дырэктар Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC.

Беларусь сутыкнецца з праблемамі па ўсіх асноўных экспартных пазіцыях

«Эканоміка ва ўсім свеце спыняецца. Прапанова падае, тавараў і паслуг вырабляецца менш, чым звычайна. Паводле ацэнак, падзенне эканомікі ў развітых краінах можа дасягнуць 20-30%. Гэта беспрэцэдэнтная сітуацыя», — лічыць Кацярына Борнукова.

На думку эксперта, адсутнасць у Беларусі каранціну не дазволіць утрымаць эканоміку на плаву. «Гэтыя шокі дагоняць, нават калі наша эканоміка не спыніцца», — адзначыла яна. Праблема заключаецца ў адкрытасці эканомікі Беларусі: аб’ём нашага знешняга гандлю перавышае ВУП, прыкладна палова прыходзіцца на экспарт, і столькі ж — на імпарт. «Гэта азначае, што мы інтэграваныя ў гэты крызіс: мы не можам увозіць многія рэчы, неабходныя для таго, каб працягваць вырабляць. Да таго ж нам няма куды прадаваць тое, што мы вырабляем», — сказала Кацярына Барнукова.

Беларусь сутыкнулася або ў бліжэйшы час сутыкнецца з праблемамі па асноўных экспартных пазіцыях. «Значная частка нашага экспарту звязаная з нафтапрадуктамі. Нам удалося дамовіцца па пастаўках нафты з Расіі, аднак мы сутыкнуліся з больш сур’ёзнай праблемай. Няма каму купляць нафтапрадукты: нашы асноўныя спажыўцы — Украіна і Еўропа — спыніліся. Другім па значнасці экспартным таварам з’яўляюцца калійныя ўгнаенні. Можна чакаць, што ў найбліжэйшай будучыні попыт на іх будзе скарачацца», — кажа эканаміст.

Яшчэ адна істотная частка беларускага экспарту — пастаўкі тавараў на расійскі рынак. Тут таксама прагнозы даволі песімістычныя. «Можна спадзявацца, што пастаўкі прадукцыі харчовай прамысловасці ў Расію захаваюцца. З таварамі лёгкай прамысловасці, хутчэй за ўсё, будзе горш — вопыт мінулага крызісу паказвае, што варта чакаць моцнага падзення, людзі ў крызіс пачынаюць эканоміць на вопратцы. Трэцяя важная група тавараў, якія мы прадаем у Расію — гэта абсталяванне для кампаній: грузавікі, трактары БелАЗы — тое, што называецца інвестыцыйным экспартам. Паколькі эканоміка усяго свету падае, ні адна кампанія не будзе рэалізоўваць інвестыцыйныя праекты. Сёння іх задача — захаваць тое, што ёсць, а інвестыцыі адкладаюцца да лепшых часоў», — лічыць Кацярына Барнукова.

Трэба ацаніць карціну ў цэлым

Усё гэта азначае, што эканоміцы спатрэбіцца маштабная падтрымка ад урада, аднак ва ўмовах Беларусі аказаць яе не так проста. «ЗША і ЕС могуць проста надрукаваць грошы на падтрымку эканомікі, і самае страшнае, што можа здарыцца з імі ў выніку — гэта інфляцыя. У Беларусі сітуацыя іншая: інфляцыя ў нас выкліча дэвальвацыю, у выніку чаго можа апынуцца немагчымай выплата знешняга доўгу, што створыць праблемы ў фінансавай сістэме. Вынік тут адзін — паспрабаваць атрымаць знешнія запазычанні», — кажа эксперт.

Нават у выпадку атрымання міжнароднай дапамогі ўраду неабходна вельмі дакладна вызначыцца, каго і як падтрымліваць. Сёння ўвагу прыцягваюць галіны, што пацярпелі першымі, у тым ліку турыстычны і рэстаранны бізнэсы. «Гэтыя бізнэсы пакутуюць ад таго, што людзі, асабліва людзі з больш высокім узроўнем даходу і адукацыі, сталі выконваць сацыяльную дыстанцыю. Мы ўвесь час чуем, што турызм і рэстараны нясуць страты, і трэба кінуць сілы на іх падтрымку. Але перш чым гэта рабіць, трэба падумаць, што будзе далей, ацаніць карціну ў цэлым», — лічыць Кацярына Барнукова.

Самае складанае ў тым, што немагчыма прадбачыць, колькі працягнецца пандэмія. «Калі сітуацыя з пандэміяй кароткатэрміновая, правільней за ўсё было б аказаць падтрымку максімальнай колькасці кампаній, каб яны заставаліся на плаву. У гэтым выпадку па заканчэнні пандэміі мы маглі б хутка вярнуцца да працы, і эканоміка стала б імкліва аднаўляцца. Але цяпер няма разумення, ці можам мы дазволіць шырокамаштабны варыянт падтрымкі. Мэтавая падтрымка з’яўляецца больш складаным варыянтам. Яна прадугледжвае выяўленне тых галін і кампаній, якія нават у выпадку закрыцця змогуць хутка аднавіцца, а таксама тых, якія важна падтрымліваць у функцыянуючым стане», — сказала эксперт.

Неабходныя механізмы сацыяльнай абароны, якіх фактычна няма

Акрамя падтрымкі прадпрыемстваў, ужо сёння варта абдумаць механізмы дапамогі грамадзянам. Значны рост беспрацоўя з’яўляецца цалкам верагодным сцэнаром. «Для Беларусі гэта прывядзе да сур’ёзных сацыяльных праблемаў, паколькі ў нас няма механізмаў сацыяльнай абароны беспрацоўных. Доўгі час для аказання такой падтрымкі выкарыстоўваўся рэсурс дзяржпрадпрыемстваў. Звольнілі чалавека — ён можа знайсці працу на МТЗ. Аднак сёння дзяржпрадпрыемствы знаходзяцца ў занадта дрэннай форме, у іх няма грошай, каб наймаць людзей. Хутчэй можна чакаць, што і яны будуць праводзіць скарачэнні ў сувязі з крызісам у Расіі. Таму неабходныя механізмы сацыяльнай абароны, якіх фактычна няма. Дапамога па беспрацоўі не забяспечвае пражытковы мінімум, а доступ да яго моцна абмежаваны. Сістэма адраснай сацыяльнай дапамогі, у рамках якой чалавек можа атрымаць розніцу паміж сваім прыбыткам і бюджэтам пражытачнага мінімуму таксама не забяспечвае дапамогу ўсім, хто жыве ў нястачы. Доступ да яе атрымаць складана, а сума настолькі маленькая, што гэтай магчымасцю карыстаецца нязначная частка жывучых у нястачы. Можна падняць памер гэтай дапамогі і палегчыць да яе доступ, каб людзі маглі атрымліваць хоць нейкую дапамогу. Для барацьбы з дармаедствам была створана база даходаў ўсіх беларусаў. Зараз прыйшоў час выкарыстоўваць яе на карысць людзей, выяўляючы тых, хто мае патрэбу ў дапамозе і даючы яе», лічыць Кацярына Барнукова.

Паводле thinktanks.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: