«Керамін» плануе на тры месяцы прыпынiць працу цагельнага завода. Што будзе з супрацоўнікамі?

У рэдакцыю «Новага Часу» звярнуўся чытач, які працуе рабочым на цагельным заводзе «Кераміна». Па яго словах, праз адсутнасць продажаў з 1 сакавіка завод спыняецца, і супрацоўнікаў адпраўляюць шукаць сабе іншую працу. Але на прадпрыемстве кажуць, што ўсіх на гэты час працаўладкуюць.
Фота: keramin.ibiz.by

Фота: keramin.ibiz.by

— Цагельны завод спыняюць ужо не першы год, — распавёў чытач. — Раней спынялі на зіму, на пяць месяцаў. У мінулым годзе спынялі з 1 студзеня, але тады знайшлі працу на плітцы. Цяпер кагосьці адпраўляюць у адпачынак за свой кошт, а кагосьці — шукаць працу, бо не ведаюць, куды падзець людзей. Дамаўляліся нават з Зелянбудам, ЖЭСам, каб людзі ішлі падмятаць вуліцы.

Па словах суразмоўцы, прастоі звязаныя з тым, што на заводзе няма продажаў: на тэрыторыі прадпрыемства цяпер стаіць больш за 8 млн цаглін. Цяжкасці з’явіліся і з продажам керамічнай пліткі. Пакуль прадукцыю не прададуць, без працы застаюцца каля 100 супрацоўнікаў цагельнага завода, якія працуюць непасрэдна на канвееры, гаворыць чытач.

Таксама ён прадаставіў рэдакцыі дакумент, паводле якога «ў сувязі з нестабільнасцю фінансавага стану, выкліканага неспрыяльнай эпідэміялагічнай абстаноўкай і тым самым рэзкім зніжэннем аб’ёму продажаў», з 1 студзеня на прадпрыемстве прыпыняецца шэраг сацыяльных выплат супрацоўнікам, прадугледжаных калектыўнай дамовай, «да стабілізацыі фінансавага становішча». Сярод гэтых выплат — расходы на віншаванні з юбілеямі, матэрыяльная дапамога на аздараўленне, выплаты ў сувязі з уступленнем у шлюб і нараджэннем дзіцяці і інш.

 Сапраўды, у нас у планах з 1 сакавіка прыпыніць на 2–3 месяцы працу Мінскага цагельнага завода, — пацвердзіла ў каментары «Новаму Часу» намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай працы і персанале ААТ «Керамін» Ала Елізарава. — Такое ў нас было і ў мінулым годзе, паколькі зімой будаўнічая галіна прыпыняецца, зніжаецца попыт на будаўнічыя матэрыялы. У нас дастаткова цэглы, каб задаволіць патрэбы спажыўцоў, уключаючы будаўнічыя арганізацыі. І каб не вырабляць прадукцыю на склад, мы на тры месяцы плануем спыніць вытворчасць. У гэты час у нас абавязкова праводзіцца планавае тэхнічнае абслугоўванне абсталявання, рамонт, праверкі печы, бо ў нас кругласуткавая вытворчасць. Але самае галоўнае — мы ўсіх людзей працаўладкоўваем на плітачную вытворчасць, на вытворчасць санітарна-тэхнічных вырабаў, улічваючы кваліфікацыю і стан здароўя работнікаў. Больш за тое, пры часовым пераводзе супрацоўнікам захоўваецца сярэдні заробак. Нікога не звальняем і не плануем звальняць. Так было і ў мінулым годзе. Галоўная задача — захаваць персанал.

— Ніхто сам працу не шукае. Мы з імі ўзгадняем, куды яны хочуць пайсці. Усе будуць працаўладкаваныя, бо Мінскі цагельны завод — гэта малая частка «Кераміна», — дадала Ала Мікалаеўна.

Таксама яна пацвердзіла, што да вясны прыпыняюцца некаторыя сацыяльныя выплаты, прадугледжаныя калектыўнай дамовай.

 Запатрабаванасць нашай прадукцыі залежыць ад таго, як ідзе будаўніцтва. Рынак будаўнічых матэрыялаў — сезонны рынак. Штогод у зімовы перыяд попыт на прадукцыю зніжаецца. Таму на працягу некалькіх апошніх гадоў мы практыкавалі часовае прыпыненне асобных сацыяльных выплат у 1 квартале года. З сакавіка мы іх аднаўляем і выплачваем у поўным аб'ёме ўсе нявыплачаныя выплаты ў мінулы перыяд.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: