Карупцыя ў будаўніцтве: погляд з верхняга паверху

Доля будаўніцтва ў ВУП Беларусі апошнім гадамі трохі пераўзыходзіць 5%. Будаўнічых фірмаў становіцца ўсё меней. Каронавірусная эпідэмія, па прагнозах экспертаў, спрычыніцца да іх далейшага скарачэння. Нікуды не падзенецца і іншая зараза: будаўніцтва — адна з самых карупцыягенных галінаў эканомікі.


Паводле нядаўняга апытання бізнесоўцаў Цэнтрам эканамічных даследаванняў Beroc, адной з лідарскіх галінаў па адсутнасці двухмесячнай падушкі бяспекі з’яўляецца будаўніцтва. Выявілася, што такіх рэзерваў няма ў 60% будаўнічых кампаніяў. Прычым эксперты даюць несуцяшальны для будаўнікоў-бізнесоўцаў прагноз: як у прамысловасці і гандлі, сітуацыя і для іх будзе заставацца негатыўнай па завяршэнні эпідэміі і з надыходам непазбежнай рэцэсіі. У прыватнасці, эксперты Beroc прадказваюць паўтор наступстваў крызісу 2015 і 2016 гадоў, калі праз рэцэсію закрывалася прадпрыемстваў болей, чым адкрывалася.


Каронавірус супраць дырэктывы

Адпаведна, працягнецца тэндэнцыя і па змяншэнні колькасці занятых у будаўніцтве. Напрыклад, з 2012 па 2018 гады працаўнікоў у гэтай галіне паменела з 360 тысяч да 275 тысяч чалавек. Многія з іх падаліся на працу па розныя бакі мяжы — у Польшчу ды Расію. Але цяпер каронавірус ударыць, відаць, і па будаўнічым бізнесе гэтых краін. Таму беспрацоўным беларускім будаўнікам не так проста будзе ўладкавацца на тамтэйшых будоўлях.

Сітуацыю яшчэ да каронавіруса, увесну мінулага года, улады вырашылі выпраўляць звыклым для сябе метадам — Дырэктывай «Аб прыярытэтных кірунках развіцця будаўнічай галіны». У гэтым дакуменце адзначалася: «Зменшыўся ўнёсак галіны ў валавы ўнутраны прадукт, дапушчана падзенне аб’ёмаў падрадных працаў, узвядзення жылля, абвастраюцца праблемы неплацяжоў, пагаршаецца фінансавае становішча будаўнічых арганізацыяў». Канстатавалася і тое, што «недастатковы ўзровень аплаты працы ў будаўніцтве стаў асноўнай прычынай адтоку кадраў».

Праз каронавірус і негатыўныя рэцэсійныя прагнозы дырэктыўныя мэты, спушчаныя Саўміну і профільным ведамствам, давядзецца карэктаваць або адсоўваць па часе выканання. Напрыклад, долю будаўніцтва ў ВУП, якую ўсталявалі на планцы 6,3%. Або долю беларускай будаўнічай прадукцыі, якая мусіць выкарыстоўвацца пры ўзвядзенні аб’ектаў у нашай краіне, акрэсленую ў памеры да 85%.

Сярод іншых мэтаў Дырэктывы — вытрымліванне нарматыўных тэрмінаў будаўніцтва, у тым ліку шматкватэрных жылых дамоў; забеспячэнне апераджальнага развіцця гарадоў-спадарожнікаў; гарантаванне штогадовага будаўніцтва індывідуальнага жылля ў памеры 40% ад усяго, што будзе ўзводзіцца; скарачэнне колькасці і тэрмінаў адміністрацыйных працэдур, спрашчэнне іх ажыццяўлення на ўсіх этапах будаўнічай дзейнасці з максімальным укараненнем прынцыпу «аднаго вакна».

Ва ўсё гэта верыцца з цяжкасцю, як і ў ліквідацыю карупцыі ў будаўнічай галіне. Прычым, карупцыі дзяржаўнай, якую прадстаўнікі будаўнічага бізнесу называюць адной з галоўных перашкодаў пры вядзенні справаў.


Карупцыйныя правілы гульні

Паводле вынікаў апытання бізнесоўцаў, праведзенага некалькі гадоў таму тым жа Beroc, амаль 70% з іх перашкодамі на шляху развіцця сваіх фірмаў назвалі канкурэнцыю з боку ценявога бізнесу і дзяржаўную карупцыю. Ёй спрыяюць працэдуры правядзення дзяржзакупак, ліцэнзавання, кватавання, падатковыя льготы, розныя дазволы. Уладальнікі будаўнічых фірмаў, з якімі ўдалося пагутарыць «Новаму Часу», назвалі каля дзясятка розных этапаў будаўніцтва, на якіх прадстаўнікі дзяржаўных арганізацый могуць вымагаць хабар за станоўчае вырашэнне пытанняў. Выдатковыя лішкі плацяцца, пачынаючы ад атрымання ўчастка пад будаўніцтва і заканчваючы здачай аб’екта. У выніку карупцыйны складнік можа займаць да траціны ўсіх выдаткаў на ажыццяўленне будаўнічага праекта.

«Я перакананы: калі ты ў больш-менш сур’ёзным будаўнічым бізнесе, калі твая дзейнасць залежыць ад атрымання стосу дакументаў з розных дзяржкантораў, то застацца па-за карупцыйнымі адносінамі папросту немагчыма. Да іх схіляюць заведзеныя правілы гульні. Нават калі ты прынцыпова не “адваліш” на нейкім этапе, то ў лепшым выпадку страціш час.

Прайсці ўсе адміністрацыйныя працэдуры без “падзяк” немагчыма. А гэта і маральныя, і матэрыяльныя страты. Адпаведна, бізнесоўцы па ланцужку спрабуюць, у сваю чаргу, надурыць дзяржаву, каб кампенсаваць гэтыя незаконныя траты. Таму і практыкуюцца заробкі ў канвертах, таму выкарыстоўваецца праца будаўнікоў без афіцыйнага афармлення, бездамоўнае правядзенне нейкіх працаў і гэтак далей.

Чым болей ты ўзбуйняешся — тым болей карупцыйных сплатаў. Ну, а на маштабныя праекты можна нават не замахвацца, бо там і хабар не дапаможа. Усё падзелена паміж сталымі гульцамі, якія, як кажуць, зрасліся з чыноўніцтвам. Асабліва ў Мінску. Канешне, часам праваахоўныя і кантрольныя органы кагосьці прыціскаюць, але пераважна гэта малы і сярэдні бізнес.

Натуральна, хабарніцкая сістэма — гэта заўжды рызыка аказацца за кратамі. А ты вымушаны ў ёй абарачацца. Я з гэтай прычыны думаю ў выніку падацца на пенсіі будаваць катэджы поўным цыклам, каб мінімізаваць кантакты з дзяржавай. Каб спакойна сустрэць старасць дома, а не нарах», — распавёў адзін з уладальнікаў будаўнічай фірмы.

Дарэчы, паводле апытанняў, заніжаюць свае даходы дзеля сыходу ад падаткаабкладання дзве траціны бізнесоўцаў у будаўніцтве. А 55% маюць працаўнікоў-невідзімак. У неафіцыйных плацяжах (прасцей кажучы, дачы хабару) прызналіся 60% апытаных. Столькі ж плацяць заробкі ў канвертах. 30% будбізнесоўцаў наракаюць, што прайгравалі тэндары праз нядобрасумленную канкурэнцыю. Спосабаў абраць загадзя вызначанага пераможцу багата. Напрыклад, каб адсеяць непажаданых удзельнікаў тэндару ці аўкцыёну, дастаткова проста фармальна прычапіцца да афармлення дакументаў, што стане падставай для адмовы фірме ва ўдзеле ў спаборніцтве за выдзяленне ўчастка зямлі або за правядзенне пэўных будаўнічых прац. Яшчэ варыянт — выстаўленне дадатковых абцяжарвальных умоваў пры забудове, якія здатная фінансава або тэхнічна выканаць пэўная «правільная» будаўнічая фірма.


Садзяць «стрэлачнікаў»

Эканамічны журналіст-расследавальнік Станіслаў Івашкевіч кажа, што самая маштабная карупцыя ў будаўніцтве з цыркуляваннем вялізных сумаў адбываецца тады, «калі дзяржаўныя арганізацыі бяруць на падрады афіляваныя з начальствам прыватныя кампаніі і вымываюць прыбытак праз іх, або калі дзяржава дае прыватнаму бізнесу вялізныя льготы».

Такім чынам могуць здабывацца сотні мільёнаў долараў, «якія не абкладаюцца падаткамі і выводзяцца ў афшор».

«Прыклад з падрадамі. Вось рэканструяваўся стадыён “Дынама” ў Мінску. Замоўца — Упраўленне капітальнага будаўніцтва Мінгарвыканкаму. Генеральны падрадчык — “Будтрэст №1”. А на субпадрад бралася кампанія, афіляваная, паводле нашага расследавання ў перадачы “Давайце разбірацца” на тэлеканале “Белсат”, з намеснікам дырэктара трэста. Таго самага, які курыраваў “Дынама”. Падрады былі на дзясяткі мільёнаў долараў без канкурэнтнай працэдуры на тэндары».

Па ідэі, падрадчыка з найлепшымі ўмовамі трэба абіраць праз адкрыты конкурс. Хаця, што праўда, часам праводзіць іх немэтазгодна, кажа журналіст-расследавальнік: «Умоўна: калі трэба дакупіць вядро фарбы». Але дзяржаўныя закупы павінны быць, па-першае, адкрытыя, а па-другое, публікавацца цалкам: «Павінна публікавацца не толькі абвестка аб закупе, як цяпер, але таксама і падпісаны кантракт з усімі дадаткамі да яго. То-бок, агулам працэдура пастаўкі ад замовы да выканання. Каб можна было адсочваць усе схемы і прадухіляць злоўжыванні. А ў Беларусі ўлада, наадварот, стварыла адну з самых закрытых для грамадскасці сістэм дзяржаўных закупаў. Гаворка і пра будматэрыялы, і пра будаўнічыя працы. Чыноўнікі, якія прымаюць рашэнні па іх выбары для патрэбаў нейкіх будоўляў, ніяк не кантралююцца. І спакуса тут вельмі вялікая, каб такімі паўнамоцтвамі не злоўжываць, узяўшы хабар сабе і тым, хто стаіць вышэй за цябе».

Як чыноўнікі, якіх журналісты ловяць на схемах з прыкметамі карупцыі, рэагуюць на расследаванні? Іх абарончы адказ, са словаў Станіслава Івашкевіча, наступны: «Маўляў, нас правяралі кампетэнтныя органы — і нічога не знайшлі. І сапраўды, часцяком бывае, што, калі органы нешта знаходзяць, то пакаранні выносяцца за нязначныя хабары, хаця грошы праз падазроныя схемы праварочваюцца насамрэч вялізныя. Сапраўдная антыкарупцыйная барацьба вядзецца, як правіла, з “пешкамі” і “стрэлачнікамі”. Ствараецца ўражанне, што буйныя падазроныя схемы кормяць іх удзельнікаў у настолькі высокіх кабінетах, што маюць абарону ад праверак сілавікоў».

Што да выдзялення дарагой зямлі, перадусім сталічнай, то адна справа — цьмяныя аўкцыёны, а іншая — калі ўчасткі ў Мінску перадаюцца буйным гульцам на рынку нерухомасці наўпрост прэзідэнцкім указам. Менавіта такім прывілеяваным чынам атрымала прэміумныя надзелы ў розных частках сталіцы такая нашумелая кампанія, як «Дана Холдынгз». І скандалы з тымі аб’ектамі, якая яна ўзво­дзіць, здараюцца рэгулярна.


«Данайцы»

«Дана Холдынгз» належыць сербскім бізнесоўцам — братам Карычам. У Мінску кампанія пачала будаўнічую дзейнасць у 2000-х гадах. І цяпер «Дана» будуе ў сталіцы больш, чым любая іншая кампанія.

Менавіта ёй кіраўнік Беларусі аддаў пад забудову велізарны ўчастак каля Нацыянальнай бібліятэкі пад праект «Маяк Мінска». Яшчэ адзін гіганцкі кавалак зямлі «данайцы» забудоўваюць на тэрыторыі закрытага аэрапорта «Мінск-1». Гаворка аб праекце «Мінск Мір». Апрача гэтага, браты Карычы будуюць паасобныя жыллёвыя комплексы і скандальны бізнес-комплекс «БК Капітал цэнтр» на Кастрычніцкай плошчы. Агулам гаворка вядзецца пра некалькі мільёнаў квадратных метраў жылля. Пры гэтым «Дана» вызвалена — паводле інвестдамоваў — ад цэлага шэрагу падаткаў.

За што даюцца льготы? Кампанія першапачаткова прадстаўляе шыкоўны інавацыйны праект забудовы, які зацвярджаецца. Але будуецца ў выніку зусім не падобнае да таго, што абяцаецца ў эскізах. І ніякіх санкцый за фэйк не настае, зазначае Івашкевіч. Наадварот: «У свой час былы кіраўнік камітэту архітэктуры і будаўніцтва Мінгарвыканкаму Віктар Нікіцін не раз звяртаў увагу свайго вышэйшага кіраўніцтва на парушэнні, якія дапускае “Дана Холдныгз”, і на неадпаведнасць яе праектаў таму, як пачынае весціся будаўніцтва. Патрабаваў выпраўлення хібаў. Забудоўшчык паскардзіўся на самы верх. І дбайны чыноўнік быў звольнены разам з усёй камандай калег. Маўляў, за тое, што чыніў перашкоды каштоўнаму інвестару».

Маяк Мінска. Павінна было быць так

Хаця паўнавартасным інвестарам кампанію «Дана Холдынгз», па словах эксперта, назваць нельга: «Бо яна будуе не за свае сродкі, а за сродкі дольнікаў. Людзі атрымліваюць кватэры па коштах, якія крыху ніжэй за рынкавыя, хаця забудоўшчык мае выдаткі, дзякуючы льготнаму рэжыму, у разы ніжэйшыя за рынкавыя».

То-бок, ёсць два рынкі зямлі ў Мінску, кажа Станіслаў Івашкевіч. Першы: невялічкія, абмежаваныя па колькасці надзелы, за якія гульцы на будаўнічым рынку змагаюцца на конкурснай аснове. Гэтыя ўчасткі абцяжараныя старымі дамамі, якія трэба зносіць і перасяляць жыльцоў. А таксама перабудоўваць інфраструктуру. Адпаведна, сабекошт узведзенага там жылля будзе высокі, як і продажныя кошты на кватэры. І другі рынак — для некалькіх фаварытаў кіраўніцтва краіны. Ім раздаюцца вялікія абшары з падатковымі прэферэнцыямі. Інфраструктуру часта будуюць мінскія ўлады за кошт бюджэту. Гэта зусім іншы ўзровень выдаткаў забудоўшчыкаў. Калі б была канкурэнцыя на гэтым «рынку не для ўсіх», якім ён цяпер ёсць, кошты на жыллё ў Мінску былі ніжэйшымі.

Маяк Мінска. Вынік

А яшчэ церпяць жыльцы: «Людзям абяцаюць, паводле праектаў “Даны”, прасторныя зялёныя месцы з паркоўкамі і добрай сацыяльнай інфраструктурай. Насамрэч жа атрымліваюцца шчыльна натыцканыя панелькі». А між тым, у комплексе «Маяк Мінска», які павінен быў паўстаць у фармаце «горад у горадзе», планавалася пракласці нават водныя каналы з гандоламі (глядзіце на здымках, што павінна было з’явіцца паводле рэндараў, якія шмат разоў перарабляліся на больш сціплыя, і што атрымалася на сумнай яве). Апрача таго, неаднойчы ўладальнікі кватэраў у дамах, пабудаваных «Данай», калектыўна скардзіліся на розныя хібы набытага жылля.


Выгоднікі — сербы і хакеісты

Хто ж такія сербскія браты Карычы? Чацвёра братоў пачалі займацца бізнесам у былой Югаславіі яшчэ пры Іосіфе Броз Ціта. Пры Слабадане Мілошавічы яны пераўтварыліся ў мільярдэраў. Сярод іншага іх нават называлі «кашальком» дыктатара.

Лукашэнка двойчы бываў у Сербіі пры Мілошавічы — у 1998 годзе і ў 1999-м, акурат падчас бамбардзіровак Белграду. Былая старшыня Нацбанку Беларусі Тамара Віннікава ў інтэрв’ю расійскаму выданню «Коммерсантъ» сцвярджала потым, што другі раз каманда Лукашэнкі, апрача іншага, прыязджала туды нібыта эвакуяваць ад бамбаванняў свае капіталы, якія хавала ў былой Югаславіі пад наглядам Мілошавіча. Пры канцы 2000-х гадоў Лукашэнка адпачываў у сербскім Капаоніку — на гарналыжным курорце, дзе правёў шэраг сустрэчаў з тамтэйшымі алігархамі. Магчыма, так і ўзнік інтарэс Карычаў да будаўнічага рынку сталіцы Беларусі.

Дзейнічаюць таксама драбнейшыя схемы, калі будаўнічыя кампаніі бяруць на працу ці ў невялікую долю былых чыноўнікаў з профільных ведамстваў або іншых набліжаных да ўлады асобаў — напрыклад, партнёраў Лукашэнкі па клюшцы і шайбе, каб яны забяспечвалі жаданы вынік праз свае нефармальныя сувязі.

Перапісваецца пры патрэбе пад фаварытаў па хакеі і заканадаўства. Гаворка пры фірму «Тапас», яе кіраўніка Паўла Белага, і будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу побач з заказнікам «Лебядзіны» паводле ўказа кіраўніка дзяржавы. Эколагі было запратэставалі ў сувязі з пагрозай прыродзе, але высветлілася, што праз змены ў праекце «Тапас» увогуле замахнуўся на зону са статусам «тэрыторыі з адмысловым рэжымам засваення і ўтрымання». У выніку Лукашэнка выдаў указ, якім папросту скараціў межы заказніка. Скандальны праект стаў узаконеным. Бізнес-сяброўства хакейныя партнёры нават і не хаваюць: гэтай зімой Лукашэнка наведаў цырымонію адкрыцця рэстарана «Лебядзіны» на былой тэрыторыі заказніка.

Той самы Дзяржкантроль такім выпадкамі не надта цікавіцца, вядома...





Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: