Колькі ў Беларусі патэнцыйных «дармаедаў»?

Ужо некалькі гадоў улады збіраюць звесткі пра людзей, якія не занятыя ў эканоміцы. У народзе гэтую катэгорыю насельніцтва часта называюць «дармаедамі».
Фота з сайта zen.yandex.ru

Фота з сайта zen.yandex.ru

Чыноўнікі не любяць публікаваць інфармацыю пра поўную колькасці асоб «дармаедскай нацыянальнасці». Таму banki24.by паспрабавала запоўніць прабел разлікамі на падставе афіцыйных даных.

У Беларусі абследаванні насельніцтва па пытаннях занятасці праводзяць кожны квартал. Для гэтага фарміруюць рэпрэзентатыўную выбарку з некалькіх тысяч хатніх гаспадарак. Выбарка складаецца паводле вынікаў перапісу і ўяўляе насельніцтва краіны з мінімальнай хібнасцю. Гэта дазваляе надзейна пераносіць вынікі выбарачных абследаванняў на ўсіх беларусаў.

Абследаванне ахоплівае людзей ва ўзросце ад 15 да 74 гадоў. Частка з іх непазбежна аказваецца альбо школьнікамі/студэнтамі, альбо пенсіянерамі. Аднак іх усё роўна апытваюць, таму што яны могуць мець жаданне працаваць у сваім узросце.

Дарэчы, апошнім тлумачыцца высокі ўзровень беспрацоўя па крытэрах Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) сярод моладзі. Моладзь, як правіла, ці не мае працоўнага стажу наогул, ці нейкі мінімальны вопыт. Іх жаданне працаваць часта разыходзіцца з жаданнем працадаўцаў браць такі персанал на працу.

Напрыклад, калі ў траўні 2021 года ўзровень беспрацоўя па МАП у Беларусі склаў 4%, то сярод моладзі 15-19 гадоў — 25,1%, моладзі 20-24 гадоў — 7,7%. У цэлым беспрацоўныя ў групе 16-30 гадоў склалі 58,6 тысячы чалавек пры агульнай колькасці беспрацоўных у 202,3 тысячы.

 Паводле даных абследавання ў траўні 2021 года, у склад працоўнай сілы не ўвайшло каля 2,129 млн чалавек. Яны склалі аж 29,5% ад насельніцтва ва ўзросце 15-74 гадоў, але сярод іх толькі 33,5% (714,3 тыс.) — гэта асобы ў працаздольным узросце.

У сваю чаргу, сярод 714,3 тыс. «дармаедаў» у працаздольным узросце 221,1 тыс — гэта навучэнцы ў дзённай форме атрымання адукацыі, а 53,2 тыс. — пенсіянеры. Значыць, іх трэба выключаць з «дармаедскай» групы.

Тады застаюцца дзве вялікія катэгорыі людзей. Першыя не жадаюць працаваць, але пры гэтым не з'яўляюцца ні навучэнцамі, ні пенсіянерамі. Другія жадаюць працаваць, але пакуль не могуць знайсці пастаянны занятак. У першую групу ўваходзяць 157,7 тыс. чалавек, у другую — 282,2 тыс.

Тыя, хто хоча працаваць, але пакуль не можа, дзеляцца на негатовых прыступіць да працы праз тыдзень (219,4 тыс.) і на тых, якія ніяк не шукаюць працу (62,8 тыс.). Апісаныя вышэй групы і складаюць касцяк беларусаў, якіх часта называюць «дармаедамі».


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: