Калі будуць справы?

Калі я слухаю прамовы адказных беларускіх чыноўнікаў, мне хочацца пляскаць у ладкі — аж да крыві. Вось толькі ўвесь час разумею: вынікаў няма!

www.bnr.bg

«Крэдыт даверу не можа быць шматгадовым ва ўмовах невысокіх даходаў фізічных асоб і пры наяўнасці цяжкасцяў з эфектыўным працаўладкаваннем насельніцтва», — заявіў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч газеце «Звязда».

Сярод асноўных праблем грамадства, на яго думку, — малыя заробкі, лішнія кадры на прадпрыемствах, спецыялісты, што з’язджаюць на працу за мяжу, і рост колькасці бедных сем’яў. Паводле Мясніковіча, дзве траціны сем’яў, якія маюць дзяцей, з’яўляюцца малазабяспечанымі.

Толькі ўявіце: дзве траціны сем’яў з дзецьмі — малазабяспечаныя! Пра ўсё астатняе ўжо можна і не казаць. Дзве траціны сем’яў могуць дазволіць сваім дзецям толькі самы мінімум неабходнага. Пра які дабрабыт і сацыяльную дзяржаву можна казаць?

Чаго ж тады здзіўляцца, што падае нараджальнасць. «У параўнанні з 2016 годам колькасць дзяцей, народжаных першымі, скарацілася амаль на 24 працэнты, народжаных другімі — на 21 працэнт, трэцімі — на 13 працэнтаў. У цэлым я прыводзіў дадзеныя, мінус 20 працэнтаў», — клапоціцца спадар Мясніковіч пра дэмаграфію.

Я вось згадваю біяграфію Міхаіла Уладзіміравіча Мясніковіча. І што цікава, ужо амаль 30 гадоў ён не вылазіць з «вертыкалі ўлады». Ад 1990 года Мясніковіч — намеснік старшыні Савета Міністраў БССР, старшыня Дзяржкамітэта БССР па эканоміцы і планаванні. З 1991 па 1994 — першы намеснік старшыні Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. Пасля — намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, памочнік кіраўніка Беларусі па асобных даручэннях. Потым — старшыня прэзідыума Нацыянальнай Акадэміі навук. З 28 снежня 2010 года па 27 снежня 2014 года — прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь. З 16 студзеня 2015 года — старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу.

Спадарства, хто адказны за катастрафічную дэмаграфію? Хто адказны за душавыя даходы? Чаму дзве траціны сем’яў з дзецьмі — малазабяспечаныя, а Мясніковіч, які павінен быў выпраўляць гэтую сітуацыю 30 гадоў, маючы на гэта ўсе паўнамоцтвы і рэгаліі, папросту канстатуе факт? А можа адкажа іншы вертыкальшчык, які ўжо 25 гадоў пры ўладзе?

На фоне той катастрофы, што агучыў Мясніковіч, вельмі важная і цікавая тэма — тэма інфармацыйнай бяспекі Беларусі, — неяк губляецца. Але варта згадаць і пра яе. Канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі Беларусі абмяркоўвалася 12 сакавіка на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы. У ёй багата карысных рэчаў, а афіцыйна яе тэкст, як мяркуецца, будзе апублікаваны на наступным тыдні. Неафіцыйна ж яго ўжо можна спампаваць на розных сайтах і тэлеграм-каналах.

«Вітаем вас у IT-краіне, дзе канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі, што абмяркоўвалася ці не на сакрэтным пасяджэнні, бесперашкодна гуляе па інтэрнэце!» — гэтым лозунгам трэба сустракаць турыстаў у аэрапорце.

У той канцэпцыі шмат цікавага. Напрыклад, «інфармацыйны суверэнітэт». Хацелася б даведацца больш падрабязна, якім чынам мы будзем яго дасягаць. Бо, паводле нядаўняга даследавання Беларускай асацыяцыі журналістаў, беларускія дзяржаўныя тэлеканалы транслююць расійскі кантэнт і, адпаведна, расійскую прапаганду. У «галоўнай беларускай газеце» за маніторынгавы тэрмін БАЖ адзначыла: адзін матэрыял у кожным нумары меў прарасійскі кантэнт. Аўтары даследавання нават задаліся пытаннем: «На якую дзяржаву працуюць беларускія дзяржаўныя СМІ, што фінансуюцца нашымі падаткамі?»

Пакуль дзяржаўныя СМІ знаходзяцца ў чужой інфармацыйнай прасторы — пра якую «інфармацыйную бяспеку» можа ісці размова ўвогуле?

Намеснік дзяржсакратара Савета Бяспекі Беларусі Уладзімір Арчакоў у каментары БелаПАН адзначыў, што распрацоўкай канцэпцыі займалася міжведамасная камісія пры Савеце бяспекі, у склад якой увайшлі прадстаўнікі розных міністэрстваў і ведамстваў, а таксама Адміністрацыі прэзідэнта, Нацыянальнай акадэміі навук, Палаты прадстаўнікоў, эксперты. І што, дарэчы, у канцэпцыі няма падзелу СМІ на дзяржаўныя і недзяржаўныя, яны ўсе вызначаюцца як «нацыянальныя».

Ці значыць гэта, што цяпер «нацыянальны» TUT.BY можа атрымаць дзяржаўнае фінансаванне і сплаціць за кошт дзяржаўнага фінансавання штраф Золатавай, які «імем Рэспублікі Беларусь» ёй выдаў дзяржаўны суд?

У гэтым рэчышчы толькі адзін абзац з усёй канцэпцыі заслугоўвае ўвагі. «Беларуская мова, нароўні з канстытуцыйна замацаваным двухмоўем, спрыяе падвышэнню нацыянальнай самасвядомасці беларускага грамадства і ўмацаванню яго духоўнасці. Пашырэнне сацыяльных функцый і камунікатыўных магчымасцяў беларускай мовы, яе паўнавартаснае і ўсебаковае развіццё разам з іншымі элементамі нацыянальнай культуры выступаюць гарантам гуманітарнай бяспекі дзяржавы».

Прывітанне, спадарства! Прыехалі! Мы пра гэта кажам не адзін дзясятак гадоў! Што мова — не толькі «апасродкаваны» інструмент, але складнік бяспекі. Што не можа быць, напрыклад, «рускага міру» ў беларускамоўным асяроддзі. Няўжо нас пачулі?

Хіба хтосьці з чыноўнікаў пачаў размаўляць «на роднай мове» пасля канцэпцыі? Хто ж увасабляе інфармацыйную бяспеку не на словах, а на справе? Я скажу, хто: Таварыства беларускай мовы, «Кінаконг» з перакладам сусветных блакбастараў на беларускую, «Мова нанова».

Так што казаць багата можна. І канцэпцыяў напісаць безліч. А зрабіць што здолееце? Як з канцэпцыяй інфармацыйнай бяспекі, з яе «мовай» і «гістарычнасцю» злучыць забарону святкавання 101-х угодкаў БНР у цэнтры Мінска?



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: