Кіраўнік Viber пра Беларусь: Мы не можам інвеставаць у краіну, дзе людзі жывуць у страху

Блакаванні інтэрнэту ў Беларусі 9-12 жніўня прывялі да перабояў у працы месенджэра Viber. Кампанія задумалася аб скарачэнні інвестыцый у краіну і зачыніла свой офіс у Мінску. Пра гэта ў інтэрв'ю Forbes распавёў гендырэктар уладальніка сэрвісу, кампаніі Rakuten Viber Джамел Агаўа.
Фота: Rakuten

Фота: Rakuten

Агаўа распавёў, што пасля налётаў на офісы «Яндэкс» і Uber было прынята рашэнне неадкладна зачыніць мінскі офіс.

— Проста мы не ведалі, чаму гэтыя людзі захапілі офісы гэтых кампаній. І мы вырашылі эвакуіраваць наш офіс дзеля бяспекі. Таму што мы не ведалі, чаму гэтыя людзі захапілі офісы, мы не ведалі, ці было гэта звязана з палітыкай. У нас не было ніякай інфармацыі, — растлумачыў ён.

Агаўа таксама распавёў, што два супрацоўнікі кампаніі былі арыштаваныя ў пратэстныя дні, паводле яго слоў, без усялякай прычыны.

— Зараз з гэтымі людзьмі працуюць нашы адвакаты, пакуль што немагчыма зразумець, чаму яны былі арыштаваныя. Яны нават не пратэставалі. Адзін проста знаходзіўся побач з месцам, дзе арыштоўвалі іншых, і яго забралі з астатнімі. Іншы быў назіральнікам на выбарчым участку. Ён задаў некалькі пытанняў кіраўніцтву выбарчага ўчастка, а праз 20 хвілін яго арыштавалі. І ў гэтым страху даволі складана прыняць правільнае рашэнне, каб зразумець тое, што адбываецца.

Генеральны дырэктар распавёў, што адзін супрацоўнік ужо вызвалены, другі з сур'ёзнымі траўмамі трапіў у бальніцу і па законе ён усё яшчэ пад арыштам.

 Мы не займаемся палітыкай у Viber. Мы чакаем, што гвалт спыніцца. Людзі мірна пратэстуюць. І права мірна пратэставаць — жыццёва важнае. Калі ты не можаш сказаць, што не згодны, то ў цябе няма свабоды. Людзі павінны мець магчымасць выказаць сваю нязгоду мірна. Мы супраць любых формаў гвалту. Людзі ў Беларусі мусяць вырашыць сваю будучыню, — упэўнены Агаўа.

Гендырэктар кажа, што раней у планах было — падвоіць інвестыцыі ў Беларусь. Але цяпер інвестыцыі могуць зусім спыніцца.

— Такое можа быць, таму што мы не можам інвеставаць у краіну, дзе людзі жывуць у страху, — заявіў Агаўа.

42.tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: