Колькі беларусы трацілі на падарожжы гэтым летам?

Яндэкс.Каса высветліла, колькі трацяць жыхары Беларусі на падарожжы і адпачынак гэтым летам.
Для гэтага сэрвіс прааналізаваў, як карыстальнікі аплачваюць праз інтэрнэт чыгуначныя і авіябілеты, турыстычныя пуцёўкі і браніраванне гатэляў, квіткі ў музеі, на экскурсіі і забаўляльныя мерапрыемствы. Улічваліся плацяжы жыхароў Мінска, Брэста, Гродна, Магілёва, Віцебска і іншых гарадоў краіны. Параўноўваліся дадзеныя за чэрвень — ліпень 2018 года і 2017 года.

Аказалася, што на цягніках беларускія карыстальнікі сталі падарожнічаць больш актыўна, чым на самалётах. За два першыя месяцы гэтага лета колькасць пакупак чыгуначных квіткоў павялічылася ў 2,4 разы ў параўнанні з такім жа перыядам 2017 года.

Плацяжы за авіябілеты сталі менш прыкладна на 10%. Пры гэтым сярэдні чэк за квіткі на самалёты вырас на 40% — да 410 беларускіх рублёў. А вось тыя, хто аддае перавагу падарожжам на цягніках, сталі плаціць за квіткі на 15% менш у сярэднім за раз — прыкладна 50 бел. руб.

Жыхары Беларусі сталі часцей аплачваць пуцёўкі на сайтах турагенцтваў. У чэрвені-ліпені 2018 года колькасць плацяжоў за іх вырасла амаль у 1,5 разы ў параўнанні з гэтымі ж месяцамі 2017 года.

Сярэдні чэк за браніраванне нумароў складае 130 бел. руб, за пракат аўтамабіляў — 49 бел. руб, за экскурсіі і забавы — 21 бел. руб. У цэлым за два першыя месяцы гэтага лета выдаткі беларускіх карыстальнікаў на падарожжы і адпачынак выраслі ў 1,6 раза ў параўнанні з чэрвенем-ліпенем мінулага года. Колькасць такіх плацяжоў павялічылася ў 2,3 разы.

Нядаўна аналітыкі Яндэкс высветлілі, пра якія краіны для летняга адпачынку жыхары Беларусі часцей за ўсё пытаюцца ў сэрвісу. Сярод самых папулярных турыстычных напрамкаў апынуліся Турцыя, Украіна, Егіпет, Грузія, Грэцыя, Іспанія, Італія, Польшча, Туніс, Кіпр.

Паводле thinktanks.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: