Калі Лукашэнка надзене гадзіннік «Луч» і перасядзе з «Майбаха»?

Як прымусіць чыноўнікаў насіць вопратку беларускай вытворчасці?

Фота: gratisography.com

Больш не буду шыць з нейкай чужой тканіны касцюмы, а буду купляць тут”, — паабяцаў Аляксандр Лукашэнка, калі ўбачыў новыя «годныя» тканіны, выпуск якіх асвоіла ААТ «Камволь».

Няўжо з гэтага часу ўсе гарнітуры беларускага кіраўніка будуць толькі з беларускай тканіны? Пра гэта эканаміст Лёў Марголін распавёў www.zautra.by

— Пытанне, як да гэтага паставяцца італьянскія краўцы, якія шыюць яму гарнітуры. Баюся, на беларускую тканіну яны пераходзіць не пагодзяцца, — ацэньвае заяву беларускага лідара эканаміст Леў Марголін. — Тады давядзецца купляць гатовыя гарнітуры беларускай вытворчасці ў нашых універмагах. Хоць тут таксама небяспечна: можна набыць беларускія гарнітуры з імпартнай тканіны.

— Ці сапраўды «Камволь» стаў такім сучасным прадпрыемствам, як пра тое кажуць афіцыйныя СМІ?

— Для гэтага трэба азнаёміцца з фінансавай справаздачнасцю. Па заканчэнні года Мінфін будзе публікаваць афіцыйныя фінансавыя звесткі за год. Калі гэта сапраўды такое ўнікальнае прадпрыемства, то ў яго будзе шалёны прыбытак і шалёная рэнтабельнасць. Паглядзім.

— Наколькі праекты мадэрнізацыі паспяховыя па краіне ў цэлым?

— Наш досвед паказвае, што паспяхова мадэрнізаваць прадпрыемствы дзяржава не ў стане. За апошнія 10 гадоў было мноства спробаў і ў прамысловасці, і ў сельскай гаспадарцы, і ў вытворчасці будаўнічых матэрыялаў, але нідзе паспяховых прыкладаў няма.

— Які прыклад, акрамя гарнітураў, мог бы падаць ці агучыць кіраўнік, каб заахвоціць сваіх падначаленых карыстацца прадукцыяй айчыннай вытворчасці?

— Самае простае, што ён мог бы зрабіць, гэта купіць абутак беларускай вытворчасці, хоць ён не такі і дрэнны, і гадзіннікі фабрыкі «Луч», а не швейцарскія. Я ўжо не кажу пра тое, што зараз у яго з'явілася ўнікальная магчымасць перасесці з «Мэрсэдэса» або з «Майбаха» на «Джылі», прычым без адмысловай шкоды, бо яму маглі б сабраць аўтамабіль з асаблівай дбайнасцю. Так што магчымасцяў у Лукашэнкі маса.

У рамках імпартазамяшчэння ў Беларусі вырабляецца вялікая колькасць прадукцыі, уключаючы лекі. Вось, калі ласка, пераходзь на ўсё беларускае — і падавай прыклад іншым. Асабліва гэта тычыцца рэчаў, якія бачныя няўзброеным вокам на фотаздымках.

— Чаму «слугі народа» не спяшаюцца карыстацца айчыннай прадукцыяй?

— Таму што прадукцыя не адпавядае ўзрастаючым запытам якасці. А паколькі ў чыноўнікаў, у адрозненне ад большасці простых беларусаў, ёсць магчымасць выбару, яны і выбіраюць тое, што лепшае, у меру сваіх фінансавых магчымасцяў.

— Ці можна дырэктыўна прымусіць чыноўнікаў перайсці на прадукцыю беларускай вытворчасці?

— Тэарэтычна — вельмі нават проста. Трэба адкрыць для іх спецыяльныя крамы, дзе яны ў кошт заробку маглі б купляць толькі беларускую прадукцыю, толькі беларускія прамысловыя тавары і атрымліваць толькі беларускія паслугі. Іншым спосабам прымусіць іх гэта рабіць нельга.

— Ці дапамагае палітыка імпартазамяшчэння беларускай эканоміцы?

— Не, таму што яна ажыццяўляецца за кошт дзяржаўных прадпрыемстваў, а дзяржпрадпрыемствы наогул не могуць праводзіць эфектыўна праграмы імпартазамяшчэння. Па-другое, палітыка імпартазамяшчэння стварае пэўныя льготныя ўмовы для беларускіх прадпрыемстваў, штучнае ільготнае асяроддзе. Толькі канкурэнцыя можа прымусіць прадпрыемства не стаяць на месцы, а інтэнсіўна рухацца наперад.

Ніякага штучнага імпартазамяшчэння быць не павінна, бо нельга ўсе тавары і паслугі вырабляць з аднолькава добрай якасцю. Калі ў краіне прадпрыемствы ў асноўным прыватныя, то ў першую чаргу развіваюцца тыя сектары эканомікі, у якіх вырабляецца прамысловая і сельгаспрадукцыя, канкурэнтныя паслугі. І толькі тады краіна рухаецца наперад.

Генадзь Косараў, "Заўтра тваёй краіны"




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!