Каронавіруса сцеражыся, а жыта сей!

Сітуацыя з каронавіруснай інфекцыяй негатыўна адаб’ецца на ўсіх галінах эканомікі — на сельскай гаспадарцы і рынку харчавання ў тым ліку. Але каронавіруса пільнуйся, а жыта сей! Кліматычныя змены таксама нясуць аграсюрпрызы. «Новы Час» згадвае мінулыя «бітвы за ўраджай» у Беларусі і разбіраецца ў прагнозах на сёлетнюю.

Фота dneprovec.by

Прадстаўнікі сусветнай харчовай праграмы ААН ужо заявілі, што COVID-19 ускладніць сітуацыю з голадам на планеце. Зрэшты, Беларусі голад не пагражае, бо значную частку прадукаванага харчавання мы экспартуем, а таму сябе забяспечым. Праўда, вось збожжа, напрыклад, ва неўрадлівыя гады закупляць у розных аб’ёмах даводзіцца. А збожжа — гэта не толькі хлеб у крамах, але і розныя крупы з макаронамі. А яшчэ корм птушкам і жывёлам, якія ў сваю чаргу даюць мяса, малако, яйкі.


Ад азімых да яравых

Іншая справа, што ў Беларусі, па старой завядзёнцы, пасяўная і жніво — працэс не толькі сельскагаспадарчы і агулам эканамічны, але і сапраўдная піяр-палітычная кампанія. Адгукаецца аграрнае мінулае кіраўніка краіны, які зрабіўся кіраўніком краіны з пасады дырэктара саўгасу. Ну і аграсектар — адзін з ключавых у беларускай эканоміцы. Кіраванне ім вядзецца часта ў ручным рэжыме і з камандна-рытарычным надрывам. Сёлетняя сяўба не стала выключэннем. А тут яшчэ каронавірус дадаў ажыятажу. І Аляксандр Лукашэнка чакана прамовіў сваю традыцыйную ўстаноўку: «Увесь цыкл сельгаспрацаў цягам года ўзяць пад найжорсткі кантроль».

У сярэдзіне сакавіка заяўлялася, што ўмовы ідэальныя, таму што «пры высокіх тэмпературах узімку ішлі дажджы, а таму пры адсутнасці снегу вялікі запас вільгаці ў глебе». Але сітуацыя хутка змянілася, бо дажджоў практычна няма. Дэфіцыт вільгаці на фоне высокіх атмасферных тэмператур, якія прыпадалі на час актыўнай вегетацыі і наліву зерня, быў праблемай і мінулымі некалькімі гадамі. Выйсце — больш шырокае выкарыстанне агратэхнічных захадаў дзеля захавання вільгаці ў глебе, а таксама дадатковыя падкормкі пасля ападкаў. А таксама больш ранняя і хуткая сяўба. Сёлета, напрыклад, яна пачалася на паўтара тыдні раней, чым летась.

У адмысловым Працоўным плане Мінсельгасхарчу важнасць своечасовай сяўбы абгрунтавана адмыслоўцамі Навукова-практычнага цэнтру Акадэміі навук па земляробстве. Аптымальны яе тэрмін пачынаецца з моманту прасыхання верхняга слоя глебы да мяккапластычнага стану (як толькі сельгасмашыны змогуць праходзіць па полі) і ўстойлівага яго прагравання (плюс 5 градусаў на глыбіню 10 сантыметраў). Сяўба цягам 7–12 дзён пасля выспявання мінеральнай глебы ў большасці яравых культур не прыводзіць да зніжэння ўраджайнасці. А вось далейшае прамаруджванне на кожныя суткі нясе страту 1 цэнтнера ўраджаю з гектара. Апрача гэтага, пасеяныя своечасова збожжавы культуры менш церпяць ад шкоднікаў, больш канкурэнтныя ў барацьбе з пустазеллем і лепей спажываюць элементы сілкавання.

Глабальна на кліматычныя змены нашы аграрыі адрэагавалі тым, што сталі больш вырошчваць засухаўстойлівых і азімых збожжавых культур. Сёлета, напрыклад, у параўнанні з 2019 годам плошчы азімага кліну павялічаныя на 11%. Але ў цэлым пакуль што крыху болей засяваецца яравых збожжавых. Для «лікбезу»: азімыя — гэта расліны, якім патрэбная перазімоўка з уздзеяннем нізкай тэмпературы на раннім перыядзе росту. Сеюць іх увосень, нават і ў жніўні, а ўраджай збіраюць у наступным годзе. Азімыя выспяваюць раней і даюць большы ўраджай, чым яравыя культуры: за кошт выкарыстання запасаў вільгаці ў глебе ўвосень і ранняй вясной. З азімымі свой клопат вясной: іх трэба падкормліваць і змагацца з інфекцыямі ды шкоднікамі, якім стала прасцей перажываць цяплейшыя зімы.


Мара Машэрава

Мы нездарма акцэнтуем увагу на надвор’і і яго сюрпрызных перападах — гэта той істотны чыннік, які гайдае ўраджайныя вынікі ў сельскай гаспадарцы Беларусі ад 6 да 9 мільёнаў тонаў збожжа. План на ўраджай–2020 — 8,1 мільёна тон, у тым ліку 6,5 мільёна тон фуражнага збожжа (то-бок, якое пойдзе на кармы жывёлам). Самы вялікі ўраджай традыцыйна чакаецца на Міншчыне — 2 мільёны тон, самы малы — на Віцебшчыне, крыху меней за 1 мільён. Пакуль гэтыя лічбы Мінсельгасхарч не карэктуе. Не б’е публічна трывогу і новы міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Крупко, прызначаны на гэтую пасаду ў сакавіку (дагэтуль ён кіраваў Нясвіжскім і Мінскім раёнамі).

Хаця адмыслоўцы ў нашым рэгіёне ўжо прадказваюць, што ўраджай будзе меншым за мінулагодні. У Беларусі летась і пазалетась было сабрана збожжавых і збожжабабовых адпаведна 7,3 і 6,2 мільёна тон у вазе пасля дапрацоўкі. Гэта адны з самых нізкіх паказчыкаў за апошнія паўтара дзясяткі гадоў. Гістарычны рэкорд быў пастаўлены ў 2014 годзе — 9,5 мільёна тон. Зрэшты, тады рэкорды ўстанавілі і амаль усе нашы суседзі: надвор’е спрыяла. Ураджайная планка ў 9 мільёнаў тон дасягалася ў Беларусі яшчэ двойчы.

Культавай жа мэтавай лічбай па ўраджаі акрэсленыя 10 мільёнаў тон. Пра іх марыў яшчэ Пётр Машэраў, кіраўнік БССР. Пры паспяховым рэфармаванні і прыстасаванні сельскай гаспадаркі да відавочных кліматычных зменаў можна замахвацца нават на 12–15 мільёнаў тон. А антырэкорд у незалежнай Беларусі быў зроблены ў 1999 годзе — усяго 3,6 мільёна тон збожжа. Тады нават «Дажынкі» ў Шклове адмянілі і правялі іх на наступны год.

А першы раз «Дажынкі» святкаваліся ў 1996 годзе. Мэтай было, па словах Лукашэнкі, паказаць, што дзяржава цэніць працу хлебаробаў і падтрымлівае іх. У культуралагічным плане гэта быў зварот да старажытных традыцый. Злыя ж языкі аналітыкаў казалі, што аўтарытарным рэжымам увогуле ўласціва відовішчна падтрымліваць культ працы. Многія кпілі з «Дажынак» за так званы агратрэш.

Сталіцамі «Дажынак» былі Столін, Масты, Нясвіж, Шклоў, Мазыр, Полацк, Пружаны, Ваўкавыск, Слуцк, Бабруйск, Рэчыца, Орша, Кобрын, Ліда, Маладзечна, Горкі, Жлобін, Гарадок... І раптам пасля 2014 года на рэспубліканскім узроўні святкаванне «Дажынак» спынілася: іх сталі адзначаць па абласцях у нейкім аграгарадку ці райцэнтры. Гэта было патлумачана ў тым ліку намерам упарадкаваць (дзякуючы «дажыначным» урачыстасцям) паболей населеных пунктаў. У сталіцах «свята працы» сапраўды наводзілі маштабны марафет, асабліва мясцовым жыхарам падабалася, што іх гарады аздаблялі ходнікавай пліткай. Апрача рамонту вуліц і будынкаў з’яўляліся новыя аб’екты інфраструктуры.

Што праўда, у гэтым годзе абласныя «Дажынкі» на Віцебшчыне пройдуць у абласным цэнтры — Віцебску, хаця ў іншых рэгіёнах святкаваць будуць у драбнейшых населеных пунктах. Напрыклад, на Брэстчыне ў Дзівіне, на Гомельшчыне — у Мазыры, на Магілёўшчыне — у Асіповічах, на Гродзеншчыне — у Скідалі, на Міншчыне — у Чэрвені. Калі, канечне, ураджай (цьху-цьху), катастрафічна не змізарнее праз спякоту ці які ўраган, а да восені ўтаймуецца каронавірус. Летась святкавалі ў Ружанах, Браславе, Петрыкаве, Смаргоні, Барысаве і Глуску.

А вось ад селектарных нарадаў і інспекцыяў у палях падчас жніва кіраўнік Беларусі не адмаўляецца. І ўборка ўраджаю па-ранейшаму мае піяр-фармат «бітвы за ўраджай». Хаця сам Лукашэнка летась заўважыў, што ўжо можна так не казаць, бо цяпер маецца ўся неабходная сельгастэхніка — і ў належнай колькасці, і ў адпаведныя тэрміны. Тым не меней, год таму ён даручыў курыраваць жніво не толькі прэм’ер-міністру Сяргею Румасу і разнастайным кантралёрам, але і, дзеля парадку, кіраўніку Міністэрства ўнутраных спраў Юрыю Караеву.

Сёлета, у год прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, перамагаць у «бітве за ўраджай» улады будуць не менш галосна. Каравай, каравай, каго скажуць — выбірай!



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: