Колькі каштуе «Гродна Азот»?

Улады Беларусі зноў разглядаюць магчымасць удзелу «Газпрама» і іншых расійскіх кампаній у лёсе «Гродна Азота». Пры гэтым дапускаецца ўваходжанне інвестара ў акцыянерны капітал гродзенскага прадпрыемства. Пра гэта TUT.BY распавялі інфармаваныя крыніцы. Але ўсё зноў можа ўперціся ў цану беларускага завода.
22 лютага Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным заявіў, што новы комплекс на базе «Гродна Азота» можна было б пабудаваць з удзелам «Газпрама».

— Мы хочам павялічыць аб'ёмы азотных угнаенняў. Калі будзе ваша даручэнне прапрацаваць пытанне, мы з «Газпрамам» гатовыя гэты праект рэалізаваць, — сказаў Лукашэнка Пуціну.

За апошні месяц пасол Беларусі ў РФ Уладзімір Сямашка як мінімум двойчы наведваўся ў офіс кіраўніка «Газпрама» Аляксея Мілера, каб абмеркаваць «перспектывы ўзаемадзеяння ў сярэднетэрміновай перспектыве».

Беларусь раней ужо разглядала «Газпрам» і іншыя расійскія кампаніі ў якасці патэнцыйнага партнёра для будаўніцтва новага азотнага комплексу, паколькі прыярытэтнае пытанне — гэта забеспячэнне завода сыравінай (прыродным газам).

У 2014 годзе Беларусь выстаўляла на продаж 25% + 1 акцыю «Гродна Азота» за 414 млн. долараў. Пры гэтым неабходна было ўкласці ў развіццё яшчэ 1,6-1,8 млрд. долараў, а ў перспектыве пакупнік змог атрымаць кантроль над камбінатам, даплаціўшы не менш за 440 млн. долараў. Кола прэтэндэнтаў было абмежавана ўмовай пастаўкі 2 млрд. кубаметраў газу ў год, сярод патэнцыйных інвестараў называлі «Газпрам», «Раснафту» і «Еўрахім». Але гэтыя ўмовы не зацікавілі расійскія кампаніі, ацэнка актыву здалася ім завышанай.

Нядаўна фінансавы аналітык кампаніі «Duff & Phelps» Максім Адаскевіч ацаніў на аснове даных 2019 года рынкавы кошт 100% акцыянернага капіталу «Гродна Азота» ў 600-700 млн. долараў.

Адна з асноўных метрык, на якія арыентуюцца інвестары пры ацэнцы кампаній, гэта EBITDA (прыбытак без уліку працэнтных плацяжоў, падаткаў і амартызацыі). У 2019 годзе, паводле разлікаў аналітыка, паказчык EBITDA «Гродна Азота» склаў каля 100 млн. долараў па сярэднегадавым курсе. Пяць параўнальных з беларускім вытворцам угнаенняў публічных кампаній каштуюць у сярэднім прыкладна 9 гадавых паказчыкаў EBITDA (уключаючы доўг). Калі ўжыць гэты мультыплікатар да «Гродна Азота», то агульны ацэначны кошт кампаніі разам з абавязкам складзе прыкладна 900 млн. долараў. За вылікам доўгу «Гродна Азота» (каля 200 млн. долараў) атрымліваем кошт акцыянернага капіталу ў 700 млн. долараў. Пры гэтым калі арыентавацца на расійскія кампаніі, то ацэнка можа скласці 800 млн. долараў. Максім Адаскевіч лічыць, што рэальны рынкавы кошт «Гродна Азота» ўсё ж ніжэйшы з-за меншай рэнтабельнасці, а таксама «краінавага дысконту Беларусі ў параўнанні з Расіяй» пры атрыманні крэдытаў на знешніх рынках. Пры гэтым эксперт падкрэсліў, што пры аналізе не разглядаў «магчымую нярынкавую матывацыю куплі».

Пытанне кошту завода і наяўнасць інвестыцый можа стаць ключавым момантам для новага комплексу. Справа ў тым, што акрамя Расіі ўлады Беларусі прапаноўвалі Кітаю стаць фінансавым інвестарам праекта — у спадзеве на танныя крэдыты. Аднак дамовіцца не атрымалася. Таму беларускія ўлады вырашылі ўзводзіць аб'ект за свой кошт, але прыцягнуць замежнага генпадрадчыка. Па выніках конкурсу выбар упаў на італьянскую кампанію «Tecnimont». Дакладней, як паведаміў у лютым 2020 гады прадстаўнік «Гродна Азота», «Tecnimont» была дапушчана «да працэдуры паляпшэння прапановы».

На днях намеснік генеральнага дырэктара па эканоміцы і фінансах «Гродна Азота» Дзмітрый Гарошка паведаміў, што вядуцца работы па заключэнні кантракта з «Tecnimont». Пасол Італіі ў Беларусі Марыё Бальдзі ў інтэрв'ю «Смартпрэс» удакладніў, што «беларускі ўрад цяпер займаецца пошукам фінансавання для рэалізацыі гэтага праекта». «Яны шукаюць буйных прамысловых партнёраў, і, магчыма, "Газпрам" мог бы быць адным з іх», — сказаў дыпламат.

Увод новага камбіната ў эксплуатацыю запланаваны на 2025 г. Кошт будаўніцтва ацэньваецца ў 1,2-1,3 млрд. долараў. Разліковы тэрмін акупнасці — дзесяць гадоў. Паводле ацэнак беларускіх улад, «Гродна Азот» павінен у два разы павялічыць магутнасці па выпуску карбаміду і значна нарасціць экспарт. Пры гэтым расход газу знізіцца прыкладна на 15%.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: