Колькасць працуючых пенсіянераў памяншаецца. І ім па-ранейшаму не пераглядаюць пенсію

У Беларусі працягвае скарачацца колькасць працуючых пенсіянераў, паведамляе Белстат. У мінулым годзе іх налічвалася 634 тысячы. Але пры гэтым доля працуючых ад агульнай колькасці пенсіянераў у параўнанні з папярэднімі гадамі павялічылася. Раней прафсаюзы крытыкавалі ўрад за тое, што працуючым пенсіянерам не пераглядаюць пенсію.
У 2019 года ў Беларусі налічвалася 634 тысячы працуючых пенсіянераў, у 2018 годзе — 638 тысяч, у 2017 годзе — 646 тысяч, ў 2016 годзе — 666 тысяч.

Разам з тым доля працуючых пенсіянераў ад агульнай колькасці нязначна павялічылася. У мінулым годзе працаваў 25,1% пенсіянераў — прыкладна кожны чацвёрты. У 2018 і 2017 гадах іх было 24,9%, а ў 2016-м — 25,4%.

Працоўныя пенсіянеры могуць як атрымліваць адначасова зарплату і пенсію (з абмежаваннямі па пенсійным каэфіцыенце), так і часова адмовіцца ад атрымання пенсіі і атрымаць прыбаўку ў будучыні. Па падліках Мінпрацы, за пяць гадоў працы без атрымання пенсіі яе можна павялічыць у 1,8 разоў.

Па даных за мінулы год, на аднаго пенсіянера прыходзілася 1,62 працуючага беларуса. Гэтыя суадносіны ў параўнанні з папярэднімі гадамі практычна не змяніліся: у 2018 годзе яны склалі 1,61, а ў 2017 і 2016 гадах — 1,62.

Сярэдні памер пенсіі па ўзросце ў мінулым годзе склаў 431,2 рубля (у 2018 годзе — 381,2 рубля, у 2017 годзе — 314,3 рубля, у 2016 годзе — 297 рублёў). Суадносіны сярэдняй пенсіі і сярэдняй зарплаты склалі 38,7%. Гэта больш, чым у папярэднія два гады, калі гэтыя суадносіны складалі 36,8% і 38%, але менш, чым у 2016 годзе. Тады сярэдняя пенсія складала 40,5% сярэдняга заробку.

Нагадаем, у Беларусі прапануюць адмяніць унёскі ў ФСАН для працуючых пенсіянераў, з такой прапановай выступілі работнікі «Беларуськалія» на сустрэчы з Наталляй Качанавай, якая на той момант была кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта. Яна абяцала даць адказ пасля таго, як гэтае пытанне разгледзяць і прапрацуюць са спецыялістамі Мінпрацы. Раней прафсаюзы крытыкавалі ўрад за тое, што працуючым пенсіянерам не пераглядаюць пенсію.

— Мы настойваем на неабходнасці пераразліку пенсій працуючым пенсіянерам. Сёння з іх заработнай платы бяруцца адлічэнні ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, але пераразлік пенсіі пры гэтым не робіцца. На наш погляд, гэта несправядлівы падыход, і ён павінен быць зменены, — заяўляў раней старшыня федэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Орда.

У прадстаўнікоў Мінпрацы ў мінулым годзе падчас анлайн-канферэнцыі па пытаннях пенсійнага забеспячэння цікавіліся, «ці можна разлічваць (і калі), што ў Беларусі адменяць унёскі ў ФСАН для працуючых пенсіянераў». У ведамстве не далі прамы адказ на пытанне, а разгледзелі яго «ў некалькі іншай плоскасці», нагадаўшы пра магчымасць адмовіцца на час ад атрымання пенсіі, каб павялічыць яе памер у далейшым.

Паводле finance.tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: