Краіна парадоксаў

Жыць у краіне парадоксаў не вельмі зручна, але цікава. Некаторыя навіны проста выклікаюць пытанне: «Як? Як такое можа адбывацца?»

Фота www.belmir.by


Як вядома, колькі месяцаў цягнецца нафтавы канфлікт з Расіяй. Беларускія НПЗ пачыналі адбор тэхнічнай нафты з нафтаправодаў, атрымліваюць сыравіну літаральна «па кроплі». На мінулым тыдні, як мы паведамлялі, раз’юшаныя аўтааматары заявіліся пад офіс «Белнафтахіму» і запытваліся, да якіх часоў бу­дзе даражэць бензін. Падавалася б, краіна павінна быць у рэжыме жорсткай эканоміі паліва, але…

Як паведамляе ўкраінскі сайт enkorr са спасылкай на «Кансалтынгавую групу А-95», беларускі імпарт бензіну ва Украіну ў сту­дзені-лютым… вырас на 37 працэнтаў! І склаў ажно 105,6 тысяч тон. У мінулым годзе за той жа перыяд з Беларусі ва Украіну было ўвезена 77,2 тысячы тон бензіну. Пры гэтым пастаўкі паліва выраслі, нягледзячы на ўсе нашы нафтавыя праблемы! Ці не парадокс?

Канешне, самае лагічнае тлумачэнне гэтаму — надзвычай мяккая зіма. Узімку на вуліцах гарадоў мы вельмі рэдка бачылі снегаачышчальныя машыны і пасыпанне дарог рэагентамі. Адпаведна, мы зэканомілі даволі багата таго ж самага бензіну. І можам прадаць лішкі паліва суседзям, напэўна. Але тады ўзнікае лагічнае пытанне, чаму бензін для беларускіх пакупнікоў не таннее?

Таксама цікавая справаздача Нацбанку Беларусі пра імпарт-экспарт беларускіх тавараў у студзені гэтага года. Розныя эксперты заўважаюць, што цёплая зіма — гэта не толькі эканомія паліва, але і зніжэнне ВУП краіны за кошт не вырабленай энергіі, не пастаўленых паслуг (тая ж расчыстка вуліцаў ад снегу) і гэтак далей. Ну і, плюс, набіўшае аскому скарачэнне паставак нафты на НПЗ.

Знешнегандлёвы абарот тавараў і паслуг за першы месяц года істотна знізіўся — на 13,8% да 5,1 мільярда долараў у параўнанні з аналагічным месяцам мінулага года. Экспарт тавараў і паслуг зменшыўся на 13,4% да амаль 2,7 мільярда долараў, а імпарт скараціўся на 14,2% да 2,4 мільярда долараў. Як бачым, знешнегандлёвае сальда склалася на карысць экспарту, і мы змаглі зарабіць 293,8 мільёна долараў.

Прычым, экспарт тавараў у нас упаў, а вось экспарт паслуг — павялічыўся. То-бок, зарабілі мы не за кошт вытворчасці, а за кошт паслуг. Гэта ўяўна паказвае, якая мадэль эканомікі больш зручная для краіны ў крызіс.

У той жа час былі апрылюдненыя дадзеныя па інфляцыі. За люты яна склала 1%. У студзені яна была 0,9%. У гадавым вымярэнні гэта ўжо складае 4,4%, а мэтавы паказчык па інфляцыі, вызначаны ў Асноўных напрамках грашова-крэдытнай палітыкі, складае не больш за 5% на канец года.

Варта зазначыць, што ў лютым індэкс коштаў на харчовыя тавары вырас на 0,7%, на нехарчовыя — на 0,5%, а на паслугі — на 2,3%.

Такім чынам, мы зарабляем на экспарце паслугаў, але ў той жа час растуць кошты паслугаў і ўнутры краіны. Але ці будуць у насельніцтва грошы, каб плаціць за падаражэлыя паслугі і надалей? Бо ўслед за дадзенымі па інфляцыі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны заявіла, што не збіраецца індэксаваць мінімальную зарплату і грашовыя даходы насельніцтва. Міністэрства спасылаецца на заканадаўства, па якім мінімальная зарплата і грашовыя даходы насельніцтва індэксуюцца ў выпадку, калі інфляцыя перавышае 5% з даты іх устанаўлення. Мінімальная зарплата ў Беларусі была ўстаноўленая з 1 студзеня. Бюджэт пражытачнага мінімуму апошні раз усталёўваўся 1 лютага. Адпаведна, інфляцыя за названы перыяд не перавысіла парога ў 5%.

У той жа час нашы чыноўнікі ніяк не збіраюцца крыўдзіць сябе, любімых. На сайце «Зручны горад» была апублікаваная петыцыя, у якой патрабавалі прывязкі зарплаты чыноўнікаў да сярэдняй па краіне. Прапанавалася, каб зарплаты старшыняў райвыканкамаў былі роўныя сярэдняй па раёне; старшыняў аблвыканкамаў — сярэдняй па вобласці; міністраў і кіраўніка дзяржавы — сярэдняй па краіне, а заробак дэпутата ўсталёўваўся б у памеры сярэдняга па выбарчай акрузе. Такую ініцыятыву падтрымалі больш за 1100 чалавек.

Міністэрства фінансаў палічыла такую просьбу, канешне ж, «немэтазгоднай». Маўляў, «дыферэнцыяцыя заработнай платы ажыццяўляецца ў залежнасці ад складанасці і напружанасці працы, узроўню кваліфікацыі работнікаў. Для кожнай пасады вызначаны канкрэтныя ўмовы аплаты працы», — напісаў у адказе сваё меркаванне намеснік міністра фінансаў Юрый Селіверстаў.

Як вынікае з адказу, «дзеючая цэнтралізаваная сістэма аплаты працы дзяржаўных служачых выбудаваная па ўсіх катэгорыях работнікаў, і змяненне памеру заработнай платы кіраўнікоў органаў дзяржаўнага кіравання (на ўзроўні сярэдняй зарплаты па краіне, вобласці, раёну, выбарчай акрузе) аўтаматычна прывядзе да змены яе памераў для ўсіх работнікаў дзяржаўных органаў, што ўяўляецца немэтазгодным і не можа быць падтрымана».

Па-мойму, у тым і была сутнасць петыцыі, каб змяніць памер заробку «для ўсіх работнікаў дзяржаўных органаў», як піша Селіверстаў. Каб тыя заробкі залежалі не ад «складанасці і напружанасці працы», а ад эфектыўнасці гэтай працы. Пра эфектыўнасць жа ў адказе Мінфіна — ані слова. І таму нашым чыноўнікам можна і надалей колькі заўгодна «напружвацца», але — без усялякага поспеху.

І яшчэ адна цікавая навіна паступіла з Польшчы. Наша суседка пачала бясплатна выдаваць візы маладым грамадзянам Беларусі. Новы парадак выдачы шэнгенскіх візаў пачаў дзейнічаць 29 лютага і будзе доўжыцца да 31 снежня 2020 года. Ён тычыцца дзяцей ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў і маладых людзей да 25 гадоў, якія ўдзельнічаюць у мерапрыемствах некамерцыйных арганізацый — семінарах, канферэнцыях, адукацыйных, культурных і спартыўных мерапрыемствах. Гэтыя катэгорыі заяўнікаў вызваляюцца ад выплаты візавага збору пры афармленні шэнгенскіх візаў у польскіх консульствах на тэрыторыі Беларусі.

То-бок, выехаць за мяжу з Беларусі праз польскія консульствы для моладзі будзе значна танней і прасцей. Цікава, колькі маладых беларусаў скарыстаюцца гэтым, улічваючы наш новы закон пра вайсковую службу і скасаванне адтэрміновак ад яе для атрымання адукацыі?



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: