Колькі яшчэ прастаяць «хрушчоўкі»?

Раз-пораз уздымаецца праблема састарэлых жылых малапавярховікаў, узведзеных за савецкім часам. Маўляў, пакуль яны не пачалі складвацца, як карткавыя дамкі, час рыхтавацца да зносу і перасялення жыхароў у новазбудаванае жытло. Але, у адрозненне ад той самай Масквы, дзе пастанавілі знесці ўсе «хрушчоўкі», і актыўна гэта робяць, у нас вырашылі працягнуць іх жыццё з дапамогай капрамонтаў. Ці слушна гэта?

Фота ekogradmoscow.ru

Ідэя ўзвядзення масавага тыпавога жылля прыйшла ў галаву кіраўніка СССР Мікіты Хрушчова падчас візіту ў Францыю, дзе ён пабачыў кварталы кампактных жылых дамоў з нізкім коштам будаўніцтва. Пасля Другой сусветнай вайны многія савецкія грамадзяне жылі ў бараках, «камуналках» і ледзьве не ў зямлянках, таму перасяленне ў хай малагабарытнае ды з іншымі, паводле сённяшніх меркаваннях, недахопамі, але патрэбнае і бясплатнае жытло было святочнай падзеяй для тысяч сем’яў.

Кампактнасць супраць камфорту

Распрацаваў праекты першых серый такога жытла вышынёй да пяці паверхаў архітэктар Віталь Лагуценка — дарэчы, дзед лідара расійскага музычнага гурта «Мумій Троль». Спачатку гэтыя дамы і называлі адпаведна «лагуценаўкамі», але ўрэшце народ ахрысціў іх «хрушчоўкамі» («хрушчобамі»). Як раней былі «сталінкі», а затым «брэжнеўкі». І сапраўды: «хрушчоўкі» — архітэктурны сімвал той эпохі.

Пачалі іх узводзіць у Маскве напрыканцы 1940-х гадоў. У Мінску першыя «хрушчоўкі», ужо па мадэрнізаваных, палепшаных праектах, пабудавалі на дзясятак гадоў пазней. Усяго ў Беларусі ўзводзілі «хрушчоўкі» некалькіх тыпавых серый — самай удалай і распаўсюджанай была 1-464, дамоў гэтай серыі болей за ўсё у Мінску. Другая па распаўсюджанасці, але дастаткова праблемная — 1-335 (шмат, напрыклад, у Віцебску ды Магілёве).

Звычайна гэта «панэлькі», але былі таксама цагляныя дамы і рэдка блочныя. Без смеццеправодаў і ліфтаў, а то і без балконаў. Менавіта таму, што адсутнасць ліфтаў рабіла будаўніцтва «хрушчовак» больш танным, зусім мала іх пабудавалі 9-павярховымі. У Мінску ўсяго некалькі вышынных «хрушчовак».

«Хрушчоўкі» — гэта мініяцюрныя лесвічныя клеткі ў пад’ездзе з чатырма кватэрамі на паверсе, вузкія лесвіцы, у кватэрах — маленькая кухня (каля 6 квадратных метраў), сумешчаны цесны санвузел, мізэрны калідор — ровар не паставіш. Калі кватэра шматпакаёвая, то зала — абавязкова прахадная. Столь вышынёй 2,5 метра.

Сярод іншых «мінусаў»: бывае, немагчыма зрабіць перапланіроўку праз наяўнасць унутраных нясучых сценаў, нізкая цеплаізаляцыя вонкавых сценаў (таму «хрушчоўкі» ўцяплялі падчас капрамонтаў), дрэнная шумаізаляцыя. Пляскаты дах патрабуе, як паказала практыка, частага рамонту. Кепская асветленасць пакояў: яны ўяўляюць сабою выцягнутыя прамакутнікі з вокнамі на меншых баках. Затое ў кватэрах былі прадугледжаныя кладоўкі і ўбудаваныя шафы.

Савецкі народ жартаваў так: «Хрушчоў аб’яднаў ванну і прыбіральню, але не паспеў злучыць столь і падлогу!»

Чаго ж было асаблівага чакаць, калі «хрушчоўкі» пачалі масава будаваць пасля прынятых у сярэдзіне 1950-х гадоў пастановаў Савета Міністраў СССР з такім назвамі: «Аб развіцці вытворчасці зборных жалезабетонных канструкцыяў і дэталяў для будаўніцтва»; «Аб захадах па далейшай індустрыялізацыі, паляпшэнні якасці і зніжэнні кошту будаўніцтва»; «Аб выкараненні празмернасцяў у праектаванні і будаўніцтве». Аднак пастаўленая мэта вырашыць дэфіцыт жылля была ажыццёўленая. Дый у параўнанні са «сталінкамі» сабекошт зборкі «хрушчовак» быў зніжаны на 30%.

Пад іх мініяцюрнасць «затачылі» і прамысловасць — у прыватнасці, сталі выпускаць кампактную мэблю. А тагачасная рэклама рабіла акцэнт на тое, што ў «хрушчоўках» усё пад рукой: зручна — і эканомія часу. Змізарнела і роля архітэктараў. Генсек кампартыі Хрушчоў асабіста чахвосціў іх за «рэцыдывы архаікі і ўпрыгажэнства».

Знос па-маскоўску не пасуе?

«Хрушчоўкам» самых першых серый тагачаснымі нарматывамі адводзіўся 25-гадовы тэрмін эксплуатацыі, пазнейшых — 50-гадовы. Затым у выніку даследаванняў былі зробленыя высновы, што ў рамонтапрыдатных з іх можна жыць і па 100–150 гадоў.

Напрыканцы існавання СССР была распрацавана дзяржаўная праграма мадэрнізацыі «хрушчовак». У якасці эксперыменту паводле «Белжылпраекту», які выйграў усесаюзны конкурс, рэканструявалі адзін з дамоў на вуліцы Асіпенкі ў Мінску. У ім надбудавалі мансарду, кватэраў стала амаль на два дзясяткі меней, затое плошча іх значна павялічылася.

Спробы мадэрнізацыі прадпрымаюцца і дасюль, але гэта рэдкія выпадкі. Бо, па-першае, Жыллёвы кодэкс Беларусі прадугледжвае надбудову мансардаў толькі пры ўмове, што на гэта пагодзяцца 51% жыхароў дома. А такой згоды на пераўтварэнне жытла ў будаўнічую пляцоўку дамагчыся вельмі няпроста. Па-другое, мансарды — дарагое задавальненне: кошт квадратнага метра супастаўляльны з «квадратам» новага будаўніцтва, пры тым, што ўжо маюцца інжынерныя сеткі.

Але чаму ў Маскве «хрушчоўкі» масава зносяць цэлымі кварталамі, а ў нас яшчэ не кранулі ніводнай? Першы чыннік — эканоміка. Знос аднаго квадратнага метра каштуе болей за траціну ад кошту новаўзведзенага. У Маскве зямля і жытло значна даражэйшыя, чым у Мінску. Таму інвестараў хапае. Будуючы замест 5-павярховіка гмах на 20–25 паверхаў, ён застаецца ў добрым плюсе, нават выдаткоўваючы грошы на знос старога жытла і прадастаўленне выселеным з яго людзям новых кватэраў.

Затое кошт квадратнага метра капітальнага рамонту ў нас на практыцы абыходзіцца ў прыкладна 50–100 долараў. Таму працягнуць тэрмін эксплуатацыі беларускіх «хрушчовак» было вырашана менавіта праз капрамонты. Калькулятар вырашае!

Эканоміка вышэй за бяспеку?

Але ці значыць гэта, што эканоміку ўлады Беларусі паставілі вышэй за бяспеку людзей? І «хрушчоўкі» сапраўды вось-вось пачнуць разбурацца, становячыся ледзь не магіламі для іх жыльцоў? У Маскве ж такія дамы прызналі аварыйнымі?!

Насамрэч, усё не так страшна. Справа ў тым, што маскоўскія «хрушчоўкі», як распавядаюць у Навукова-даследчым праектна-вышукальным інстытуце «Белжылпраект» ды пацвярджаюць адмыслоўцы іншых профільных установаў, належаць зусім да іншых серыяў, чым беларускія. Там вельмі тонкія панэлі, нездарма такія дамы ў сталіцы былога СССР узводзілі за паўтара-два месяцы — гэта і з мантажом, і з унутраным аздабленнем!

Маскоўскія «хрушчоўкі» папросту рамонтанепрыдатныя — у адрозненне ад мінскіх, якія са сценамі і перакрыццямі з жалезабетону дастаткова трывалыя. Час якраз паспрыяў трываласці. Састарэлі перадусім у плане энергаэфектыўнасці вонкавыя сцены, таму іх і апраналі ў капрамонтныя «шубы».

Хрушчоўкі ў Германіі. Фота www.varlamov.ru

Дарэчы, часцяком мадэрнізуюць, а не зносяць, свае «панэлькі» немцы. Праўда, вонкава ў выніку яны выглядаюць значна больш прывабна, чым у нас. Там сапраўды гэтым будынкам даецца другое жыццё. Між тым, многія нашы архітэктары абараняюць «хрушчоўкі» і з эстэтычных меркаванняў. Не, выглядаюць яны досыць непрывабна, але кварталы з малапавярховымі «панэлькамі» савецкіх часоў — зялёныя, ціхія і прасторныя, не заціскаюць чалавека. У адрозненне ад высокіх і шчыльных «каменных джунгляў» новых раёнаў, ды ўжо шмат якіх забудаваных абшараў у цэнтры сталіцы.

Нейкіх дакладных нарматываў па часе, на які працягнулі тэрмін эксплуатацыі «хрушчовак», няма, але найчасцей кажуць пра тое, што праграма па зносе можа пачацца дзесьці праз 30 гадоў. Тым больш, што іх жыхары зусім не наракаюць і не патрабуюць перасялення. Абы да гэтага часу, цьху-цьху, не здарылася ніякіх няшчасных выпадкаў. Праграма рэнавацыі «хрушчовак» павінна быць не экстранай, а добра пралічанай.

Так, новае жытло павінна прадастаўляцца людзям у тым самым раёне, дзе было і старое. Дарэчы, у Маскве так і робіцца. Прычым, жыхароў з «хрушчовак» перасяляюць адразу ў новае жыллё, а не прапануюць спачатку часовы дах з так званага «падменнага фонду». І кватэры даюць на 20% большыя — за кошт нежылых і дапаможных памяшканняў. Некаторыя пытанні там дыскутуюцца, напрыклад, магчымасць дакупкі дадатковага метражу па льготных коштах і вяртання сплачаных адлічэнняў на капітальны рамонт.

Паглядзім, як гэты працэс зладзяць у нас. Адно ясна, што ўсё будзе клопатна і маштабна: усяго ў Беларусі каля 2500 «хрушчовак», а ў Мінску — 1300.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: