Крамы ваююць. Ці выйграе пакупнік?

У Беларусі — новая хваля канкурэнтнай барацьбы ў раздробным гандлі паміж буйнымі сеткамі і невялікімі крамамі. У арбітры залучаны МАРГ — Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. У эмацыйнай дыскусіі завочна бярэ ўдзел і Аляксандр Лукашэнка. А што з таго нам, пакупнікам?

Скарга-крыўда

Беларускія бізнес-саюзы напісалі ліст кіраўніку МАРГ Уладзіміру Калтовічу, у якім турбуюцца нацыянальнымі інтарэсамі: «Фактычна, манапольныя пазіцыі ў сферы рознічнага гандлю ў краіне захопліваюць структуры, якія альбо належаць замежным контрагентам, альбо атрымалі велізарнае фінансаванне з-за мяжы на ажыццяўленне сваёй экспансіі. Часцей — і першае, і другое. У агляднай перспектыве менавіта гэтыя сеткі будуць вызначаць, хто з беларускіх вытворцаў стане паўнавартасна пастаўляць на беларускі рынак свой тавар, а хто — не». І робяць выснову: «Пры высокім узроўні залежнасці сферы рознічнага гандлю краіны ад замежных контрагентаў рэзка ўзрастаюць рызыкі страты эканамічнага суверэнітэту нашай дзяржавы».

Каб не быць галаслоўнымі, бізнес-саюзы прыводзяць канкрэтны прыклад фабрыкі «Віцьба», у якой сетка «Еўраопт» працяглы час адмаўлялася браць прадукцыю на рэалізацыю. Рытэйл-адмыслоўцы кажуць, што, сапраўды, гэта нярэдкае наступства складаных перамоваў па кантрактах паміж сеткавымі крамамі і вытворцамі-пастаўшчыкамі. Не дамовіліся — і пакупнікі могуць заўважаць, што нейкі папулярны прадукт раптам знікае з крамаў, у якіх яны звычайна закупляюцца.

Бізнес-саюзы наракаюць, што ў большасці выпадкаў так здараецца менавіта праз дыктат буйных гандлёвых сетак. У малым і сярэднім бізнесе вытворцы не ў стане прадставіць патрабаваныя зніжкі, бонусы, платы за паліцы, бо ў іх не такія маштабныя аб’ёмы прадукцыі. Прагноз дзелавых колаў: адбудзецца звужэнне асартыменту айчынных тавараў у гандлёвай сетцы і пагаршэнне іх якасці.

Апроч таго, манаполія рызыкоўная тым, што ў выпадку крызіснай неплацежаздольнасці буйных сетак можа здарыцца эканамічны калапс па ўсёй краіне. Прасцей кажучы, пустыя паліцы, рост коштаў і гэтак далей. Той самы «Еўрагандаль» са сваімі крамамі «Еўраопт», «Бруснічка» і нядаўна адкрытымі «Хіт! Экспрэс» сапраўды мае запазычанасці перад банкамі, пастаўшчыкамі, будаўнічымі арганізацыямі. З іншага боку, крэдытаванне — звычайная справа пры маштабаванні бізнесу.

У «Еўрагандлі» адрэагавалі на абвінавачванне ў звышпрыбытках і ўціску вытворцаў лічбамі. Рэнтабельнасць па чыстым прыбытку многіх гандлёвых сетак — ад 0,5 да 1%, а ў іх у 2017 годзе было 1,03%, у 2018-м — 0,5%. У вытворчых прадпрыемстваў — ад 6% да 16%. Маўляў, набылі вы літр малака: «Еўраопт» заробіць на гэтым 1 капейку, а вытворца — каля 6. Ну, і натуральны аргумент: калі ласка, ідзіце ў іншыя гандлёвыя сеткі. Сваімі перавагамі «еўраоптаўцы» лічаць добра арганізаваную лагістыку і актыўныя продажы, у тым ліку па-за вялікімі гарадамі.

Што да ліста бізнес-саюзаў, то яго тут палічылі спробай бізнесоўцаў, якія маюць свае крамы і не вытрымліваюць канкурэнцыі, здабыць прэферэнцыі сабе і паставіць перашкоды іншым. А дробнай розніцы параілі развівацца ў спецыялізаваных нішах кшталту пякарняў, кавярняў і мясных лавак, як ва ўсім свеце.


Удачу ў краме больш не купіш?

Як бы тое ні было, антыманапольнае міністэрства адрэагавала стварэннем адмысловай міжведамаснай камісіі і анансавала хуткія змены ў працы гандлёвых сетак. А іначай быць не магло, бо месяц таму па праблеме выказаўся на нарадзе з мінскімі ўладамі і Аляксандр Лукашэнка: «Трэба сур’ёзна звярнуць увагу на сеткавых монстраў, якія квітнеюць і пахнуць. Я ведаю, чаму. У вашага былога мэра занадта блізкія былі адносіны з некаторымі гандлярамі. Я гэта таксама вельмі добра ведаю, гэта адна з прычын, чаму ён сёння ўжо не працуе».

«Ні ў якім разе нельга загу­біць крамы крокавай даступнасці. Гэтыя крамачкі, лавачкі павінны існаваць. Нельга, маючы пад бокам вопыт Заходняй Еўропы, ісці іншым шляхам. Там гэтыя кавяранькі і крамачкі ўсцяж і побач, і людзі з задавальненнем іх наведваюць», — казаў кіраўнік дзяржавы.

Зрэшты, тое самае ён казаў і пяць гадоў таму. Уласна ж гэты віток супрацьстаяння пачаўся летась з прапановы «Еўрагандлю» павялічыць цяперашнюю манапольную столь, па дасягненні якой уводзяцца інфраструктурныя абмежаванні, з 20% да 35%. Або наогул скасаваць гэты ліміт. Прапанова не прайшла, а цяпер МАРГ можа ўстанавіць мяжу, пасля якой гандлёвая сетка будзе лічыцца дамінантай, у 15%. Міністэрскія эксперты апасаюцца, што манаполія можа ўзвінчваць кошты.

Таксама вядзецца дыскусія, якім чынам абмежаваць рэкламу буйных гандлёвых сетак. Напрыклад, дробныя сеткі не могуць ладзіць такія рэкламныя гульні, як цяперашнія разыгранкі «Еўраопту» з машынамі і кватэрамі ў якасці прызоў. Да ўсяго гэта выглядае як латарэйная дзейнасць, бо разыгрываюцца ж не тавары ўласных марак ці агулам з асартыменту. Апрача таго, плануецца, што сукупны памер узнагароджання, які гандлёвыя сеткі змогуць браць з пастаўшчыкоў харчавання, не будзе перавышаць 5% ад аб’ёму пастаўкі.

Што да доляў на рынку, то дакладнай статыстыкі няма. Але па ўскосных дадзеных і некаторых выказваннях чыноўнікаў і бізнесоўцаў можна зрабіць выснову, што цяпер «Еўрагандаль» амаль наблізіўся да 20%. У 8 разоў меней доля на рынку «Кароны», якая ідзе на другім месцы, як казаў неяк міністр Калтовіч. У Топ-10 паводле памеру гандлёвых плошчаў аналітыкі Belretail.by уключылі: «Алмі», «Рублёўскі», «Гіпа», «Суседзі», «MartInn, «БелМаркет», «Веста», «Віталюр». Па колькасці крамаў «дзясятка» выглядае так: «Еўраопт», «Дабраном», «Капеечка», «Бруснічка», «Суседзі», «Санта», «Веста», «Рублёўскі», «Дамашні» і «БелМаркет».


Вырашае гаманец

Праблема развіцця гандлю — безумоўна, значная для нацыянальнай эканомікі. Рытэйл займае другое месца сярод усіх галінаў па ўнёску ў ВУП — амаль 10%. Але што на побытава-спажывецкім узроўні нам, пакупнікам? А пакупнікі кіруюцца перадусім коштамі, асабліва пры нізкіх заробках і пенсіях, а затым — камфортам.

Крыху маркетынгавай сацыялогіі пра пакупніцкія прыхільнасці мінчукоў і мінчанак, прадстаўленыя пры канцы 2018 года кампаніяй Nielsen на адным з бізнес-форумаў. Прымярайце да сябе!

Прадказальна, што 70% сярод пакупнікоў — жанчыны. Прычым больш за ўсё з іх ад 35 да 49 гадоў — 39%. Цікава, што даследчыкі кажуць: 30% мужчын сярод пакупнікоў — гэта шмат, у суседніх з Беларуссю краінах — каля 20%. А самы шопінгалюбны ўзрост мінчукоў — 25–34 гады (41%).

Сярод мэтаў пакупак на першым месцы — папаўненне харчовых запасаў (38%), прыгатаванне страваў (19%), паўся­дзённыя патрэбы (16%). Сярэднія чэкі на гэта — адпаведна 32, 31 і 21 рубель. Для параўнання, на бязмэтавы шопінг ці для задавальнення, а таксама з нагоды прывабнай акцыі прыпадае ўсяго па 1%. Дарэчы, толькі чвэрць мінскіх пакупнікоў вывучаюць рэкламныя ўлёткі — расстройства для маркетолагаў. І дзеля зніжак жыхары сталіцы не здраджваюць звыклай краме з новай.

Сярод мінскіх пакупнікоў шмат тых, хто схільны да незапланаваных пакупак. Перадусім гэта тычыцца садавіны і гародніны, гатовай мясной прадукцыі, шакаладу і печыва.

Эксперты адзначаюць такія сусветныя трэнды, якія неўзабаве запануюць і ў нас: дзеля эканоміі часу і больш свежых прадуктаў ды праз змяншэнне колькасці чальцоў сям’і, людзі будуць усё больш закупляцца праз анлайн-дастаўкі і ў крамах каля дома. Так што крамы малога фармату і крокавай дасяжнасці чакае рэнесанс. І тут «Еўрагандаль» трымае руку на пульсе, арганізуючы e-дастаўку і размяшчаючы свае драбнейшыя крамы ў жылых кварталах. Але тут канкураваць з ім шанец ёсць. Канкурэнцыя ж, у сваю чаргу, спрацуе на гаманец пакупніка.

Натуральна, што ў малых гарадах і сельскай мясцовасці ўзрастае значнасць і таго, якія лічбы на цэнніках, і тое, як далёка крама знаходзіцца. І тут уладальнікі «еўраоптаўскіх» крамаў вельмі шмат гавораць пра клопат пра народ. Яны сапраўды прыходзяць у глыбінку крамамі і аўталаўкамі, арганізуюць бясплатныя аўтобусныя падвозы. Напісаныя некалькі дзясяткаў калектыўных зваротаў насельніцтва аб будаўніцтве ў іх мясцовасці крамаў «Еўраопт». Менавіта імі махаюць перад чыноўнікамі рознага рангу ўладальнікі гэтай сеткі, калі вымагаюць павялічыць манапольную столь.

Але кіраўнік МАРГ пільны: «Калі пад выглядам вырашэння праблем на сяле ёсць жаданне змяніць сітуацыю на рынку, адбудзецца пераразмеркаванне фінансавых патокаў і пакупнікоў, і мы атрымаем слабакіраваную сітуацыю з пункту гледжання манапалізацыі рынку. Тут ёсць рызыкі для вытворцаў. Сетка патрабуе «глыбокія» зніжкі па лідарскіх таварных пазіцыях, гэтыя зніжкі не транслююцца на пакупнікоў, ёсць высокія гандлёвыя надбаўкі, узмацненне дыскрымінацыі пастаўшчыкоў адбываецца ва ўсіх рэгіёнах».

Зрэшты, схема прадастаўлення бізнес-палёгкаў наўзамен сацыяльна-эканамічнай функцыі можа быць часткова ажыццёўленая. Ёсць варыянт, што ў выніку манапольную планку датычна долі на рынку зробяць рознай па краіне — умоўна 15–20% у Мінску і абласных цэнтрах і 25% па раёнах.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!