Кампанія з Расіі падманула беларускія прадпрыемствы амаль на 1,5 млн долараў

Пракуратура Мінскай вобласці ўзбудзіла крымінальныя справы па фактах махлярства ў асабліва буйным памеры паводле матэрыялаў праверкі аб пратэрмінаванай знешняй дэбіторскай запазычанасці трох прадпрыемстваў малочнай прамысловасці, — піша Радыё Свабода.
У выніку ашуканскай схемы падазраванага, гендырэктара адной з расейскіх кампаній, тром беларускім малочным прадпрыемствам нанесеная шкода ў памеры больш за 2,7 мільёны беларускіх рублёў.

«Выяўлена, што генеральны дырэктар аднаго з расейскіх таварыстваў з абмежаванай адказнасцю, першапачаткова маючы намер падманным шляхам завалодаць маёмасцю трох прадпрыемстваў малочнай прамысловасці Мінскай вобласці, у сакавіку і траўні 2017 падпісаў з імі дадатковыя пагадненні да раней заключаных дамоваў пастаўкі з адтэрміноўкай плацяжу. Пасля супрацьпраўнага атрымання малочнай прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў ён не заплаціў за яе, а грузам распарадзіўся па сваім меркаванні», – распявелі ў службе інфармацыі пракуратуры.

Для арганізацыі папярэдняга расследавання крымінальныя справы накіраваныя ва ўпраўленьне Следчага камітэту па Мінскай вобласці.

«Органы папярэдняга расследавання дадуць прававую ацэнку і дзеянням службовых асобаў беларускіх прадпрыемстваў, якія адпусцілі малочную прадукцыю без папярэдняй аплаты», – дадалі ў службе.

Пасля ўзбуджэння крымінальных спраў падазраваны часткова кампенсаваў шкоду аднаму з трох прадпрыемстваў, выплаціўшы больш за 300 тысяч беларускіх рублёў.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!