Калі ў Беларусі перастане расці камуналка?

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, які ў свой час працаваў у структуры жыллёва-камунальнай гаспадаркі, распавёў пра тое, калі беларусы будуць аплачваць 100 адсоткаў камуналкі.

ПМалюнак з сайта shatura.bezformata.com

З 1 чэрвеня вырастуць тарыфы на цеплазабеспячэнне — ацяпленне і падагрэў вады. Гэта падаражанне прадугледжана падвышэннем тарыфаў на камуналку ў межах 5 долараў.

Рыгор Кастусёў адзначыў “Радыё Рацыя”:

— Калі ўлады заяўляюць, што ў хуткім часе насельніцтва будзе аплачваць 100 адсоткаў сабекошту камуналкі, то ў мяне адразу ўзнікае пытанне: а як гэта вылічваецца? Бо да гэтага часу ні грамадзяне Беларусі, ні ўрад, ні беларускі кіраўнік не маглі разабрацца, што сабой уяўляюць “100 адсоткаў за камунальныя паслугі”. І што туды ўваходзіць?

— А вы гэта можаце патлумачыць, як былы “камунальшчык”?

— Мне падаецца, што кошты на камунальныя паслугі для насельніцтва разлічваюцца, як у старым армейскім анекдоце, калі прапаршчык даваў заданне капаць траншэю ад плота да вечара. Такім чынам, відаць, вылічваецца і сабекошт камунальных плацяжоў.

Людзям кожны год вешаюць локшыну на вушы, што яны аплачваюць, скажам, 30 альбо 40 адсоткаў ад сабекошту, камуналка пастаянна даражэе, і гэтая песня бясконцая. Нікому не патрэбна, каб заўтра насельніцтва аплочвала 100 адсоткаў, бо тады ж кошты не падымеш.

Увогуле, я лічу, што некаторыя паслугі камунальшчыкаў людзі ўжо аплочваюць на 100 адсоткаў, а можа нават і больш. Але пры такой сістэме падвышэнне камуналкі будзе працягвацца. І рэальных разлікаў, думаю, няма.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!