«Коммерсантъ»: Расія і Беларусь папярэдне ўзгаднілі новую формулу разліку цаны на газ

Расія і Беларусь папярэдне ўзгаднілі новую формулу разліку кошту расійскага газу. Цяпер у разліках не будзе фігураваць долар, а цана на газ знізіцца.
Фота finport.am

Фота finport.am


У прыватнасці, як піша "Коммерсантъ" са спасылкай на знаёмыя з ходам абмеркавання крыніцы, формула вызначэння цаны газу цалкам зменіцца, з яе сыдзе доларавы складнік і яна стане цалкам рублёвай, што знізіць рызыкі Беларусі, звязаныя з ваганнем курсу долара.

Паводле дадзеных газеты, з 2017 года цана газу для Беларусі будзе вызначацца па сярэдняй цане па адзінай сістэме газазабеспячэння (АСГ) Расіі, памножанай на павышальны каэфіцыент. У 2017 годзе сярэдняя цана будзе каля 4,05 тыс. рублёў за 1 тыс. кубаметраў, а павышальны каэфіцыент складзе прыкладна 1,48. Такім чынам, цана газу для Беларусі ў 2017 годзе складзе каля 6 тыс. рублёў за 1 тыс. кубаметраў. У астатнія месяцы 2016 года газ у Беларусь будзе пастаўляцца па цвёрдай цане 6,3 тыс. рублёў за 1 тыс. кубаметраў.

Як адзначае расійскае выданне, цана на газ для Беларусі знізіцца з цяперашніх 132 прыкладна да 100 долараў за 1 тыс. кубаметраў.

Пры гэтым да 2025 года цана газу для Мінска павінна ў сярэднім зраўнавацца з цаной для расійскіх спажыўцоў, паколькі бакі дамовіліся, што павышальны каэфіцыент будзе паступова змяншацца і да 2025 года ён стане роўным адзінцы.

Як расказалі суразмоўцы газеты, калі новыя ўмовы будуць зацверджаны, то Беларусь пагасіць доўг перад "Газпромам", уключаючы пені, па старой цане, а Расія цалкам адновіць замарожаныя падчас канфлікту пастаўкі нафты. Паводле дадзеных "Коммерсанта", сума запазычанасці за газ за шэсць месяцаў складае каля 300 млн. долараў.

Газавая спрэчка паміж Беларуссю і Расіяй вядзецца з пачатку 2016 года — Мінск настойвае на зніжэнні кошту расійскага газу, Расія з гэтым не згодна. У выніку, як лічыць расійскі бок, да пачатку лета ў беларускіх спажыўцоў утварыўся доўг, які перавышае 200 млн. долараў ЗША.

Для стымулявання пагашэння доўгу Масква ў трэцім квартале скараціла пастаўкі нафты на беларускія НПЗ. У чэрвені віцэ-прэм`ер РФ Аркадзь Дварковіч заявіў, што да скарачэння паставак прывяла недаплата беларускага боку за расійскі газ. "Беларускія сябры нам, на жаль, не даплачваюць за газ, у тым ліку [гэта адбіваецца] на бюджэце, паколькі "Газпром" з`яўляецца буйным падаткаплацельшчыкам. Вядома, вымушаныя шукаць кампенсацыі", — сказаў Дварковіч.

Віцэ-прэм`ер беларускага ўрада Уладзімір Сямашка 30 чэрвеня, выступаючы ў парламенце, падкрэсліў, што Беларусь не патрабуе ад Расіі паставак таннага газу. "Мы ставім задачу прыйсці да цэнаў, блізкіх да ўнутрырасійскіх, — сказаў ён. — Я заўсёды сваім калегам, калі неаднаразова, дзясяткі разоў ужо спрэчкі па цане газу, па формулах, па ўсім і гэтак далей, я кажу: "Нам не патрэбен танны газ ад вас, мы пайшлі ў Еўразійскі саюз для таго, каб мець газ і энергарэсурсы ў цэлым па цэнах, блізкіх да вашых".

Прэм`ер-міністр Андрэй Кабякоў 23 жніўня пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам заявіў журналістам, што Беларусь "блізкая да дасягнення разумення з расійскімі партнёрамі па пытаннях фарміравання цаны на прыродны газ і паставак нафты".

Аляксей Арэшка, БелаПАН


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: