Каму прададуць «Гомсельмаш»?

Беларускім прадпрыемствам цікавяцца кампаніі з Казахстану і Кітаю.
Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Казахстан можа купіць пакет акцый ААТ «Гомсельмаш», паведаміў 26 лістапада першы віцэ-прэм'ер Аляксандр Турчын.

«Гэта створыць умовы для пашырэння вытворчасці, задавальнення нацыянальных патрэбаў і прасоўвання прадукцыі на рынкі трэціх краін», — цытуе Аляксандра Турчына прэс-служба ўрада.

Тэма абмяркоўвалася на пасяджэнні міжурадавай беларуска-казахстанскай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве ў вузкім складзе. Бакі прыйшлі да пагаднення, як прасоўвацца ў гэтым пытанні далей. «Мы бачым выразныя перспектывы руху ў гэтым напрамку», — сказаў першы віцэ-прэм'ер.

«Гомсельмаш» даўно супрацоўнічае з прадпрыемствам «Аграмашхолдынг KZ», якое з'яўляецца эксклюзіўным дыстрыбутарам беларускай тэхнікі ў Казахстане. На заводзе ў Кастанаі збіраюцца камбайны з беларускіх камплектуючых.

Але да рэальнага абмеркавання ўмоў здзелкі справа пакуль не даходзіла.

«На камісіі гэтае пытанне, наколькі я валодаю інфармацыяй, практычна не разглядалася. Ёсць запіс аб тым, каб працягнуць працу. Ні аб тэрмінах, ні аб памеры, ні пра ўмовы перамовы пакуль не праводзіліся. Хутчэй, гэта дыпламатычныя кіўкі двух бакоў. Адзін кажа, што хацеў бы, а другі кажа, што мог бы», — паведаміў Naviny.by начальнік упраўлення распараджэння ўласнасцю холдынгу «Гомсельмаш» Аляксандр Малахаў.

Раней інтарэс да «Гомсельмаша» выяўляла кітайская карпарацыя «Цзуньшэнь». Яна хацела купіць больш за 75% акцый прадпрыемства і выставіла шэраг умоваў для здзяйснення здзелкі.

У прыватнасці, колькасць персаналу павінна быць скарочана на траціну, а выплату выхадных дапамог звольненым рабочым павінен узяць на сябе бюджэт. Усё кіраўніцтва прадпрыемствам павінна быць заменена на прадстаўнікоў кітайскай карпарацыі. Інвестар таксама хацеў атрымаць актыў без даўгоў.

Гэтыя ўмовы не задаволілі беларускі бок, таму перамовы былі прыпыненыя.

Дзяржава, у сваю чаргу гатова прадаць 50% +1 акцыю стратэгічнаму інвестару на ўмовах рэалізацыі сумеснага інвестыцыйнага праекта на суму не менш за 500 млн долараў.

Інвестар таксама павінен захаваць асноўны віду дзейнасці і профіль вытворчасці, забяспечыць рост аб'ёмаў вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі з выкарыстаннем сумеснай тавараправоднай сеткі, пашырыць рынкі збыту, а таксама на працягу двух гадоў забяспечыць прыбытковую працу прадпрыемства.

Калі паступяць выгадныя прапановы з боку інвестара, то дзяржава гатова прадаць і больш важкі пакет — 75% + 1 акцыя.

«Дзяржава зацікаўлена ў тым, каб на «Гомсельмаш» прыйшоў інвестар і ўклаўся ў акцыянерны капітал. Можна выкупіць частку акцый. Можна зрабіць дадатковую эмісію акцый і набыць яе. Ёсць розныя падыходы, але пры пэўных добрых умовах прадпрыемства можа самастойна развівацца. Я — прыхільнік самастойнага развіцця, але калі даручаюць працаваць з патэнцыйнымі інвестарамі, то мы прафесійна гэтым займаемся», — сказаў Аляксандр Малахаў.

У адзіночку «Гомсельмаш» наўрад ці зможа скласці канкурэнцыю на рынку такіх брэндаў як John Deere або Claas, сказаў у каментары для Naviny.by намеснік старшыні Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі Георгій Грыц. Найбольш аптымальным варыянтам ён назваў стратэгічнае партнёрства з прамым канкурэнтам — расійскім «Растсельмашам».

«Калі мы вызначаем яго як стратэгічнага партнёра, як канал выхаду на расійскі рынак, то потым немалаважна сумесна выходзіць на рынкі трэціх краін», — адзначыў намеснік старшыні БНПА у каментары для Naviny.by.

Каб пазбегнуць паглынання аднаго прадпрыемства іншым трэба імкнуцца да парытэтнасці, падкрэсліў эксперт. Продаж жа долі ў прадпрыемстве, на яго думку, лепш ажыццявіць праз дадатковую эмісію акцый. Гэта дасць магчымасць нарасціць капіталізацыю кампаніі, а інвестару пазбегнуць дадатковых выдаткаў.

ААТ «Гомсельмаш» працуе больш за 85 гадоў. Гэта адзін з найбуйнейшых вытворцаў сельскагаспадарчай тэхнікі на постсавецкай прасторы. Яго магутнасці дазваляюць выпускаць пяць тысяч збожжаўборачных і кормаўборачных камбайнаў у год, гаворыцца ў інфармацыйным мемарандуме.

Выручка кампаніі за мінулы год склала каля 530 млн рублёў, што амаль у 1,5 разы больш за ўзровень 2016 года. Чысты прыбытак павялічыўся ў 1,7 раза — да 907 тысяч рублёў.

У мінулым годзе каля 70% тэхнікі прадпрыемства было прададзена экспарт. Асноўнымі рынкамі збыту з'яўляюцца Расія (з доляй на рынку ў 21,6%), Казахстан (32,2%), Украіна (8,4%).

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!