Кірыл Руды: Беларусі не пазбегнуць эканамічных рэформаў

Беларусі не пазбегнуць эканамічных рэформаў, і ў выпадку іх правядзення краіна можа стаць падобная да Кітая, які ўжо даўно і даволі паспяхова праводзіць рэформы. Да такой высновы прыйшоў былы памочнік прэзідэнта па эканамічных пытаннях, экс-пасол Беларусі ў Кітаі Кірыл Руды.

У сваёй новай кнізе «Непадобныя: погляд на Кітай і беларуска-кітайскія адносіны» Руды пералічвае падабенствы і адрозненні паміж дзвюма краінамі. Падабенствы Руды бачыць у блізкасці палітычных поглядаў афіцыйных лідараў дзвюх краін — Аляксандра Лукашэнкі і Сі Цзіньпіна. «Яны абодва прыхільнікі цэнтралізацыі кантролю, у палітыцы дэкларуюць прыярытэты грамадскай стабільнасці і сацыяльнай справядлівасці, праводзяць пастаянныя і маштабныя антыкарупцыйныя кампаніі. Схільныя звяртацца да мінулага для пошуку адказаў на выклікі сучаснасці і для выбудоўвання стратэгіі будучыні, напрыклад, праяўляюць сентыментальнасць у дачыненні да Савецкага Саюза», — піша Руды.

У той жа час адрозненні паміж дзвюма краінамі аўтар бачыць у тым, што Кітай ужо правёў маштабныя рэформы па павышэнні эфектыўнасці рэальнага сектара эканомікі, а ў Беларусі такія рэформы яшчэ наперадзе.

«Беларусі не пазбегнуць, як бы сумна і ўтомна гэта ні здавалася, эканамічных, інстытуцыйных і іншых рэформаў, якія ў выніку раскадуюць паводзіны беларусаў, зрабіўшы Беларусь і Кітай падобнымі», — падкрэслівае ў сваёй кнізе Кірыл Руды.

Па назіраннях экс-пасла, адрозненні паміж дзвюма краінамі выяўляюцца ў розных сітуацыях і абумоўлена гэта ў тым ліку інстытуцыянальнымі прычынамі. Аўтар, у прыватнасці, звяртае ўвагу на тое, што Беларусь — прэзідэнцкая рэспубліка з цэнтралізаванымі інстытутамі кіравання і падведамнымі дзяржорганам прадпрыемствамі. «Таму ў краіне за працу прадпрыемстваў адказваюць кіраўнікі міністэрстваў, ведамстваў, рэгіёнаў. Кітай — партыйная дзяржава з дэцэнтралізаванай сістэмай кіравання і незалежнымі ў прыняцці рашэнняў прадпрыемствамі. Кітайскі ўрад, у адрозненне ад беларускага, не ўмешваецца ў працу прадпрыемстваў і толькі пазначае напрамкі, а працу бізнесу вызначае рынак», — падкрэслівае Руды. Пры гэтым ён канстатуе, што кітайскія кампаніі часам падладжваюцца пад беларускія рэаліі. «Разумеючы спецыфіку беларускай сістэмы кіравання эканомікай, кітайскія кампаніі для вырашэння пытання вядуць перамовы на ўзроўні свайго віцэ-прэзідэнта кампаніі з беларускімі міністрамі ці нават з намеснікам прэм’ер-міністра, што немажліва ў Кітаі», — адзначае ў сваёй кнізе Руды.

Паводле naviny.by



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: